Без межаў паміж людзьмі і краінамі

- 10:19Адукацыйная прастора

Самастойнасць, адказнасць, ініцыятыўнасць, камунікатыўнасць, уменне працаваць у камандзе — выхаваць гэтыя якасці ў падлеткаў ставіць мэтай клуб ЮНЕСКА “Факел” сярэдняй школы № 3 Чэрвеня. Яго куратар педагог-арганізатар Таццяна Гамеза робіць усё, каб удзельнікі клуба адчулі смак лідарства, навучыліся прапаноўваць свае ідэі і разам з камандай аднадумцаў смела іх рэалізоўвалі.

Мы — каманда

“Каштоўнасць клубаў ЮНЕСКА ў тым, што дзеці, з’яўляючыся непасрэднымі арганізатарамі і

ўдзельнікамі, маюць магчымасць мець зносіны адно з адным, дзяліцца вопытам, выказваць свае меркаванні і не баяцца быць непачутымі, — гаворыць пра карысць клуба яго куратар Таццяна Альбертаўна Гамеза. — У клубе падлеткі вучацца працаваць над той ці іншай тэмай па гісторыі, культуры, этнаграфіі, экалогіі. Яны арганізоўваюць акцыі, рэйды, сустрэчы, паходы, экскурсіі па месцах баявой і працоўнай славы роднай Чэрвеньшчыны і краіны. І для гэтага, што не менш важна, вучацца аб’ядноўвацца, працаваць у камандзе”.

У клуба “Факел” шмат рэалізаваных праектаў: “Падарожжа па Ігуменскай зямлі” (па вывучэнні гістарычнага і культурнага мінулага і сучаснасці Чэрвеньскага раёна), праект па ўдасканаленні вучнёўскага самакіравання “Рэспубліка МІК” (Маладыя. Ініцыятыўныя. Крэатыўныя), “Восеньская сустрэча сяброў”, “Калядная сустрэча сяброў”, “Вясновая сустрэча сяброў”, “Разам мы мяняем свет да лепшага”, “Магчымасці для ўсіх”, Міжнародны маладзёжны форум “Свет без межаў” і інш.

Магія ад спартзалы і да кухні

Члены клуба ўдзельніча­юць не толькі ў традыцыйных мерапрыемствах, але і з’яўляюцца ініцыятарамі і арганізатарамі мерапрыемстваў, якія яны самастойна плануюць і ўвасабляюць у жыццё. Асаблівай увагі заслугоўвае праект “Мы — розныя, мы — роўныя”, які развіваецца некалькі апошніх гадоў.

Ідэя яго стварэння ўзнікла не адразу. Усё пачалося з праграмы “Лячэбная магія”, з якой падлеткі пазнаёміліся на вучэбных семінарах, арганізаваных прадстаўнікамі Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА. Падлеткі навучыліся фокусам з розным інвентаром (вяроўкамі, алоўкамі, паперай, гумкамі, сурвэткамі, манетамі і інш.) і нават з пустымі рукамі. Пасля члены клуба фокусам вучылі дзяцей і маладых людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з Чэрвеньскага дома-інтэрната, а таксама з ЦКРНіР Чэрвеня.

Жаданне рухацца наперад, удасканальвацца прывяло да ідэі стварэння новага праекта “Мы розныя, мы — роўныя”. Да праграмы “Лячэбная магія” дадаліся яшчэ і мерапрыемствы па іншых кірунках: “фізкультурна-спартыўная дзей­насць”, “харэаграфія” (кірунак брэйк-данс), “хатняя гаспадарка” (гатаванне страў з сумесна створанай кулінарнай кнігі), “акцёрскае майстэрства”, “дэкаратыўная творчасць” і “сумесны вольны час”. Мерапрыемствы, у залежнасці ад накіраванасці, арганізоўваюцца і праводзяцца як на базе школы, так — на базе дома-інтэрната. Напрыклад, спартыўныя спаборніцтвы, футбольныя і валейбольныя матчы — на базе школы, а кулінарная школа – на базе спецыяльна абсталяванай кухні ў школе-інтэрнаце.

“Трэба жыць у свеце, дзе індывідуальныя і калектыўныя чалавечыя рэсурсы не прызначаны для кагосьці аднаго, а падзелены паміж усімі, — разважае Таццяна Альбертаўна. — Маладое пакаленне чакае, калі нады­дзе час роўных магчымасцей і роўных выгод для ўсіх. Улічваючы гэта, нельга недаацэньваць тую ролю, якую можа адыг­раць любы чалавек у змене свету да лепшага. Дабрыня, спагадлі­васць, душэўнасць… Гэтыя якасці ў чалавеку не ўзнікаюць самі сабой. Іх неабходна фарміра­ваць і развіваць”.

Па меркаванні ўдзельнікаў клуба “Факел”, такія адносіны на роўных пашыраюць круг зносін і магчы­масць сумесна праводзіць вольны час, разнявольваюць. Абодва бакі атрымліваюць рэальную карысць ад гэтага: развіццё маторыкі рук, разняволенне, магчымасць сумесна праводзіць вольны час. І, як яны адзначаюць, калі напачатку падаецца, што ­ўдзельнікі праекта з розных сусветаў, то калі яны завязваюць дружбу, мяжа паміж гэтымі сусветамі сціраецца.

“Мы становімся роўнымі, нягледзячы ні на што, — гаворыць 11-класніца Паліна Доўнар. — Многія з нас думалі, што гэта складана — знахо­дзіць агульную мову з асаблівымі людзьмі. Насамрэч нічога складанага няма. Праўда, не заўсёды з першага разу гэта атрымліваецца. Мне, прызнаюся, спатрэбілася некалькі сустрэч, пакуль я пачала іх разумець, навучылася кантактаваць. А цяпер я з лёгкасцю магу іх вучыць. Раней і не думала, што асвою фокусы, а цяпер не толькі сама ўмею, але і іншых вучу”.

“У найбліжэйшай будучыні мы хочам развіць у гэтым праекце яшчэ адзін кірунак — “Гульні з бабулінага куфра”. Дзеці хочуць па­чаць даследаванне па вывучэнні забытых народных гульняў сярод мясцовых старажылаў і іх аднаўленні. І па­чаць мы хочам якраз з нашымі сябрамі з Чэрвеньскага дома-інтэрната. Акцэнт плануем зрабіць у першую чаргу на вулічных актыўных гульнях”, — дзеліцца планамі куратар клуба.

Вуліцы нашага горада

Юных аматараў гісторыі аб’яднаў праект “Вуліцы Чэрвеня, назвы якіх мы ўжо не пачуем”. Праект завяршыўся, а адным з яго ініцыятараў быў Леанід Шасцель, студэнт 2-га курса БДПУ імя Максіма Танка (будучы настаўнік фізікі і інфарматыкі):

“Мы ведалі, што гісторыя нашага горада вельмі багатая, але малавядомая. Таму хацелі яе самі лепш вывучыць і больш расказаць пра гэта гараджанам. Напрыклад, у Чэрвені нарадзілася і жыла мама Максіма Багдановіча. Цяпер пра гэта можна даведацца каля будынка гарадской стаматалогіі — там ёсць шыльда з інфармацыяй.

Але мы засяродзіліся на вывучэнні назваў вуліц. У любым горадзе ёсць праспекты, вуліцы, завулкі і плошчы. Іх назвы часам налічваюць стагоддзі, а часам узнікаюць на нашых вачах. Пахо­джанне многіх гарадскіх тапонімаў, або, кажучы па-навуковаму, урбанонімаў, выклікае пытанне, якое часам становіцца крыніцай гарадскіх легенд і міфаў. Наш горад Чэрвень не з’яўляецца выключэннем, у ім таксама ёсць свае тапанімічныя міфы. Адбываецца гэта таму, што шмат інфармацыі, на жаль, не захавалася да нашых дзён. У сваім праекце я паспрабаваў даследаваць некаторыя з міфаў. Для гэтага падарожнічаў па родным горадзе, вывучаў планіроўку вуліц, якая захавалася да нашых дзён, чаго нельга сказаць пра назвы тых жа вуліц.

Па назвах вуліц гісторыкі могуць даведвацца пра імёны забытых герояў, пра месцазнаходжанне гісторыка-культурных каштоўнасцей, а часам і пра выгляд вуліц у той ці іншы перыяд, іх прызначэнне. Урбаніс­тычныя працэсы на карце Чэрвеня ніколі не былі выпадковымі і заўсёды супадалі з палітычнымі зменамі ў жыцці краіны. Напісанае на паперы можна спаліць, выбітае на камені можна знішчыць, памяць народа не знікне, пакуль будзе народ. І таму выкарыстоўваць старыя назвы толькі ў краязнаўчым асяроддзі было б няправільна.

Вынікам праекта сталі шыльды з двайнымі назвамі — старымі і новымі. Яны ў нас ёсць на кожнай установе адукацыі горада, уключаючы дзіцячыя садкі (усяго каля 12). Мы самі распрацоўвалі і ўзгаднялі з уладамі дызайн сваіх шыльдаў”.

Акрамя таго, пры падтрымцы кіраўніцтва і педагогаў школы хлопцы і дзяўчаты распрацавалі буклеты-даведнікі пра назвы вуліц, стварылі слоўнікі з назвамі вуліц горада, распрацавалі раздзел “Вуліцы майго горада” факультатыўных заняткаў “Ігуменазнаўства”, а для таго каб вывучаць гэта было цікавей — яшчэ і квест-гульню “Па вуліцах роднага горада”.

Дружба без меж

Члены клуба ЮНЕСКА “Факел” на працягу года вялі віртуальную перапіску з равеснікамі з агульнаадукацыйнай школы № 2 расійскага Бранска, расказвалі адно аднаму пра свае ідэі і рэалізаваныя праекты. Паступова віртуальнае супрацоўніцтва перарасло ў сяброўства. Жаданне рухацца наперад, удасканальвацца прывяло да ідэі стварэння праекта “Космас у гісторыі нашых гарадоў”. Гэта пілотны праект па развіцці міжкультурнага супрацоўніц­тва і інтэрнацыянальнай дружбы. У межах праекта ладзіўся вясенні крос у Чэрвені і Бранску (у анлайн-рэжыме), прысвечаны вядомаму касманаўту, ураджэнцу Чэрвеня Алегу Навіцкаму, а таксама прайшла віртуальная экскурсія па музеях касманаўтыкі Чэрвеня і Бранска. На працягу года Расія і Беларусь абменьваліся вопытам па арганізацыі дзейнасці дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў (работа школы “Лідар”, круглыя сталы, правядзенне пасяджэнняў у рэжыме анлайн).

“Прыемна, што клубы ЮНЕСКА ёсць ва ўсім свеце і з некаторымі мы наладжваем сувязі. Пакуль самыя цесныя адносіны ў беларускіх клубаў ЮНЕСКА з расійскімі. Мы ездзім адно да аднаго ў госці, знаёмімся, рэалізуем сумесныя ініцыятывы. Цяпер хочам нала­дзіць сувязі са сваімі равеснікамі з Кітая. Наша настаўніца Вольга Андрэеўна Лобан вывучае кітайскую мову, і мы хочам з яе дапамогай распрацаваць праект па вывучэнні культуры Кітая, каб параўнаць яе з культурай Беларусі, прыняць удзел у іх культурных мерапрыемствах, а таксама запрасіць далучыцца да нашых”, — гаворыць Паліна Доўнар.

Але гаварыць пра культуру іншай краіны, дасканала не ведаючы сваёй, няправільна. Таму ­ўдзельнікі клуба будуць выву­чаць адначасова і беларускую культуру, і кітайскую. У прыватнасці, спачатку плануюць азнаёміцца з культурай свайго краю, мясцовымі традыцыямі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота ўдзельнікаў клуба ЮНЕСКА “Факел”.