Бітва містараў у Камянецкай школе

- 10:50Нам пішуць

Вечарам 24 лютага ў актавай сярэдняй школы № 1 Камянца было весела і ўрачыста. Гэтай падзеі доўга чакалі, а ўдзельнікі старанна і адказна рыхтаваліся да мерапрыемства. У школе прайшоў конкурс “Містар школы — 2018”, за перамогу ў якім змагаліся прадстаўнікі 6—7 класаў. Гэта была сумленная і яркая бітва.

Конкурсная праграма складалася з некалькіх этапаў: “Візітная картка”, дзе ўдзельнікі падрыхтавалі сваё партфоліа; “Інтэлектуальны” — канкурсантам трэба было адказаць на 10 пытанняў віктарыны ваеннай тэматыкі; “Цырульня”, калі ўдзельнікам конкурсу было прапанавана заплесці дзяўчынкам косы; “Свет маіх захапленняў”, дзе хлопцы расказалі пра сябе і прадэманстравалі таленты, захапленні і хобі. Так, у відэароліку Мікіта Шпак прадэманстраваў захапленне футболам; Ваня Каралюк разам з братам віртуозна ігралі на акардэоне; Мікіта Шаўчук паказаў хуткасць ва ўменні збіраць кубік Рубіка, а таксама прэзентаваў сваю калекцыю грашовых знакаў розных краін; Андрэй Крэмез расказаў пра сваё захапленне шахматамі і пачаставаў прысутных дранікамі; а Ягор Сірацюк пазнаёміў са светам маскі і прадэманстраваў частку сваёй калекцыі “Маскі-страшылкі”.

У перапынках конкурсу музычныя нумары падарылі ўдзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Музычная шкатулка” (кіраўнік Л.У.Латоцін): група 5 “А” класа, Марыя Вінічук, Ілья Грысевіч, Насця Гарахоўская.

Па выніках конкурснай праграмы журы, у складзе якога працавалі педагог-псіхолаг Алена Міхайлаўна Ліцкевіч, педагог-арганізатар Юлія Аляксандраўна Уласюк, 11-класніца прэзідэнт школьнага аб’яднання “Мы” Марыя Вінічук і вучаніца 7 “Б” класа віцэ-прэзідэнт школьнага аб’яднання “Мы” Настасся Іванова, вызначыла: тытул “Містар абаянне” заваяваў Іван Каралюк (7 “А”), “Містарам крэатыўнасць” стаў Ягор Сірацюк (6 “А”), самым стыльным быў прызнаны Андрэй Крэмез (6 “Б”), а тытул “Містар добры настрой” атрымаў Мікіта Шаўчук (6 “А”). Самы галоўны тытул “Містар школы — 2018” выйграў навучэнец 6 “А” класа Мікіта Шпак.

Гэтым вечарам навучэнцаў актыўна падтрымлівалі балельшчыкі, побач з імі былі іх мамы і класныя кіраўнікі. Віншуем нашых містараў і жадаем заўсёды заставацца такімі ж яркімі і вясёлымі!

Аляксандра САКАЛОЎСКАЯ,
педагог-арганізатар сярэдняй школы № 1 Камянца Брэсцкай вобласці.