Бізнес-праекты ад юных фермераў

Маладыя людзі Гомельскай вобласці прадставілі праекты ў міжнароднай бізнес-гульні “Пачынаючы фермер”. На рэгіянальным узроўні да гульні далучыліся юнакі і дзяўчаты рознага ўзросту: ад школьнікаў да студэнтаў і маладых фермераў.

Як расказалі ў БРСМ рэгіёна, эксперты разгле­дзяць праекты ў пяці намінацыях: “Жывёлагадоўля, птушкагадоўля, рыбаводства, аквакультура і пчаляр­ства”; “Раслінаводства, садоўніцтва і ландшафтны дызайн”; “Паляводства і агародніцтва”; “Агратурызм”; “Сельскагаспадарчая кааперацыя і вольная тэма”.

Тэматыка праектаў розная. Напрыклад, дзеці з Рэчыцкага аграрнага каледжа распрацавалі праект сялянска-фермерскай гаспадаркі “Блакітны бераг”, які плануюць рэалізаваць побач з райцэнтрам. Там з дапамогай спецыялістаў дзеці будуць вучыцца пераадольваць страхі ці проста добра бавіць час з жывёламі.

Па папярэдніх разліках, праект навучэнцаў сярэдняй школы № 2 Ельска — студыя ландшафтнага дызайну LanD — павінен акупіцца крыху больш, чым за паўгода. Выпускнік Гомельскага дарожна-будаўнічага каледжа Мікіта Тачылкін прапанаваў гідрапанічны праект “Сады Семіраміды”. Гэта комплекс ферм, якія культывуюць агародніну, садавіну і ягады на аснове гідрапонікі. Па задуме аўтара, у адной цяпліцы атрымаецца размясціць больш за 4 тысячы высадкаў — 5 пралётаў па 4 замкнёныя гідрапанічныя сістэмы. Пачаць работу фермы Мікіта плануе з вырошчвання салаты латуку і за адзін ураджай сабраць звыш 850 кг. Такім чынам за год можна са­браць 3—4 ураджаі.

Бізнес-гульня ўключае абласны, нацыянальны і міжнародны этапы. Лепшыя рэгіянальныя каманды будуць анлайн абараняць свае праекты перад экспертным саветам на рэспубліканскім узроўні. Міжнародны этап плануюць правесці ў вочным фармаце з абаронай праектаў у адным з рэгіёнаў Расіі. Пераможцаў узнагародзяць дыпломамі і памятнымі падарункамі. Плануецца, што іх запросяць на стажыроўкі ў краіны-ўдзельніцы — Беларусь, Расію, Кыргызстан, Казахстан і Арменію.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.