Без тэрміну даўнасці

- 12:49Падзеі, Сацыяльны ракурс

Вучні Рагозніцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы вырашылі запісаць успаміны сваіх землякоў — сведкаў вайны.

З кожным годам становіцца ўсё менш удзельнікаў тых страшных ваенных падзей. Маладое пакаленне пачынае забываць, хто выратаваў нашу краіну  ад фашысцкай Германіі. Асаблівую актуальнасць гэтая тэма набыла ў апошні час, калі заходнія палітыкі стараюцца перапісаць гісторыю, забыць  зверствы гітлераўцаў на акупіраванай тэрыторыі. Нездарма 2022 год аб’яўлены Годам гістарычнай памяці. Неабходна, каб памяталі не толькі мы, але і будучыя пакаленні, каб даражылі тым, што мы сёння маем і, самае галоўнае, не дапусцілі новай вайны.

Са звестак раённага савета ветэранаў стала вядома, што ў Германію з акупіраванай тэрыторыі было вывезена 787 чалавек, з іх 30 дзяцей. У 2020 годзе на тэрыторыі Мастоўскага раёна пражывала 36 былых вязняў. 

Усе ведаюць, колькі бед прынесла вайна беларускаму народу: кожны трэці не вярнуўся з фронту або з палону, а колькі знявечаных і пакалечаных, колькі асірацелых. Да гэтых трагічных вынікаў трэба дабавіць лёсы мільёнаў савецкіх мірных жыхароў, у тым ліку і дзяцей, прымусова вывезеных у Германію з акупіраванай тэрыторыі. У іх была свая вайна. Яны не пайшлі на фронт, не трымалі ў руках зброі, не сталі партызанамі, не кідаліся пад кулі, аднак смерць была побач. Гэта ў іх вайна ўкрала дзяцінства, уварвалася ў маладосць, адарвала ад  Радзімы і блізкіх людзей, зрабіла рабамі. Пра гэтых людзей не так шмат інфармацыі ў падручніках,  але, на шчасце, ёсць галоўная крыніца — самі людзі. 

Са звестак раённага савета ветэранаў стала вядома, што за час вайны было вывезена  787 чалавек, з іх 30 дзяцей. Даведацца пра імёны нашых землякоў і іх  лёсы  дапамог альбом пад назвай “Хранители памяти, знаний, традиций”, выдадзены да 75-годдзя Вялікай Перамогі пад эгідай Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. На момант стварэння альбома, а гэта быў 2020 год, на тэрыторыі Мастоўскага раёна пражывала 36 былых вязняў. На сённяшні дзень у жывых засталося  27 чалавек.

Нашай зямлячцы Таццяне Васільеўне Стасевіч споўнілася толькі 2 гады, калі разам з бацькамі  яе адправілі  ў Германію. Вярнулася сям’я на  Радзіму, як і ўсе, у 1945 годзе. Зараз Таццяна Васільеўна жыве ў вёсцы Малая Рагозніца Мастоўскага раёна, а пра падзеі тых часоў ведае толькі з успамінаў бацькоў.  

А вось найстарэйшая жыхарка нашай вёскі Марыя Пятроўна Лудзіч на сабе адчула ўсе жахі фашысцкай няволі. У ліпені 2020 года яна адзначыла свой  стагадовы юбілей. Ціхае, размеранае жыццё 20-гадовай  вясковай дзяўчыны скончылася ў адно імгненне, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Яна памятае, колькі страху было ў людзей, калі  па вуліцы  роднай вёскі загрукаталі нямецкія танкі. А самае жудаснае было наперадзе: цёплым чэрвеньскім днём 1943 года нямецкі стараста  прынёс у сям’ю страшную вестку: адна з дачок, Марыя, павінна з’явіцца на зборны пункт для адпраўкі ў Германію. 

“Колькі дзён ехалі, не памятаю, — гаворыць Марыя Пятроўна, — здавалася, дарога не скончыцца ніколі. Так  я апынулася ў горадзе Сэнсбургу ва Усходняй Прусіі”. Яна жыла і працавала на хутары, рабіла ўсё, што загадаюць, спала ў невялікай прыбудоўцы, ела — што давядзецца. Так праходзілі тыдні, месяцы, гады. Вызваленне прыйшло вясновай раніцай, калі на хутар уварваліся  трое савецкіх салдат, і першае, што яна пачула на рускай мове: “Войне — конец! Вы — свободны!”

Далей была доўгая дарога дадому. Няветліва сустрэла Марыю Пятроўну родная вёска: вярнулася дзяўчына на папялішча. Давялося жыць па суседзях, працаваць за кусок хлеба, есці  суп з крапівы. 

Лёс простай беларускай жанчыны дэманструе, што давялося перажыць людзям, чыё дзяцінства, маладосць украла вайна. Але Марыя Пятроўна вытрывала ўсё, што выпала на яе долю, не страціла лепшых чалавечых якасцей, знаходзіць супакаенне і радасць у дзецях, унуках і праўнуках. 

Для М.П.Лудзіч першым знакам павагі і прызнання яе як ахвяры вайны на  афіцыйным узроўні было ўручэнне ў маі 2005 года памятнага нагруднага  знака “Узник нацизма”. А вясной 2010 года яна была ўзнагароджана юбілейным медалём “65 лет Победы в Великой  Отечественной войне 1941—1945 гг.”.  На сённяшні дзень у яе ўжо 5 юбілейных медалёў, але больш за ўсё яна радавалася першаму: слёзы радасці і ўдзячнасці перапаўнялі яе, не прывыкла гэтая жанчына да ўвагі, не думала, што дажыве  да такога часу.

Увага з боку мясцовых улад, раённага савета ветэранаў, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, матэрыяльная дапамога ад нашай дзяржавы  сведчаць аб тым, што беларусы не забываюць сваё мінулае, асабліва, калі яно такое жудаснае.

Валанцёры, вучні Рагозніцкага дзіцячага  сада — сярэдняй школы таксама наведваюць Марыю Пятроўну Лудзіч, каб павіншаваць з дзяржаўнымі святамі, днём нараджэння,  дораць падарункі, зробленыя сваімі рукамі. Марыя Пятроўна выказвае словы падзякі і шчыра жадае ім: “Каб вы не зведалі ў жыцці такога, каб не ведалі ніколі вайны”.

Вельмі сумна ўсведамляць, што пройдзе яшчэ  дзясятак гадоў і нікога з ветэранаў, удзельнікаў ваенных падзей, не застанецца. Але гэта не значыць, што яны знікнуць з нашай памяці  разам з падзеямі  амаль векавой даўнасці. 

Антаніна ЛУДЗІЧ, 
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Рагозніцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мастоўскага раёна.