Біяхімічныя прыярытэты прафесара Заводніка

Доктар біялагічных навук прафесар кафедры біяхіміі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ілья Заводнік паказвае міжкафедральную вучэбна-навуковую лабараторыю “Біяхімія і нутрыцэўтыка”. Тут адбываецца асноўны эксперыментальны працэс у рамках навуковых даследаванняў па біямедыцынскіх тэхналогіях.

Навуковыя інтарэсы прафесара Ільі Заводніка — малекулярная і клетачная біяфізіка, малекулярная спектраскапія, структуры і функцыі мембран, біяэнергетыка, клетачная сігналізацыя, рэактыўныя формы кіслароду.

Менавіта распрацоўку гродзенскіх навукоўцаў — тэхналогію аднаўлення клетак печані на аснове комплексу фізіялагічна актыўных злучэнняў, якія валодаюць высокай антыаксідантнай і супрацьзапаленчай актыўнасцю, — Бюро Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук уключыла ў спіс дзесяці лепшых работ у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў па выніках мінулага года.

Ілья Барысавіч расказвае, што кіраўніцтва Гродзенскага ўніверсітэта ў­дзяляе вялікую ўвагу аснашчэнню лабараторыі. У апошнія гады набыта самае сучаснае абсталяванне, якое дазваляе эфектыўна весці даследаванні: спектрафлуарыметры, спектрафатометры, спектрометры, палярограф, спектрометр электроннага парамагнітнага рэзанансу. Абсталяванне розных вытворцаў, і што асабліва радуе, беларускіх.

Навукоўцы ГрДУ вядуць работу разам з калегамі з Інстытута біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН Беларусі, у прыватнасці з прафесарам Вячаславам Ульянавічам Буко. Адзін з галоўных вынікаў — перспектыва выкарыстання раслінных субстанцый у якасці біялагічна актыўных злучэнняў і павышэнне фармалагічнай эфектыўнасці лекаў.

— У свеце налічваецца каля 400 тысяч злучэнняў расліннага паходжання. Многія з іх маюць унікальныя ўласцівасці, якія могуц­ь выкарыстоўвацца ў медыцыне і фармакалогіі, — гаворыць Ілья Барысавіч. — Мы даследуем мясцовыя расліны. Так, добрыя перспектывы ў лячэнні печані паказалі злучэнні квертыцын (комплекс флаваноідаў з журавін) і бетулін, які здабываецца з кары бярозы.

Былі праведзены даследаванні разам з нямецкімі, польскімі, кітайскімі навукоўцамі. Вынікі публікуюцца у аўтарытэтных міжнародных часопісах і маюць высокую цытатнасць, што з’яўлялася адным з крытэрыяў уключэння ў спіс лепшых навуковых работ. У 2020 годзе было некалькі такіх значных публікацый. Так, у часопісе Journal of Molecular Liquids група навукоўцаў — Ілья Заводнік, Вячаслаў Буко і яшчэ 12 суаўтараў з ГрДУ імя Янкі Купалы, Інстытута біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН Беларусі і Універсітэта Лодзі — апублікавала артыкул аб стварэнні комплекснага біялагічна актыўнага злучэння бетуліну і малекулярнага кантэйнера — цыкладэкстрыну (нетаксічнага вытворнага крухмалу) і выяўленні фізіка-хімічных і фармакалагічных уласцівасцей гэтага комплексу. Аўтары артыкула адзначаюць, што комплекс значна павышае біядаступнасць бетуліну, эфектыўна папярэджвае таксічнае паражэнне печані.

У часопісе Physics and Chemistry of Liquids прадстаўлена даследаванне, дзе высвятляецца механізм фарміравання комплексу малекулярнага кантэйнера — цыкладэкстрыну з лекавымі прэпаратамі карбендазімам і тыябендазолам. Стварэнне комплексу павінна істотна павысіць фармакалагічную эфектыўнасць лекавых сродкаў.

Артыкул, прысвечаны высвятленню малекулярных механізмаў узаемадзеяння флаваноідаў, біялагічна актыўных злучэнняў расліннага паходжання, з клеткавымі кампанентамі, быў надрукаваны ў часопісе Biomembranes.

— Калі прааналізаваць публікацыі, звязаныя з даследаваннямі лячэння печані і пошукам новых фармацэўтычных сродкаў, то цікавасць да гэтага кірунку назіраецца ва ўсім свеце, — расказвае Ілья Барысавіч. — Нашы тэарэтычныя высновы пацверджаны на лабараторных жывёлах. Мы не ствараем новыя лекі, а паказваем шляхі, па якіх можна прасоўвацца ў іх стварэнні. Гэтыя адкрыцці будуць карыснымі для фармацэўтычнай галіны і, галоўнае, у перспектыве — для пацыентаў з паталогіямі печані.

Навуковыя даследаванні прафесара Заводніка падтрымліваліся грантамі Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў, Міжнароднага і Еўрапейскага навуковых фондаў. Вынікі яго даследаванняў апублікаваны больш чым у 300 навуковых выданнях, былі прадстаўлены на шматлікіх міжнародных канферэнцыях.

— Універсітэт ганарыцца дасягненнямі Ільі Барысавіча. Ён з’яўляецца прыкладам не толькі для маладых вучоных, якія пачынаюць сваю навуковую дзейнасць, але і для сталых калег, якія ўжо маюць навуковыя дасягненні. Дабрыня, спагадлівасць, вялікая працаздольнасць, гатоўнасць заўсёды прыйсці на дапамогу — тыя якасці, за якія шануюць Ілью Барысавіча студэнты і калегі, — гаворыць прарэктар па навуковай рабоце ГрДУ Юрый Яцантавіч Раманоўскі.

Актыўна ўдзельнічаюць у даследаваннях студэнты, магістранты і аспіранты прафесара Заводніка. Даследуюцца перспектыўныя з пункта гледжання фармакалогіі хімічныя злучэнні раслін і іх уплыў на хваробы сэрца, печані, цукровы дыябет. Напрыклад, аспірантка Таццяна Каваленя 5 гадоў працуе на кафедры біяхіміі ГрДУ імя Янкі Купалы. Пад навуковым кіраўніцтвам І.Б.Заводніка даследуе структуру і функцыянальныя асаблівасці мітахондрый сэрца. Нядаўна пад яго навуковым кіраўніцтвам старшы выкладчык кафедры біяхіміі ГрДУ Таццяна Ільіч абараніла кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную функцыянаванню мітахондрый печані. У 2020 годзе гэтая дысертацыя прызнана лепшай у краіне ў галіне прыродазнаўчых навук. А ўвогуле, Ілья Барысавіч быў навуковым кіраўніком цэлай плеяды маладых даследчыкаў.

Для студэнтаў біялагічных спецыяльнасцей Ілья Заводнік разам з калегамі падрыхтаваў лабараторны практыкум па біяхіміі, які вытрымаў ужо трэцяе выданне. Шлях многіх маладых людзей у навуку пачынаецца менавіта ў лабараторыі, дзе яны выконваюць свае першыя даследаванні.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.