Бінарны ўрок для фарміравання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці

- 11:46Адукацыйная прастора

Фарміраванне нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці — складаны працэс узаемадзеяння настаўніка з навучэнцамі. Сумесная дзейнасць будзе выніковай толькі пры праяўленні цікавасці з боку вучняў да авалодання этнакультурнымі каштоўнасцямі. Эфектыўным сродкам навучання пры гэтым выступае інтэграцыя вучэбных прадметаў, адной з форм якой з’яўляецца бінарны ўрок.

Творчая група педагогаў-інаватараў Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна працуе над павы­шэннем прафесійнай кампетэнтнасці ў пытаннях інтэграцыі зместу вучэбных прадметаў і інтэграцыі адукацыйных тэхналогій у рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці навучэнцаў: інтэграцыя вучэбнай і пазавучэбнай дзейнасці ўстановы адукацыі — сацыякультурнага цэнтра рэгіёна”. Вынікам  творчага  ўзае­мадзення педагогаў сталі адкрытыя бінарныя ўрокі ў межах правядзення метадычнай дэкады “Інтэграваны ўрок як сродак фарміравання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці навучэнцаў”.

Бінарны ўрок — нетрадыцыйны від урока, на якім можна спалучыць, здавалася б, несумяшчальныя прадметы: літаратурнае чытанне і англій­скую мову, беларускую літаратуру і геаграфію, біялогію і інфарматыку. Гэта больш высокі ўзровень супрацоўніцтва двух педагогаў і навучэнцаў. Два настаўнікі і два прадметы на ўроку — сучасна, актуальна, перспектыўна. Бінарны ўрок дазваляе выявіць сувязь і інтэграваць веды з розных галін для вырашэння адной праблемы.

Так, на вырашэнне праблемы ўзаемаадносін чалавека і прыроды, выхаванне любові да малой радзімы, фарміраванне матывацыі да вывучэння этнічных асаблівасцей свайго народа накіраваны бінарны ўрок беларускай літаратуры і геаграфіі ў 8 класе па тэме “Генрых Далідовіч. “Губаты”. Узаемаадносіны чалавека і прыроды. Прырода­ахоўныя тэрыторыі, іх роля ва ўзаемадзеянні чалавека і прыроды”. На бінарным уроку навучэнцы працавалі з глобусамі, геаграфічнымі картамі, па зададзенай даўгаце і шыраце вызначалі раён малой радзімы пісьменнікаў, адзначалі рысы характару герояў апавядання, якія ўласцівы беларусам. Падчас правя­дзення ролевай прафарыентацыйнай гульні навучэнцы даведаліся, якімі рысамі павінен валодаць чалавек для працаўладкавання ў запаведнік ці заказнік. У выніку літаратурная і геаграфічная тэма дапаўнялі адна адну, садзейнічалі цэласнаму ўспрыманню вывучаемага матэрыялу, пабуджалі да актыўнага пазнання, развіцця камунікатыўных здольнасцей.

Спалучэнне гісторыі і сучаснасці на бінарным уроку літаратурнага чытання і англійскай мовы “Абагульненне па раздзеле “Чалавек і Радзіма/Belarus” выклікала вялікую цікавасць у навучэнцаў 4 класа. Урок быў незвычайны ўжо тым, што праводзіўся ў школьным комплексна-краязнаўчым музеі “Дыяменты даўніны” ў форме відэаканферэнцыі з хлопчыкам з Вялікабрытаніі. Паколькі 2018—2020 гады  ў Беларусі аб’яўлены Годам малой радзімы, то ў змест урока інтэграваны краязнаўчы матэрыял гістарычных мясцін Новадзявяткавіч.

Педагогам-інаватарам удалося ўзмацніць інтэграцыйны эфект урока, стварыць мадэль вучэбнага дыялога не толькі паміж навучэнцамі, але і паміж настаўнікамі, паказаўшы пры гэтым шырокі спектр сродкаў і спосабаў інтэнсіфікацыі ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці. Педагогі ўпэўнены, што правядзенне бінарных урокаў стварае ўмовы для фарміравання ключавых і метапрадметных кампетэнцый, такіх як камунікацыя на роднай мове, сацыяльная і грамадзянская кампетэнцыя, веданне культуры і выяўленне культурнай прыналежнасці; прадметных кампетэнцый: моўнай, маўленчай, сацыякультурнай, літаратурнай, што дазваляе комплексна вырашаць задачы па фарміраванні нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці.

Алена БАРАВІК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці.