Атамная электрастанцыя ў Астраўцы пасля запуску будзе выпрацоўваць каля 25 працэнтаў неабходнай Беларусі электраэнергіі, паведаміў намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк.
Міхаіл Міхадзюк звярнуў увагу, што сёння многія дзяржавы ўскладаюць надзеі на ядзерную энергетыку як эканамічна эфектыўную і экалагічна чыстую крыніцу, прызначаную садзейнічаць іх устойліваму развіццю. Беларусь таксама зрабіла выбар на карысць ядзернай энергетыкі.
“Разлічваем, што ў хуткім часе каля чвэрці неабходнай краіне электраэнергіі будзе выпрацоўвацца на Беларускай АЭС, якая цяпер узводзіцца. Гэта дасць магчымасць гарантаваць стабільныя пастаўкі даступнай па цане і экалагічна чыстай электраэнергіі. Стварэнне новай высокатэхналагічнай ядзернай энергетычнай галіны дае і іншыя пазітыўныя вынікі. Мы ўжо бачым стымулы для развіцця новых вытворчасцей і, адпаведна, стварэння рабочых месцаў у розных сферах — ад фундаментальнай навукі да такіх прыкладных галін, як транспарт, машынабудаванне або будаўніцтва”, — адзначыў ён.
Намеснік міністра падкрэсліў безумоўны прыярытэт пытанняў ядзернай бяспекі, неабходнасць адпаведнасці самым высокім стандартам на ўсіх этапах жыццёвага цыкла АЭС — ад праектавання і будаўніцтва да вываду з эксплуатацыі. Ён адзначыў ключавую ролю МАГАТЭ ў распрацоўцы і пашырэнні стандартаў ядзернай бяспекі, агенцтва з’яўляецца пляцоўкай для абмену вопытам і прыкладае актыўныя намаганні па нарошчванні ўзаемадзеяння паміж дзяржавамі-членамі.
Асаблівую значнасць мае работа МАГАТЭ па садзейнічанні ўніверсалізацыі ў выкананні шматбаковых канвенцый па ядзернай бяспецы, фізічнай ядзернай бяспецы і адказнасці, прынятых пад эгідай агенцтва. У сувязі з гэтым адным з найбольш прыкметных мерапрыемстваў, праведзеных на пляцоўцы МАГАТЭ ў 2017 годзе, з’яўляецца сёмая аглядная нарада дагаворных бакоў Канвенцыі аб ядзернай бяспецы. Беларусь лічыць важным і далей забяспечваць прафесійны і практычна арыентаваны характар узаемадзеяння ў рамках канвенцыі.