“БГЧ” як люстэрка айчыннай гістарычнай навукі і адукацыі

- 14:28Культура

11 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся круглы стол, прысвечаны 20-годдзю з дня выхаду ў свет першага нумара “Беларускага гістарычнага часопіса” — адзінага ў нашай краіне штомесячнага навукова-тэарэтычнага і навукова-метадычнага ілюстраванага выдання па гістарычных навуках і методыцы выкладання гісторыі для ўсіх тыпаў навучальных устаноў. У круглым стале, арганізаваным выдавецтвам “Пачатковая школа” і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, прынялі ўдзел сябры рэдакцыйнай калегіі “Беларускага гістарычнага часопіса”, у тым ліку вядомыя тэарэтыкі і практыкі айчыннай гістарычнай навукі, прадстаўнікі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і вядучых устаноў вышэйшай адукацыі, былыя супрацоўнікі выдання. З прывітальнымі словамі ў адрас “БГЧ” і сваімі прапановамі адносна далейшых перспектыў яго развіцця да ўдзельнікаў дыскусіі звярнуліся намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Якжык і намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матусевіч.

У прыватнасці, намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык адзначыў, што заснаванне “Беларускага гістарычнага часопіса” ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя стала важным крокам на шляху станаўлення ўласна беларускай гістарычнай навукі і адукацыі. Адна з галоўных задач “БГЧ” пры яго стварэнні вызначалася, паводле загаду аднаго з заснавальнікаў выдання — Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, як выхаванне патрыётаў сваёй Бацькаўшчыны праз глыбокае вывучэнне гісторыі нашай краіны, прапаганду гістарычных ведаў і развіццё гістарычнай адукацыі. “Я лічу, — сказаў намеснік міністра, — што гэтую задачу часопіс плённа выконваў усе 20 гадоў і працягвае выконваць сёння. На старонках выдання абмяркоўваліся нацыянальная канцэпцыя гісторыі і гістарычнай адукацыі ў Беларусі, першыя беларускія падручнікі па гісторыі і сусветнай гісторыі, розныя шляхі развіцця гістарычнай навукі і адукацыі, вучэбныя праграмы”.

Таксама вельмі істотна, што з самага першага нумара ў “Беларускім гістарычным часопісе” друкаваліся матэрыялы, прызначаныя для школьных педагогаў. “Сумяшчэнне ў адным выданні навуковых і метадычных публікацый давала і сёння дае цудоўную магчымасць настаўнікам гісторыі, грамадазнаўства знаёміцца з дасягненнямі беларускіх вучоных у галіне гістарычных навук, вынікамі іх апошніх даследаванняў”, — падкрэсліў Віктар Якжык. Дзякуючы “Беларускаму гістарычнаму часопісу”, чытачы маюць шчаслівую магчымасць падзяліцца на яго старонках уласным вопытам выкладання гісторыі, выкарыстання розных метадаў і прыёмаў у вучэбным працэсе. Немалаважна і тое, што часопіс публікуе і тэарэтычныя матэрыялы, у якіх абмяркоўваецца і ўдакладняецца методыка выкладання гісторыі ў школе і тым самым узбагачаецца змест айчыннай гістарычнай адукацыі.
Віктар Якжык асабліва адзначыў той факт, што значную ўвагу часопіс удзяляе асвятленню важных адукацыйных і выхаваўчых мерапрыемстваў, што праводзяцца ў нашай краіне для дзяцей і школьнікаў, у тым ліку рэспубліканскай краязнаўчай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся!”, якая ладзіцца ўжо сёмы год.
Намеснік міністра адукацыі пажадаў калектыву “Беларускага гістарычнага часопіса” і далей годна трымаць марку аднаго з лепшых беларускіх навукова-метадычных і навукова-тэарэтычных выданняў і ніколі не забываць пра неацэнную выхаваўчую значнасць гістарычных навук.

У сваю чаргу намеснік міністра інфармацыі Уладзімір Матусевіч засяродзіўся на магчымых захадах па павелічэнні чытацкай аўдыторыі “Беларускага гістарычнага часопіса”, тыраж якога на сённяшні дзень пакідае жадаць лепшага. Тут могуць быць розныя шляхі. Гэта і пашырэнне кола праблем і тэм, што ўзнімаюцца на старонках выдання, за кошт, напрыклад, нейкіх цікавых момантаў сусветнай гісторыі, якія б асвятляліся на навуковай аснове. Гэта і наданне большай увагі пэўным знакавым гадавінам з айчыннай і сусветнай гісторыі. “Як вядома, у наступным годзе ва ўсім свеце будзе адзначацца 100-годдзе пачатку Першай сусветнай вайны, — адзначыў намеснік міністра інфармацыі, — але ж асноўныя падзеі той вайны на ўсходнім фронце разгортваліся менавіта ў Беларусі. Відавочна, перад часопісам тут адкрываюцца вялікія перспектывы для даследавання, тым больш, што гэты пласт беларускай гісторыі ў нашай гістарычнай навуцы да сённяшняга часу быў не вельмі задзейнічаны. Ён, несумненна, заслугоўвае дадатковай увагі з боку гісторыкаў”.
Нават такая, здавалася б, распрацаваная тэма, як вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 70-годдзе якога мы будзем адзначаць налета, па словах Уладзіміра Матусевіча, мае свае рэзервы ў плане яе вывучэння і папулярызацыі. “Звыш 400 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія атрымалі званне Героя Савецкага Саюза, былі нашымі землякамі. Але ці ведаем мы пра гэта? Ці шмат ведаем? — рэзонна запытаў выступоўца. — А тым не менш тэма Вялікай Айчыннай вайны важная не толькі з пункта гледжання ўласна гісторыі і гістарычнай навукі, але і з пункта гледжання патрыятычнай выхаваўчай работы. Якраз тут адкрываюцца магчымасці для сцвярджэння гістарычнай праўды і ў той жа час для апаніравання ўсім тым, хто сёння імкнецца сфальсіфікаваць айчынную гісторыю ці проста незаслужана замоўчваць, абыходзіць увагай лёсавызначальныя для нашага народа падзеі. Навуковае абмеркаванне з дзяржаўных пазіцый актуальных пытанняў айчыннай гісторыі застаецца надзвычай важным”. У той жа час, заўважыў Уладзімір Матусевіч, часопісу ні ў якім разе нельга пакідаць метадычны сегмент, таму што настаўнікі складаюць вельмі значную частку чытацкай аўдыторыі выдання, а многія з іх з’яўляюцца не толькі чытачамі, але і пастаяннымі аўтарамі “БГЧ”.
Асаблівы акцэнт намеснік міністра інфармацыі зрабіў у сваім выступленні на неабходнасці задзейнічання сённяшніх тэхналагічных сродкаў у справе павышэння папулярнасці выдання. “Як ні круці, але ў наш час выданне, якое не бачыць сябе ў інтэрнэце, вельмі моцна абмяжоўвае свае перспектывы, — падкрэсліў Уладзімір Матусевіч. — Я думаю, што ў часопіса павінен быць паўнацэнны сайт. Пры гэтым яго кантэнт не павінен дубліраваць друкаваную версію, але пэўныя публікацыі, урыўкі з публікацый, пэўныя праблемы і абмеркаванні там абавязкова павінны знаходзіць месца. Гэта падаецца тым больш важным у кантэксце прыцягнення да дыскусій моладзі, шырокіх пластоў навуковай і творчай інтэлігенцыі”. Акрамя таго, на думку намесніка міністра, калектыву “Беларускага гістарычнага часопіса” неабходна падумаць і пра такія рэчы, як электронная версія часопіса з магчымым яе продажам або продажам асобных публікацый, віртуальную падпіску і інш. “Безумоўна, “Беларускі гістарычны часопіс” павінен быць папулярным, і гэта ў яго магчымасцях”, — падкрэсліў Уладзімір Матусевіч.

Уласна дыскусія на круглым стале разгарнулася па многіх пытаннях, актуальных не толькі для самога “Беларускага гістарычнага часопіса”, але і наогул для айчыннай гістарычнай навукі і адукацыі. Удзельнікамі абмеркавання неаднойчы падкрэсліваліся здабыткі і вартасці часопіса, тое, што ён, як выказаўся яго былы галоўны рэдактар Васіль Кушнер, знайшоў свой твар. Многія дыскутанты таксама гаварылі пра тыя надзённыя задачы, якія акрэслілі ў сваіх выступленнях намеснікі міністраў адукацыі і інфармацыі, а менавіта пра неабходнасць павышэння папулярнасці часопіса, яго выхаду ў інтэрнэт, пашырэння тэматыкі, актуалізацыі знамянальных юбілеяў. У прыватнасці, у сувязі з надыходзячым у наступным годзе 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Каваленя нагадаў, што на сённяшні дзень сярод беларусаў або тых людзей, чый лёс непасрэдна звязаны з Беларуссю, засталося толькі тры ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Героі Савецкага Саюза, у тым ліку Васіль Мічурын, які ўдзельнічаў яшчэ ў савецка-фінскай вайне і якому хутка споўніцца 97 гадоў. “Нашым гісторыкам трэба бягом бегчы да яго, каб запісаць жывы матэрыял!” — не стрымаў эмоцый навуковец. А акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Міхаіл Касцюк нагадаў прысутным і пра такую знамянальную дату, як 400-годдзе дынастыі Раманавых. На яго думку, даследаванне тэмы “Дынастыя Раманавых і Беларусь” таксама магло б прынесці вялікі плён.

Акрамя таго, на круглым стале ўзнімаліся такія праблемы, як недахоп крытычных рэцэнзій на найноўшыя работы па гісторыі (у тым ліку работы гісторыкаў з сумежных з Беларуссю краін), адбор лепшых метадычных распрацовак па школьным прадмеце “Гісторыя”, наяўнасць шматлікіх гістарычных памылак у сродках масавай інфармацыі (адна з распаўсюджаных — вызначэнне Чырвонай Арміі ў гады Вялікай Айчыннай вайны як Савецкая Армія).
Многія ўдзельнікі круглага стала выказвалі спадзяванні, што іх сустрэча 11 красавіка толькі першая ластаўка, што далей такія абмеркаванні стануць пастаяннымі, а матэрыялы круглых сталоў на самыя розныя тэмы будуць друкавацца ў “Беларускім гістарычным часопісе” і, такім чынам, выданне сапраўды стане пляцоўкай для айчынных гісторыкаў з рознымі поглядамі і падыходамі. Таксама карысным будзе, калі супрацоўнікі рэдакцыі часопіса разам з навукоўцамі часцей будуць выязджаць у рэгіёны, трымаць больш цесную сувязь са школьнай і студэнцкай аўдыторыяй. Тым больш, што выданне на самай справе сёння можа лічыцца правадніком навуковай гістарычнай думкі ў настаўніцкае, школьнае і студэнцкае асяроддзе.

Падводзячы вынікі круглага стала, галоўны рэдактар “Беларускага гістарычнага часопіса” Максім Гальпяровіч адзначыў, што гэтае мерапрыемства яшчэ раз пацвердзіла неабходнасць такога выдання і для навукоўцаў, і для настаўнікаў, і для ўсіх тых, каго хвалююць пытанні айчыннай гісторыі. “Пра значнасць “Беларускага гістарычнага часопіса”, пра яго запатрабаванасць гаворыць найперш тое, што ён стаў выдатнай пляцоўкай для апублікавання матэрыялаў беларускіх даследчыкаў і настаўнікаў. Многія з іх ганарацца тым, што іх артыкулы друкаваліся ў часопісе, адзначаюць, што гэта іх лепшыя публікацыі. Варта адзначыць, што часопіс не спыняецца ў сваім развіцці. Супрацоўнікі рэдакцыі працуюць творча, адказна і плённа. Для таго каб рабіць часопіс цікавым і патрэбным для нашых чытачоў, мы ўносім неабходныя, на нашу думку, змены. У апошнія некалькі гадоў змяніліся мастацкае афармленне часопіса, быў перагледжаны яго змест, адкрыты новыя рубрыкі — такія як “Знаходкі і адкрыцці”, “Школа маладога настаўніка”, “Прэзентацыя”. У нашых планах адкрыццё яшчэ некаторых новых рубрык, якія будуць цікавыя нашым чытачам, напрыклад, “Наша спадчына”, “Постаці беларускай гісторыі”, “На кніжнай паліцы”. Захоўваючы традыцыі, імкнёмся ў будучыню — гэта той прынцып, па якім працуе часопіс. А сённяшняя сустрэча, здаецца, пераканала ўсіх, што “Беларускі гістарычны часопіс”, сапраўды, з’яўляецца люстэркам айчыннай гістарычнай навукі і адукацыі. Безумоўна, прасцей было б на юбілей сабрацца, прыняць кветкі і падарункі, папіць гарбаты ды недзе ў кулуарах скардзіцца адно аднаму на тыя ці іншыя праблемы. Але куды больш карысці прыносяць такія вось дыскусіі — адкрытыя, надзённыя, з удзелам неабыякавых да гісторыі і гістарычнай навукі людзей”.

Мікола ЧЭМЕР.

gilevitch@ng-press.by

Фота з сайта НББ.