Біць — не значыць кахаць

Тэма дамашняга насілля застаецца па-ранейшаму актуальнай. Паводле вынікаў даследаванняў, з праявамі фізічнага, псіхалагічнага, эканамічнага прымусу з боку сваіх блізкіх у нашай краіне сутыкаліся практычна тры чвэрці жанчын і чвэрць мужчын. Пры гэтым, як паведаміў начальнік упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў Алег Каразей, усяго з пачатку бягучага года ў Беларусі зарэгіставана 2,1 тысячы крымінальных злачынстваў і звыш 42 тысяч адміністратыўных правапарушэнняў, здзейсненых на бытавой глебе. За сёлетнія студзень — кастрычнік з-за насілля ў сем’ях загінулі 96 і атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні 169 чалавек.

— Не менш сумна, што любыя праявы бытавога насілля адбіваюцца на дзецях, якія мімаволі становяцца сведкамі высвятлення адносін паміж бацькамі і ў якіх складваецца ўражанне, што гэта нармальна, — адзначыў Алег Каразей. — У выніку ў свядомасці непаўналетніх закладваецца пэўная мадэль паводзін. І ёсць вялікая верагоднасць, што цяперашнія дзеці пачнуць прытрымлівацца такой мадэлі ў будучыні пасля стварэння ўласнай сям’і.
Асноўная праблема, адзначаюць супрацоўнікі міліцыі, у тым, што многія ахвяры бытавога насілля не звяртаюцца па дапамогу. Адсюль статыстыка: палова зваротаў у праваахоўныя органы з паведамленнямі аб гвалтоўных дзеяннях не атрымліваюць працягу, паколькі ахвяры даруюць сваім крыўдзіцелям. Аднак падобная пазіцыя памылковая, бо чалавек, які падняў руку на блізкага і застаўся без пакарання, праз пэўны час можа зноў пайсці на такі ж крок.
— З красавіка мінулага года ў сувязі са змяненнем заканадаўства ў Беларусі з’явілася практыка абарончых прадпісанняў, якія вызначаюць забароны на сустрэчы і размовы, распараджэнне сумеснай уласнасцю, на часовую забарону пражывання ахвяры і крыўдзіцеля разам, — нагадаў Алег Каразей. — З пачатку бягучага года гэтая прафілактычная мера была выкарыстана ў адносінах амаль да 1,2 тысячы грамадзян, у тым ліку 919 чалавек атрымалі прадпісанне часова пакінуць агульнае жылое памяшканне. Як паказаў першы вопыт, новаўвядзенне прымушае многіх агрэсараў сур’ёзна задумацца. Прычым змяненне заканадаўства працягнецца. У будучым плануецца дапоўніць Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях нормай, якая б рэгламентавала адказнасць за невыкананне абарончага прадпісання. Акрамя таго, вядзецца работа па падрыхтоўцы праекта спецыялізаванага Закона “Аб прафілактыцы насілля ў сям’і”.
Разам з тым Алег Каразей падкрэсліў, што праваахоўныя органы ставяць за мэту папярэджванне злачынстваў, а таксама аказанне экстраннай і псіхалагічнай дапамогі ахвярам. У апошнім выпадку вялікую ролю адыгрываюць грамадскія і рэлігійныя арганізацыі, прафсаюзы, тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнай абароны насельніцтва.
— Важныя напрамкі прафілактыкі дамашняга насілля — павышэнне якасці і ўзроўню жыцця грамадзян, вырашэнне праблемы сямейнай нядобранадзейнасці, — зазначыла галоўны спецыяліст аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена Комлік. — Паколькі ў асноўным ахвярамі насілля ў асноўным становяцца жанчыны, таксама нельга забываць аб дзейнасці, скіраванай на павышэнне іх эканамічнай незалежнасці. Калі ў 2011 годзе большасць беспрацоўных у краіне складалі жанчыны, то на 1 лістапада сёлета іх доля ў агульнай колькасці грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку ў службах занятасці насельніцтва, скарацілася да ўзроўню 35,4%.
Рызыку сямейнай нядобранадзейнасці змяншаюць меры сацыяльнай абароны, у тым ліку падтрымка мнагадзетных сем’яў пры будаўніцтве жылля і павелічэнне дапамог на дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, прадастаўленне бясплатных лекаў і бясплатнага харчавання малым дзецям у выпадку нізкага даходу іх бацькоў. Да таго ж з пачатку бягучага года ў краіне запрацавала Дзяржаўная праграма сямейнага капіталу. На сёння сямейны капітал пасля нараджэння ці ўсынаўлення трэцяга і наступных дзяцей ужо прызначаны 10 517 сем’ям.
— У рэйтынгу краін, спрыяльных для мацярынства і нараджэння дзяцей, Беларусь займае 25-е месца ў свеце і першае ў СНД, — зазначыла Алена Комлік. — Асобная гаворка — аб дапамозе ахвярам насілля. Яе аказваюць тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якія працуюць у кожным адміністрацыйным раёне. Тэрытарыяльныя цэнтры праводзяць псіхалагічнае і юрыдычнае кансультаванне, ладзяць тэлефонныя гарачыя лініі, арганізоўваюць работу сямейных клубаў і клубаў маладых бацькоў з акцэнтаваннем увагі на пабудове правільных адносін у сям’і і прафілактыцы канфліктаў. Да таго ж ахвярам насілля прадастаўляюцца часовыя прытулкі. З 2011 года колькасць такіх “крызісных пакояў” павялічылася амаль у 3,5 разу — з 31 да 108.
Тым часам, паведаміла спецыяліст па сувязях з грамадскасцю фонду ААН у галіне народанасельніцтва Агнія Асановіч, па 10 снежня ў Беларусі праходзіць кампанія па папярэджванні насілля ў адносінах да жанчын і дамашняга насілля. Мэта кампаніі — прыцягнуць увагу грамадства да гэтай праблемы. Акрамя гэтага, Агнія Асановіч нагадала, што ўжо два гады ў нашай краіне працуе агульнанацыянальная гарачая лінія для ахвяр сямейнага насілля. Атрымаць ананімную кансультацыю юрыста і псіхолага можна штодня па тэлефоне 8-801-100-8-801.

Сяргей ГРЫБ.