Бішкек прымае гасцей

11 кастрычніка ў дзяржаўнай рэзідэнцыі “Ала-Арча” прайшло адкрыццё V з’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД. Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел дэлегацыі з Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Арменіі. Нашу краіну на форуме прадстаўляюць 22 дэлегаты на чале з намеснікам міністра адукацыі Раісай Станіславаўнай Сідарэнка. Больш за 400 чалавек (палітычныя і грамадскія дзеячы, прадстаўнікі органаў кіравання адукацыяй, прадстаўнікі ўсіх узроўняў адукацыі, навуковай супольнасці) сабраліся ў Доме прыёмаў “Энесай”.

Мэтай з’езда з’яўляецца пашырэнне сувязей адукацыйных арганізацый дзяржаў — удзельніц СНД, прэзентацыя і распаўсюджванне інавацыйнага навуковага і педагагічнага вопыту ў кантэксце Мэт устойлівага развіцця, каардынацыя развіцця сістэм адукацыі, выпрацоўка прапаноў па развіцці агульнай адукацыйнай прасторы.

“Мы рады, што з’езд настаўнікаў, прадстаўнікоў самай высакароднай прафесіі, праходзіць у Кыргызстане, дзе адукацыя з’яўляецца галоўным прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі. Нам неабходна мець агульную адукацыйную прастору, што дапаможа агульнаму развіццю нашых краін. Упэўнены, што падчас з’езда будуць знойдзены новыя падыходы да вырашэння пытанняў, якія стаяць перад сістэмамі адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД”, — адзначыў у сваім звароце да дэлегатаў і гасцей з’езда Прэзідэнт Кыргызскай Рэспублікі Сааранбай Шарыпавіч Жээнбекаў.

Па словах старшыні выканкама СНД выканаўчага сакратара СНД Сяргея Мікалаевіча Лебедзева, унікальнасць з’езда заключаецца ў тым ліку ў магчымасці суаднесці тэндэнцыі фарміравання адукацыйнай прасторы краін СНД з агульнасусветнай задачай у кантэксце ўстойлівага развіцця. Маштаб і фармат правядзення з’езда з’яўляюцца яркім прыкладам паступальнага і дынамічнага развіцця інтэграцыйных працэсаў у галіне адукацыі і сведчаць аб высокім статусе настаўніка ў грамадстве. Дасягненне Мэт устойлівага развіцця становіцца магчымым толькі пры ўмове пабудовы новай, сучаснай сістэмы адукацыі.

“Нацыянальныя сістэмы адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД у кантэксце Мэт устойлівага развіцця” — такой была тэматыка першага пленарнага пасяджэння з’езда, падчас якога кіраўнікі дэлегацый азнаёмілі калег з асаблівасцямі развіцця сістэм адукацыі сваіх краін. Памятнай падзеяй пленарнага пасяджэння стала ўзнагароджанне нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Садружнасці Незалежных Дзяржаў” 20 работнікаў сістэмы адукацыі, якія ўнеслі значны ўклад у стварэнне агульнай адукацыйнай прасторы СНД. Сярод узнагароджаных і нашы землякі: настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 2 Лагойска Зоя Яўгенаўна Вінаградава, дырэктар Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Юрый Васільевіч Корсік, дырэктар гімназіі № 24 Мінска Таццяна Віктараўна Лукша.

Працягнула праграму першага дня з’езда работа выставачнай экспазіцыі, а таксама пяці секцый, на якіх абмяркоўваліся пытанні распрацоўкі і ўкаранення нацыянальных кваліфікацыйных сістэм і прафесійных стандартаў педагога, умовы для прафесійнай падрыхтоўкі і прафесійнага развіцця, сучасны стан і перспектывы развіцця педагагічнай навукі ў краінах СНД, развіццё сістэмы дадатковай адукацыі і арганізацыя выхаваўчай работы, значэнне ранняга развіцця і дашкольнай адукацыі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *