Бібліятэка + школа = пазітыў!

- 11:35Нам пішуць

Некалькі дзянькоў засталося да канца летніх канікул, дзяцей чакае школа, настаўнікі, вучоба. Кожны ведае, што многія дзеці з неахвотай збіраюцца пасля летняга адпачынку ў школу… Дапамагчы сваім маленькім чытачам настроіцца на добры лад перад вучобай і з вясёлым настроем развітацца з летам вырашылі бібліятэкары. Цікава, шумна і весела прайшла ў Астравецкай дзіцячай бібліятэцы гульнявая праграма “Верасень кліча ў школу”, мэтай якой было настроіць дзяцей на выдатную вучобу.

У госці на мерапрыемства завітаў казачны гарэза і весялун — Бураціна. Ён адразу пахваліўся, што прадаў сваю азбуку і купіў білет у лялечны тэатр. Але дзеці не падтрымалі яго ідэю, расказалі, што трэба вучыцца, каб потым усё ведаць і ўмець. Бураціна спачатку засумаваў, а потым успомніў, што ён ведае, дзе знаходзіцца ўваход у Краіну ведаў, але ключ ён згубіў. Дзеці вызваліся дапамагчы яму адшукаць ключ. Для гэтага трэба было прайсці квест “Знайдзі ключ ад Краіны ведаў”, з чым удзельнікі хутка справіліся.

Далей дзяцей чакалі вясёлыя і рухавыя гульні, конкурсы “Збяры партфель”, “Час у школу”, “Званок на ўрок”, “Урок геаграфіі”, “Урок малявання”, “Дзяжурныя”. Школьнікі па-майстэрску спраўляліся з заданнямі, адгадвалі вясёлыя школьныя загадкі, паказвалі свае ўменні і веды школьнага жыцця. Больш за ўсё спадабаліся дзецям конкурсы “Збяры партфель”, у якім дзеці праявілі свой спрыт і ўважлівасць, “Званок на ўрок”, дзе трэба было пад гук школьнага званка першаму заняць месца ў класе, “Дзяжурныя”, у якім неабходна было прыгожа, хутка і акуратна сервіраваць стол для школьнага абеду.

Удзельнікі атрымалі памятныя сувеніры, пачаставаліся прысмакамі за салодкім сталом, спявалі караоке і, канечне, сфатаграфаваліся на памяць. Гульнявая праграма суправаджалася музыкай, дзіцячым смехам і станоўчымі эмоцыямі ўдзельнікаў. Бібліятэкары спадзяюцца, што змаглі настроіць вучняў на пазітыў, добрыя адносіны да вучобы, настаўнікаў і, бясспрэчна, да кніг і чытання.

Ганна КЕРЭЛЬ,
бібліятэкар Астравецкай дзіцячай бібліятэкі.