Праграмныя комплексы забеспячэння электрамагнітнай сумяшчальнасці радыёэлектроннай апаратуры, якія ствараюць вучоныя БДУІР, не маюць аналагаў у свеце. Яны высока ацэньваюцца спецыялістамі на міжнародных навуковых форумах і выставах і маюць камерцыйны поспех — згаданыя комплексы пастаўляюцца ў ЗША, Германію, Кітай, Расію, Паўднёвую Карэю і іншыя краіны.
Старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі электрамагнітнай сумяшчальнасці груповак радыёэлектронных сродкаў БДУІР Яўген Сінькевіч пагадзіўся расказаць нам пра ўнікальнасць распрацовак. Аднак адразу папярэдзіў: лабараторыя ў пэўным сэнсе сакрэтная, і ўваход туды пабочных людзей строга рэгламентаваны. Таму гутарым мы не на вытворчасці, а ў навукова-даследчай частцы ўніверсітэта.
Выпускнік БДУІР 2000 года Яўген Сінькевіч расказвае, што яго шлях у навуку быў даволі доўгі. Навучанне ў аспірантуры скончылася няўдала: тая тэматыка, над якой ён працаваў тры гады, аказалася неактуальнай. Навуку давялося пакінуць, і Яўген пайшоў выкладаць. У БДУІР выкладаў радыётэхнічныя ланцугі і сігналы — гэта базавы курс для будучых радыёінжынераў, у РІВШ БДУ — сістэмы прыкладной матэматыкі, на факультэце філасофіі і сацыяльных навук БДУ — прыкладную статыстыку, нават у Рэспубліканскім цэнтры інтэрнэт-адукацыі (быў у нас такі на пачатку 2000-х) — прынцыпы работы ў сусветнай павуціне…
“Так некалькі гадоў я спрабаваў знайсці сябе, але ў адзін цудоўны момант зразумеў: пара вяртацца, — узгадвае Яўген Васільевіч. — Калі з’явілася магчымасць уладкавацца ў лабараторыю, я ўжо не вагаўся. Сёлета, дарэчы, будзе 10 гадоў, як я працую тут”.
Гэтая тэма — электрамагнітная сумяшчальнасць — на той час была для Яўгена новай, але ў яго была добрая базавая падрыхтоўка. У студэнцкія гады атрымліваў прэзідэнцкую стыпендыю, меў дыплом з адзнакай і сярэдні бал 5,0, таму праблем з асваеннем новай тэмы не было. Проста спатрэбіўся пэўны час, каб разабрацца і рухацца далей. “Тут я атрымаў тое, чаго мне вельмі не хапала на выкладчыцкай рабоце, — пастаянна новыя задачы і магчымасць развівацца”, — гаворыць Яўген.
Ён яшчэ не паспеў абараніць дысертацыю. Гэта ў аспірантуры абарона была на першым месцы, а тут важней за ўсё работа. Аднак кіраўнік лабараторыі Уладзімір Іванавіч Мардачоў прыспешвае, і Яўген спакваля назапашвае неабходны матэрыял. Тут яго, напэўна, не на адну дысертацыю!
Вучоны расказаў, што ў лабараторыі вядуцца распрацоўкі двух відаў. Першы — гэта вырашэнне практычных задач па забеспячэнні электрамагнітнай сумяшчальнасці абсталявання.
“Праблема ў тым, што калі ў адным месцы размешчана многа рознага абсталявання, то яно можа ствараць адно аднаму ненаўмысныя перашкоды, — тлумачыць Яўген Васільевіч. — Знаёмая карціна: вы гледзіце тэлевізар, а ваш сусед за сцяной размаўляе па тэлефоне — і на экране з’яўляюцца палосы. Для таго каб гэтыя перашкоды знайсці і ўстараніць, трэба правесці экспертызу на электрамагнітную сумяшчальнасць”.
Лабараторыя даўно працуе ў гэтым напрамку, і з улікам напрацаванага вопыту Савет Міністраў прызначыў БДУІР галаўной арганізацыяй па вырашэнні праблемы электрамагнітнай сумяшчальнасці ў нашай краіне. “Гэта значыць, што калі на адным радыётэхнічным аб’екце (напрыклад, радыётэхнічнай мачце) устаноўлена абсталяванне розных міністэрстваў і ведамстваў, то мы павінны распрацаваць умовы для бесперашкоднай работы кожнага, — гаворыць Яўген Сінькевіч. — Па-першае, правесці экспертызу і вызначыць магчымыя перашкоды, па-другое, калі такія перашкоды будуць выяўлены, прапанаваць шляхі іх устаранення”.
Другі напрамак работы лабараторыі — гэта экспартныя кантракты, дзе ёсць некалькі цікавых тэм. Першая распрацоўка — спецыялізаваны праграмны комплекс па электрамагнітнай сумяшчальнасці EMC-Analyzer.
“Напрыклад, кампанія, якая распрацоўвае самалёты, набывае ў розных вытворцаў авіоніку (авіяцыйную электроніку), перадатчыкі, прыёмнікі, устройствы гучнай сувязі, лакатары, вышынямеры і яшчэ шмат чаго. Да таго ж у самалёце мноства правадоў, розных электрычных прывадаў і г.д. І ўсё гэта павінна бездакорна працаваць,— тлумачыць Яўген Васільевіч. — Наша праграма якраз і прызначана для мадэлявання такіх аб’ектаў — не толькі бартавых, як аўтамабіль ці самалёт, але і наземных груповак, такіх як мачты, дахі будынкаў або комплексы будынкаў, напрыклад, аэрапорты”.
Распрацоўка вучоных унікальная і не мае прамых аналагаў у свеце. Яўген Васільевіч гаворыць, што падобныя праграмы ствараюцца ў ЗША, але там яны адносяцца да ліку ваенных, набыць іх практычна немагчыма. Нездарма праграмныя комплексы, створаныя ў лабараторыі БДУІР, карыстаюцца такім вялікім попытам.
“Мы вядзём паспяховы бізнес больш чым з дзясяткам краін свету, — расказвае Яўген Сінькевіч. — Напрыклад, у Кітаі працуюць два дылеры па продажы нашых праграмных комплексаў. І яны ставяць нас у адзін шэраг з вядучымі сусветнымі вытворцамі”.
Наступная распрацоўка — сістэма двухчастотнага зандзіравання радыёпрыёмнікаў і радыёкампанентаў — прызначана для таго, каб вымяраць характарыстыкі, неабходныя для разліку электрамагнітнай сумяшчальнасці. “Праблема ў тым, што такія характарыстыкі, як правіла, не ўказваюцца ў спецыфікацыі на абсталяванне, — гаворыць Яўген. — Гэта таксама ўнікальная тэхналогія, якая была распрацавана ў БДУІР многа гадоў назад і першапачаткова працавала на старых генератарах. У 2011 годзе на сродкі аднаго з кітайскіх заказчыкаў мы зрабілі версію гэтай вымяральнай сістэмы ўжо на базе самага сучаснага абсталявання”.
І яшчэ адна распрацоўка, пра якую хочацца сёння расказаць, — віртуальны палігон, якім асабліва цікавяцца ваенныя розных краін. Ён дазваляе дарагія палігонныя выпрабаванні мадэляваць на камп’ютары.
“Уяўляеце, што такое палігон? — расказвае Яўген Васільевіч. — Гэта танкі, БМП, “Грады”, сістэмы супрацьпаветранай абароны і шмат іншай тэхнікі. У кожнага камандзіра ёсць сувязь: у малодшых — на ўльтракароткіх хвалях, у старэйшых — кароткахвалевая і спадарожнікавая. І калі, крый божа, нейкая вайсковая аперацыя, то трэба, каб усё працавала зладжана, як гадзіннік, без ніякіх перашкод ад сваіх жа радыёэлектронных сродкаў. На нашым віртуальным палігоне ўсё гэта можна разлічыць”.
Для стварэння згаданых праграмных комплексаў патрэбна работа спецыялістаў рознага профілю, таму ў лабараторыі працуюць і праграмісты, і тэсціроўшчыкі, і інжынеры, якія могуць зрабіць прыклады сістэм, што трэба мадэляваць. Вучоныя высокай кваліфікацыі распрацоўваюць матэматычныя мадэлі для разліку электрамагнітнай сумяшчальнасці і перашкод.
У мінулым годзе вучоныя лабараторыі ўпершыню правялі ўласную секцыю на міжнародным сімпозіуме па электрамагнітнай сумяшчальнасці — гэта буйны еўрапейскі навуковы форум топавага ўзроўню. Такіх у свеце ладзіцца ўсяго тры: у ЗША, у Азіі і ў Еўропе. Заявіць пра сябе ў такім маштабе — гэта вельмі дастойна. Сёлета чарговы сімпозіум пройдзе ў Дрэздэне (штогод ён праводзіцца ў розных краінах Еўропы), і вучоныя з лабараторыі БДУІР зноў рыхтуюцца да правядзення ўласнай секцыі. Ім ёсць пра што расказаць сваім знакамітым калегам. І вельмі важна, што там заўсёды можна знайсці новых партнёраў.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.