Без яе не было б дзяржавы

- 11:54Інфармацыйная гадзіна

У Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці — філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея, 12 сакавіка адкрылася выстаўка “Галоўны дакумент краіны: мінулае і сучаснае”, прымеркаваная да 25-годдзя прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Выстаўка заснавана на ўнікальных крыніцах з фондавага збору архіва Адміністрацыі прэзідэнта, Нацыянальнага архіва, Прэзідэнцкай бібліятэкі і Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі.

Так, на выстаўцы можна ўба­чыць факсімільнае выданне Канстытуцыі ССРБ 1919 года, Канстытуцыю 1927 го­да, выдадзеную на чатырох мовах — беларускай, рускай, польскай і ідышы, і іншыя дакументы, якія адлюстроўваюць храналогію станаўлення канстытуцыйных асноў у Беларусі. Праект дае магчы­масць адсачыць ход падрыхтоўкі і прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 го­да да ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Асноўны закон у сувязі з хутказменлівымі палітычнымі, сацыяльна-эканамічнымі рэаліямі. Падрабязна раскрыты асноўныя палажэнні дзеючай Канстытуцыі, яе роля і месца ў сістэме дзяржаўнага ладу краіны.

Артэфакты, дзякуючы якім раскрываецца гэта тэма (дакументы ў арыгінале, публікацыі газет, розныя рабочыя матэрыялы), не толькі дэманстру­юць знач­насць самой з’явы, але сапраўды ­робяць гэту выстаўку цікавай. Адкрываючы яе, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька выказаў упэўненасць, што выстаўка зацікавіць лю­дзей розных узростаў і прафесій. Сярод першых наведвальнікаў былі студэнты гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка ­Марына Верас і Святлана Лалаева. Яны адзначылі, што ім спадабалася выстаўка, выказалі ўпэўненасць, што яна бу­дзе карыснай для іх як для будучых гісторыкаў. “Канстытуцыя — вельмі важны для краіны дакумент, яна абараняе правы грамадзян. Без яе не было б дзяржавы”, — перакананы субяседнікі.

Як паведамлялася, экспертам і кансультантам выставачнага праекта выступіў адзін з аўтараў тэксту дзеючай Канстытуцыі — заслужаны юрыст Беларусі, доктар юрыдычных навук, прафесар Рыгор Васілевіч.