Біялогія, эргатэрапія

- 15:43Абитуриент

Якія запатрабаваныя спецыяльнасці прапануе Палескі дзяржаўны ўніверсітэт будучым студэнтам? 

Пра тое, чым яшчэ прываблівае ўстанова абітурыентаў, раскажа дэкан факультэта дадатковай адукацыі Ірына Прыго­дзіч.

Сёлета студэнтамі Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта стануць 838 абітурыентаў: за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту будуць вучыцца 484 студэнты, 354 абітурыенты будуць залічаны на платнае навучанне. 

У гэтым годзе Палескі дзяржаўны ўніверсітэт будзе набіраць абітурыентаў на факультэт эканомікі і фінансаў, біятэхна­лагічны і інжынерны факультэты, а таксама на факультэт арганізацыі здаровага ладу жыцця.

“Факультэт эканомікі і фінансаў бу­дзе прымаць абітурыентаў на такія спецыялізацыі, як “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (знешнеэканамічныя сувязі)”, “Фінансавая і банкаўская эканоміка”, “Фінансы і крэдыт”, “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”, “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт у прамысловасці”, “Бізнес-адміністраванне ў сферы вытворчасці і паслуг”, “Менеджмент (у сферы міжнароднага турызму)”, “Маркетынг прадпрыемстваў прамысловасці”, “Кіраванне інавацыйнымі праектамі прамысловых прадпрыемстваў”, — пералічыла дэкан факультэта дадатковай адукацыі. 

Біятэхналагічны факультэт прапануе абітурыентам такія кірункі, як “Біялогія (навукова-вытворчая дзейнасць)”, “Біялогія (біятэхналогія)”, “Біяхімія” і “Аналітычная біяхімія”. На інжынерным факультэце можна выбраць спецыяльнасці “Інфармацыйныя тэхналогіі фінансава-крэдытнай сістэмы”, “Тэхналогія перапрацоўкі рыбнай прадукцыі” альбо “Ландшафтнае праектаванне”. 

Факультэт арганізацыі здаровага ладу жыцця таксама мае шырокі пералік спецыяльнасцей: “Фізічная культура (лячэбная)”, “Фізічная культура (дашкольнікаў)”, “Аздараўленчая і адаптыўная фізічная культура (аздараўленчая)”, “Аздараўленчая і адаптыўная фізічная культура (адаптыўная)”, “Фізічная рэабілітацыя і эргатэрапія (фізічная рэабілітацыя)”, “Фізічная рэабілітацыя і эргатэрапія (эргатэрапія)”, “Спартыўна-педагагічная дзей­насць (трэнерская работа з указаннем віду спорту)”.

Па большасці спецыяльнасцей тэрмін навучання на дзённай форме складае 4 гады. Выключэннем сталі некалькі кірункаў. Так, на спецыяльнасцях “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (знешнеэканамічныя сувязі)” і “Фінансавая і банкаўская эканоміка” студэнты будуць вучыцца 4,5 года, а тыя, хто выбера “Біялогію (навукова-вытворчую дзейнасць)”, бу­дуць студэнтамі 5 гадоў. 

“У Палескім дзяржаўным універсітэце таксама ажыццяўляецца навучанне на завочнай форме, — працягвае І.Прыго­дзіч. — На скарочанай форме студэнты вучацца 5 гадоў. Што тычыцца конкурсу на спецыяльнасці дзённай формы навучання, то найбольш высокі зафіксаваны на “Фізічнай культуры (лячэбнай)” (3,4 чалавека на месца), “Менеджменце (у сферы міжнароднага турызму)” (3,0), “Маркетынгу” (3,0), а таксама на спецыяльнасцях “Фізічная рэабілітацыя і эргатэрапія (фізічная рэабілітацыя)” (1,9), “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый” (2,8)”.

У мінулую ўступную кампанію цікавасцю ў абітурыентаў карысталіся новыя спецыяльнасці, на якія летась упершыню ажыццяўляўся набор. Так, конкурс на “Кіраванне інавацыйнымі праектамі прамысловых прадпрыемстваў” склаў 2,2 чалавека на месца, а на спецыяльнасць “Біяхімія” — 2 чалавекі на месца. Прахадныя балы на згаданыя кірункі знаходзіліся на ўзроўні 293 і 281 адпаведна.

“Шматгранныя спецыяльнасці ўніверсітэта даюць нашым выпускнікам шырокі спектр магчымасцей у працаўладкаванні, — запэўнівае Ірына Прыгодзіч. — Напрыклад, студэнты спецыяльнасці “Біялогія (біятэхналогія)” размяркоўваюцца ў Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні, на Беларуска-галандскае сумеснае прадпрыемства “Фармлэнд”, “Савушкін прадукт”, Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў, а таксама на замежнае прадпрыемства “Інка-фуд”, у Брэсцкі цэнтр стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі, на парфумерна-касметычную фабрыку “Сонца” і інш.

Тыя, хто заканчвае навучанне па спецыяльнасцях “Страхаванне”, “Фінансы”, “Банкаўская справа”, атрымліваюць першыя рабочыя месцы ў Нацыянальным банку, Белдзяржстраху, Белнафтастраху і інш. 

Выпускнікі спецыяльнасці “Інфармацыйныя тэхналогіі фінансава-крэдытнай сістэмы” ідуць працаваць у шматлікія ІТ-кампаніі, а тыя, хто вучыўся на “Прамысловым рыбаводстве”, атрымліваюць першыя рабочыя месцы ў кампаніях “Санта Брэмар”, “Белрыба” і інш.

***

Лабараторыі для навукі

У Палескім дзяржаўным універсітэце працуюць 6 навукова-педагагічных школ. Іх дзейнасць ажыццяўляецца пад кіраўніцтвам прафесарска-выкладчыц­кага складу, які мае высокія дасягненні ў навукова-даследчай дзейнасці. Удзельнікі навуковых школ праводзяць фундаментальныя даследаванні, даследаванні прыкладнога характару па актуальных напрамках развіцця навукі, а таксама работу з адоранай моладдзю.

“Навукова-педагагіч­ныя школы нашага ўні­версітэта працуюць па такіх кірунках, як “Фінансавы і банкаўскі інжынірынг”, “Экаінжынерыя і рацыянальнае прыродакарыстанне”, “Бія­рэгулятары і клетачныя працэсы”, “Фінансы”, — пералічвае дэкан факультэта дадатковай адукацыі. — Таксама ў нас створаны навуковая школа кафедры міжкультурных камунікацый і спартыўнай антрапалогіі. Апошняя, дарэчы, займаецца спартыўным адборам і спецыялізацыяй у алімпійскіх водных відах спорту дыстанцыйнага характару (плаванне, акадэмічнае веславанне і веславанне на байдарках і каноэ). Таксама супрацоўнікі школы праводзяць адбор, селекцыю і суправаджэнне нацыянальнай каманды па веславанні на байдарках і каноэ, займаюцца пытаннямі арыентацыі ў веславанні на байдарках і каноэ і ў  акадэмічным веславанні па Брэсцкай вобласці.

Як і ў любой іншай УВА, у Палескім дзяржаўным універсітэце вялікая ўвага ўдзяляецца навукова-даследчай рабоце. Яна ў першую чаргу накіравана на падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў. Яшчэ адна важная задача навукова-даследчай работы — дапамагчы студэнтам авалодаць неабходнымі ведамі аб методыках і сродках самастойнага рашэння навуковых і практычных задач, якія пасля можна перавесці ў распрацоўкі і, як вынік, укараніць у вучэбны працэс, а таксама ў розныя галіны народнай гаспадаркі.

“Асноўнымі форма­мі арганізацыі навукова-даследчай работы сту­дэнтаў з’яўляюцца навуковыя даследаванні падчас выканання лабараторных, курсавых і дыпломных работ, а таксама падрыхтоўка і правядзенне навукова-практычных семінараў і канферэнцый, — пералічвае І.Прыгодзіч. — Нашы студэнты заўсёды ахвотна прымаюць удзел у навукова-практычных мерапрыемствах, выконваюць індывідуальныя даследчыя заданні ў перыяд тэарэтычнага навучання і падчас вучэбных і вытворчых практык, а таксама займаюцца індывідуальнай работай у навуковых падраздзяленнях з навуковымі кіраўнікамі. Рэалізацыі навуковай дзейнасці садзейніча­юць навукова-даследчыя лабараторыі, навуковыя гурткі, клубы і інш. Што тычыцца студэнцкіх работ, то праекты закранаюць розныя сферы дзейнасці. Гэта даследаванні ў галіне адукацыі, інфармацыйных тэхналогій, здаровага ладу жыцця, харчавання, біятэхналогіі, эка­но­мікі і г.д”.

***

Супрацоўніцтва

У Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта падпісаны 50 пагадненняў аб супрацоўніцтве з замежнымі ўстановамі адукацыі і іншымі арганізацыямі.  Найбольш паспяхова развіваюцца партнёрскія сувязі з універсітэтамі Расіі, Украіны і Германіі.

“Міжнароднае супрацоў­ніцтва з’яўляецца неад’емным складнікам дзейнасці Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта і ажыццяўляецца на прынцыпах роўнасці і ўзаемнай выгады, — падк­рэсліла Ірына Аляксандраўна. — Штогод ва ўніверсітэце праходзіць некалькі міжнародных канферэнцый і семінараў. Сярод іх — міжнародная студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя “Навуковы патэнцыял моладзі — будучыні Беларусі”, міжнародная навукова-практычная канферэнцыя па пытаннях банкаўскай эканомікі “Банкаўская сістэма: устойлівасць і перспектывы развіцця”, міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Устойлівае развіццё эканомікі: стан, праблемы, перспектывы”, міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Здароўе для ўсіх”.

Сёння Палескі дзяржаўны ўніверсітэт уваходзіць у групу УВА, якія далучыліся да навуковага праекта “Сінергія адукацыйных, навуковых, кіраўніцкіх і прамысловых кампанентаў для кіравання кліматам і прадухілення змянення клімату”, што рэалізуецца да 2023 года. Ён прадугледжвае навучанне кваліфікаваных менеджараў па клімаце. А ідэя ва ўсім гэтым простая: праектныя каманды вывучаюць перадавы вопыт ЕС, адбіраюць і вучаць персанал, распрацоўваючы міждысцыплінарны вучэбны модуль па прадухіленні, адаптацыі і змякчэнні наступстваў змянення клімату.

“Мэта праекта — дапамагчы ўніверсітэтам стаць цэнтрамі развіцця даследаванняў у галіне кіравання кліматам, паскорыць інтэграцыю ў глабальны кліматычны рынак і забяспечыць адпавед­насць патрабаванням глабальнага кліматычнага рэгулявання шляхам набыцця лепшых еўрапейскіх практык у галіне прадухілення змянення клімату”, — зазначыла І.Прыго­дзіч.

Наталля САХНО.