Без іх не будзе ні “Лебядзінага возера”, ні “Шчаўкунчыка”

- 12:42Выбар прафесіі
Ва ўсіх школах і каледжах канікулы ўжо скончыліся, навучэнцы зноў селі за парты спасцігаць таямніцы гэтага свету. Толькі не тут. У гэты час тут не сустрэнеш дзяўчынак і дзяўчат, хлопчыкаў і юнакоў, якія хуценька, аднак з постаццю, якая адрознівае іх ад іншых, ідуць па калідоры Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа. Не так даўно ў іх пачаліся канікулы.
Аб тым, што тут вучаць будучых артыстаў балета, калі вучні на канікулах, нагадвае хіба толькі выява балерыны на ўваходзе і серыя карцін “Танцуючыя людзі” ў самой гімназіі-каледжы. У свой час іх намалявала натхнёная гэтай навучальнай установай Інгрыд Шаар, мастачка, замалёўкі якой вісяць у розных тэатрах свету. І хіба яшчэ расклад заняткаў, з якога даведаешся, што вучаць тут класічнаму, дуэтнаму, беларускаму танцу.
Гімназія і каледж — два ў адным

Беларуская дзяржаўная харэаграфічная гімназія-каледж — адзіная навучальная ўстанова ў краіне, якая рыхтуе артыстаў балета. Адразу трэба сказаць пра спецыфічнасць харэаграфічнай адукацыі, якая заключаецца ў тым, што абітурыентамі становяцца не столькі дзеці, колькі іх бацькі, якія прымаюць канчатковае рашэнне: ці пойдзе па такім шляху іх здольнае дзіця. І рашэнне прымаецца не пасля 9 ці 11 класа (для гэтай сферы гэта позна), а пасля 4, зрэдку — 5 класа.
Патлумачыць трэба і двайную назву. Гімназія дае базавую харэаграфічную адукацыю для дзяцей з 5 па 9 клас — гэта так званая II ступень агульнай сярэдняй адукацыі. Пасля выпускнікі могуць паступаць у каледж, які дае сярэднюю спецыяльную адукацыю, дзе вучацца з I па III курс. У харэаграфічнай навучальнай установе звярнулі ўвагу, што спрабаваць паступаць у каледж могуць не толькі выпускнікі іх гімназіі. Аднак, як паказала не адна ўступная кампанія, пасля звычайных харэаграфічных гурткоў абітурыентам не хапае майстэрства.
Яно і нядзіўна. Так, толькі класічным танцам у гімназіі-каледжы займаюцца 6 разоў на тыдзень па паўтары гадзіны.
Несумненна, вучыцца няпроста. Калі сказаць метафарычна, то адукацыя тут трохмерная. З аднаго боку, абавязкова вывучаюцца агульнаадукацыйныя прадметы. І патуранняў кшталту “патрэбен час на гімнастыку, на акцёрскае майстэрства” ці на іншыя прадметы, якія са здольнага чалавека робяць таленавітага артыста, няма.
Складана, аднак у гэтым ёсць вялікі плюс. Калі раптам вучань зразумее, што не хоча звязваць сваё жыццё з прафесійным балетам, змяніць свой выбар будзе не так цяжка. Можна перайсці ў іншую школу, бо ніякіх недахопаў у ведах няма.
Выкладаюць і прафесійныя дысцыпліны: класічны, народна-сцэнічны, характарны танец, акцёрскае май-стэрства, гімнастыка… Вучаць ігры на фартэпіяна. Таму ўжо з 8.30 раніцы, калі пачынаюцца заняткі, у гімназіі-каледжы чуюцца гукі музыкі.
Выпускнікоў харэаграфічнай гімназіі-каледжа чакаюць у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета, Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, заслужаным калектыве “Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі”, Беларускім дзяржаўным харэаграфічным ансамблі “Харошкі”, харэаграфічных трупах Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.І.Цітовіча.
Гімназія-каледж даражыць сваімі творчымі кантактамі з гэтымі калектывамі. Навучэнцы каледжа пасля II, III курса могуць праходзіць стажыроўку ў Вялікім тэатры оперы і балета, у Дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры. Аднак перад гэтым мастацкія кіраўнікі прыходзяць у каледж і праводзяць агляд, падчас якога выбіраюць сабе стажораў. Хутчэй за ўсё выбраныя навучэнцы і папоўняць у будучыні гэтыя харэаграфічныя трупы.

Мамы і таты, у вашага дзіцяці ёсць здольнасці!

У гімназію-каледж залічваюцца хлопчыкі і дзяўчынкі 10-11 гадоў, якія скончылі 4 класы агульнаадукацыйнай школы і прайшлі адбор. Але як даведацца, што ваша дзіця наогул варта прыводзіць на гэты адбор?
Па магчымасці прадстаўнікі гімназіі-каледжа ездзяць па рэспубліцы і праводзяць агляд дзетак, пасля чаго і даюць рэкамендацыі. Рэкамендацыя, канечне, не дае гарантый, што дзіця будзе залічана, але надае ўпэўненасці, што такая магчымасць ёсць.
Калі ж вы не трапілі на агляд, а аддаць дзіця ў гімназію-каледж хочаце, бо, на вашу думку, у яго ёсць здольнасці, спакойна можна спрабаваць. Тым больш, што пры паступленні ў гімназію пасля 4 класа прыёмная камісія ацэньвае прыродныя якасці, а не напрацаванае майстэрства. Менавіта тут вашы здагадкі наконт дзіцяці пацвердзяцца ці, наадварот, будуць развеяны.
Звернемся непасрэдна да адбору, які складаецца з 3 этапаў. На першым этапе ацэньваюць фізічныя і прафесійныя даныя дзяцей. А гэта прапарцыянальнасць фігуры, крок, скачок, гнуткасць, вываратнасць, каардынацыя. Адразу звяртае на сябе ўвагу гнуткасць. Мы прызвычаіліся, што гнуткасць маленькім дзецям развіваюць на гімнастыцы. Аднак нельга баяцца прыходзіць на адбор, калі ваша дзіця не хадзіла на такія заняткі. Як ужо адзначалася, камісія выбірае дзяцей згодна з іх прыроднымі данымі, якія і будуць развіваць у гімназіі-каледжы. Да таго ж дзяцей, якія займаліся гімнастыкай, часам прыходзіцца крыху перавучваць. Ёсць свае нюансы.
На другім этапе ацэньваюцца музычныя і танцавальныя якасці дзяцей. Загадзя яны рыхтуюць фрагмент танца, які і выконваюць перад камісіяй. Таксама іх могуць папрасіць прастукаць нейкі рытм.
І, нарэшце, трэці этап — медыцынскі агляд. Правяраюць, напрыклад, каб не было скаліёзу. Безумоўна, дзіця з пачатковай стадыяй скаліёзу адбор можа прайсці. Аднак толькі час пакажа, ці будзе яно вытрымліваць нагрузкі. За гэтым абавязкова сочаць настаўнікі і выкладчыкі.
Як расказалі ў гімназіі-каледжы, у 5 клас стараюцца набраць больш дзяцей, каб пасля было з каго выбіраць. Часам бывае так, што чалавек здольны, аднак лянуецца, у яго няма жадання займацца. А бываюць і даволі “сярэднія” хлопчыкі і дзяўчынкі, якія сваёй упартасцю і працавітасцю дабіваюцца выдатных вынікаў.
Кожны год у гімназію-каледж залічваецца 35 — 40 чалавек. І толькі палова з іх дойдзе да фінішу і атрымае дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дзе будзе напісана “Артыст. Кіраўнік творчага калектыву. Настаўнік”. Хтосьці зменіць гімназію-каледж на агульнаадукацыйную школу, вырашыўшы, што яго шлях іншы.
Творчае жыццё ў навучальнай установе напружанае і публічнае. Не так даўно сіламі гімназіі-каледжа быў пастаўлены спектакль “Шчаўкунчык”, які 5 разоў праходзіў на сцэне Вялікага тэатра оперы і балета. Задзейнічана ў ім амаль 70 навучэнцаў.
Выступленне на сцэне Вялікага тэатра оперы і балета — значная падзея ў жыцці кожнага артыста, няхай нават і маленькага.

Святлана ШЫЯН.
Фота з архіва Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа.