BigData — навыкі, карысныя кожнаму

- 12:12Вышэйшая школа

Днямі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі прайшла V Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя BigData and Advanced Analytics (“Вялікія даныя і аналіз высокага ўзроўню”). Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства адукацыі, БДУІР і НАН Беларусі.

Гасцямі ўрачыстай сустрэчы сталі першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Ірына Старавойтава і паслы Кітайскай Народнай Рэспублікі Цуй Цымін і Французскай Рэспублікі Дзідзье Канес. Падзея была прымеркавана да 55-годдзя ўстановы.

— Прыемна тое, што канферэнцыя пачала набываць традыцыйны драйв. Калі некалькі гадоў назад вялікія даныя былі новай з’явай у сферы ІТ, то зараз гэта вельмі адчувальная рэч. І інструменты работы з вялікімі данымі, і тая інфармацыя, якая можа быць згенерыравана ў працэсе, становяцца актуальным прадуктам. Канечне, пры гэтым могуць узнікаць пытанні, звязаныя з аспектамі інфармацыйнай бяспекі і дакладнасці даных. Але тут дапамогуць пэўныя алгарытмы і методыкі кантролю, — заўважыў рэктар БДУІР Вадзім Богуш. — Валоданне BigData — гэта навыкі, якія могуць быць карысны кожнаму, незалежна ад спецыяльнасці. Калі прааналізуеце, хто сёння прысутнічае на канферэнцыі, зможаце заўважыць студэнтаў і магістрантаў з розных падраздзяленняў.

Сёлета ўдзельнікамі канферэнцыі сталі прадстаўнікі кампаній-рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій, банкаў, а таксама вядучых беларускіх і замежных устаноў вышэйшай адукацыі. Геаграфія мерапрыемства ахапіла каманды з 32 краін свету: Азербайджана, Ізраіля, Вялікабрытаніі, Сінгапура, Францыі, ЗША, Турцыі, Расіі, Польшчы, Ірландыі, Сірыі, Славакіі, Фінляндыі і інш. Цікава, што ў мінулым годзе было прадстаўлена 19 краін, а ў 2015, пры першым правядзенні канферэнцыі, 8 краін-удзельніц. Адметна і тое, што кадры канферэнцыі відавочна “паніжаюцца” ва ўзросце: 70% навуковых і практычных артыкулаў прадстаўлены моладдзю.

Ролі спікераў прымерылі на сябе эксперты сусветна вядомых кампаній Oracle, IBM, DHTechnologies (ЗША), Invisi (Нідэрланды), Fastdev (Швецыя), Wargaming і EPAM (Беларусь). Падчас мерапрыемства яны разглядалі пытанні выкарыстання вялікіх даных для аптымізацыі IT-, бізнес- і вытворчых рашэнняў, ВIG DATA ў медыцыне, адукацыі і экалогіі. Важным аспектам сустрэчы сталі тэхналогіі і інструментарый для аналітыкі высокага ўзроў­ню. Па словах арганізатараў, аналіз вялікага масіву даных на сёння — адна з прыярытэтных тэм у ІТ, паколькі такія тэхналогіі запатрабаваны ў розных галінах, пачынаючы ад бізнесу, і заканчваючы сферамі адукацыі і аховы здароўя.

— Назва канферэнцыі гаворыць пра выкарыстанне даных і аналітычных метадаў для таго, каб актывізаваць прыняцце бізнес-рашэнняў. Гэта аснова, разнастайныя метады штучнага інтэлекту, алгарытмы, якія дазваляюць аналізаваць вялізную колькасць даных і рабіць рэкамендацыі. BigData робіць ухіл на робататэхніку, штучны інтэлект, метады і аналіз даных, — адзначыў адзін з заснавальнікаў канферэнцыі ганаровы прафесар БДУІР Барыс Зыбіцкер. — Праграмісты сёння запатрабаваны настолькі, што хутка знаходзяць працу. І кампаніі вырошчваюць спецыялістаў амаль з пялёнак. За аналізам даных і развіццём у гэтай сферы — вялікая будучыня.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.