Без фармалізму і абыякавасці

- 10:00Планёрка ў рэгіёне

“Перад установамі адукацыі раёна стаіць задача стварэння адукацыйнай сістэмы, здольнай гібка рэагаваць на выклікі сённяшняга дня. Таму ўсе мы — кіраўнікі, настаўнікі, бацькі — шукаем новыя падыходы ў рабоце, новыя формы, а часам прыгадваем і добра забытыя старыя, каб дасягаць тых мэт, якія перад намі ставіць час”, — гаворыць госць“Суботняй планёркі” начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска Людміла БАРЫСЕНКА.

— Людміла Міхайлаўна, чым быў адметны мінулы год для сістэмы адукацыі раёна?

— Мінулы год запомніўся адкрыццём школы-новабудоўлі № 225 у ЖК “Магістр” — аднаго з аб’ектаў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. А ўжо з 11 студзеня навучэнцы-юніёры Х юбілейнай змены (і першай у 2022 годзе) сталі вучыцца ў гэтай сучаснай школе.

У свой 10-гадовы юбілей і Мінскае гарадское кадэцкае вучылішча атрымала каштоўны падарунак — новы будынак, у якім створаны ўсе ўмовы для навучання і побыту кадэтаў. А ў найбліжэйшых планах — увядзенне ў строй яшчэ адной да­школьнай установы. Яе асаблівасць заключаецца ў размяшчэнні на першых двух паверхах шматкватэрнага жылога дома. Будаўніцтва ажыццяўляецца за кошт сродкаў забудоўшчыка-інвестара. У гэты кампактны і камфортны дзіцячы сад, упэўнена, выхаванцы будуць хадзіць з задавальненнем.

Кампетэнтнасны падыход, функцыянальная дасведчанасць — сёння гэта звыклыя арыенціры ў адукацыі. Комплексна рэалізоўваць такі падыход у навучанні гімназія № 38 Мінска стала адной з першых. З інавацыйнага праекта вырасла і міжпрадметная алімпіяда UNISTAR для навучэнцаў 8—9 класаў, удзел у якой летась прынялі вучні школ і гімназій не толькі раёна, горада, але і рэспублікі. Гэта асабліва важна з улікам удзелу нашай краіны ў міжнароднай сістэме ацэнкі адукацыйных дасягненняў навучэнцаў (PISA).

— Што сёння дапаможа выхаваць сапраўднага грамадзяніна сваёй краіны?

— Выхаваўчая работа застаецца прыя­рытэтам у адукацыі. Тут няма месца фармалізму і абыякавасці. Ваенна-патрыятычнае выхаванне для любога маладога чалавека — гэта перш за ўсё любоў да ра­дзімы і выразная грамадзянская пазіцыя. Сёння ўсе нашы ўстановы маюць у штаце кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні, які, па сутнасці, з’яўляецца каардынатарам гэтай работы.

Сістэмны падыход у ваенна-патрыятычным выхаванні не магу не адзначыць у сярэдняй школе № 93 Мінска. З адкрыцця школы тут на ІІІ ступені дзейнічаюць профільныя ваенна-патрыятычныя класы. З гэтага навучальнага года такі клас адкрыўся і для пяцікласнікаў. Вядома, гаворка ідзе аб факультатыўных занятках і занятках у аб’яднаннях па інтарэсах. Той дух грамадзянскай актыўнасці, згуртаванасці, які ёсць у вучняў,  — гэта вынік работы кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні В.Г.Міцкевіча.

Асаблівая атмасфера павагі да памяці аб Вялікай Айчыннай вайне пануе ў сярэдняй школе № 137 імя П.М.Машэрава. Вучні захоплены даследчай дзейнасцю, міжнародным супрацоўніцтвам, праводзяць акцыі памяці. Яны —адны з лепшых на Пасту № 1 каля Вечнага агню на плошчы Перамогі.

Добрая дапамога ў выхаваўчай рабоце, асабліва ў Год гістарычнай памяці, — школьныя музеі. Іх у раёне 18, прычым ваенна-гістарычных — 6, краязнаўчых — 4. Два музеі маюць званне “народны”. У лідарах сёння музеі сярэдніх школ №№ 70, 73, 115, 137, 196, 202, гімназій № № 9, 11, 18.

Для раёна стаў значным праект “Беларусь: прарыў у будучыню”, ініцыятарам якога выступіў Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “АРТ”. Яго героі — лідары меркаванняў, станоўчыя вобразы для моладзі ў розных сферах дзейнасці. Яркія праекты, прывабныя для маладога пакалення мерапрыемствы рэалізуюць сярэднія школы №№ 94 і 121. Напрыклад, праведзены раённы ваенна-патрыя­тычны фестываль “У адзінстве сіла”, І Мінскі форум “Новы погляд”, прысвечаны развіццю маладзёжнага і валанцёрскага руху ў эпоху сацыяльных сетак, і інш.

— Як у школах раёна праходзіць шосты школьны дзень?

— У кожнай установе адукацыі ўжо склалася свая сістэма работы, у тым ліку і накіраваная на далучэнне бацькоў да школьнага жыцця. Сталі звыклымі і міжшкольныя мерапрыемствы. У якасці прыкладу арганізацыі шостага школьнага дня прывяду праект “СуПер.by” (субота ў Першамайскім раёне). Сутнасць праекта — у стварэнні і дзейнасці клуба “DвижОК”. Раённы клуб дае падлеткам магчымасць выбраць некалькі напрамкаў дзейнасці: асобаснае развіццё, грамадзянская актыў­насць, ваенна-патрыятычны, інфармацыйна-медыйны напрамкі. У межах клубнай дзейнасці прапануюцца трэндавыя формы арганізацыі вольнага часу: форм-тэатр, розныя конкурсы, флэшмобы, школа блогераў, анлайн-бацькоўскі ўніверсітэт і інш.

— Што вас сёння асабліва хвалюе як кіраўніка?

— Апошнім часам асаблівую актуаль­насць набыла праблема ўключэння падлеткаў у незаконны абарот наркатычных сродкаў. Тут рэсурсы педагагічных калектываў павінны быць мабілізаваны на прафілактыку.

Эфектыўная кадравая палітыка, аснашчэнне ўстаноў адукацыі ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі — гэтыя пытанні па-ранейшаму ў цэнтры ўвагі, як і ў цэлым стварэнне якаснага і бяспечнага адукацыйнага асяроддзя. У 32 установах адукацыі ўсталяваны сістэмы кантролю аддаленага доступу — 64 турнікеты. Заключаны дагаворы з Першамайскім аддзелам Дэпартамента аховы МУС на аказанне ахоўных паслуг у дзённы час. Задача гэтага года — комплексна вырашыць пытанне забеспячэння тэхнічнымі сродкамі кантролю доступу ўстаноў дашкольнай адукацыі.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.