Бізнес-праекты вынесены на WorldSkills

Экспертам у прафесійнай кампетэнцыі “Праграмныя рашэнні для бізнесу” ў міжнародным руху WorldSkills Belarus ужо некалькі гадоў запар выступае намеснік начальніка інфармацыйна-аналітычнага цэнтра прафесійнай адукацыі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі выкладчык вышэйшай катэгорыі Вольга Міхайлаўна Бялоцкая. Яна скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “Матэматыка”, прайшла курсы перападрыхтоўкі па інфармацыйных тэхналогіях, эканоміцы, тэсціраванні і наладцы праграмнага забеспячэння. Вольга Міхайлаўна працавала ў Мінскім дзяржаўным каледжы электронікі. Яе біяграфія цесна звязана з рухам WorldSkills і насычана цікавымі падзеямі. Разам са сваімі выхаванцамі яна ўдзельнічала ў чэмпіянаце краін — членаў Еўразійскай прасторы ў рамках фіналу V Нацыянальнага чэмпіянату “Маладыя прафесіяналы” (WorldSkills Russia — 2017), у чэмпіянаце China International Skills Competition 2017, у г.Суджоу (Кітай), у Міжнародным чэмпіянаце прафесійнага майстэрства WorldSkills 2017 у Абу-Дабі (ААЭ). У лютым гэтага года выступала ў ролі незалежнага эксперта WorldSkills у Рэспубліцы Казахстан (Актау). Сёння В.М.Бялоцкая расказвае пра сутнасць прафесійнай кампетэнцыі, якую яна курыруе.

— Прафесійная кампетэнцыя “Праграмныя рашэнні для бізнесу” (IT Software Solutions for Business) прадугледжвае падрыхтоўку IT-спецыялістаў, якія павінны авалодаць ведамі ў праграмных рашэннях для бізнесу. Усе гэтыя прафесійныя навыкі могуць быць выкарыстаны ў многіх сферах жыццядзейнасці, ахопліваць галіны, культуры, мовы. MicrosoftOffice, безумоўна, самы папулярны пакет офіснага праграмнага забеспячэння, што дазваляе спецыялістаў гэтай сферы рабіць высоказапатрабаванымі членамі супольнасці інфармацыйных тэхналогій. Існуюць тысячы кампаній, якія, несумненна, маюць патрэбу ў паляпшэнні навучання па выкарыстанні гэтых офісных дадаткаў. Многія з іх выйграюць ад таго, што ствараюць індывідуальныя бізнес-праекты для ўдасканалення прафесійнага майстэрства спецыялістаў такога напрамку. Пры гэтым плануецца выкарыстанне MicrosoftOffice ў якасці асновы праграмнага забеспячэння, аналізуецца патрабаванне бізнес-праектаў, выкарыстоўваюцца тэхнічныя веды для распрацоўкі і тэсціравання праграмнага забеспячэння, распрацоўкі мабільных дадаткаў. Такога роду спецыялісты павінны ўмець працаваць з XML-данымі, будаваць UML-дыяграмы, праектаваць і ствараць інтэрфейс у адпаведнасці з патрабаваннямі кліента і шэраг іншых функцый. Як бачна, гэтая кампетэнцыя звязана як з праектаваннем, так і з распрацоўкай праграмнага забеспячэння. Каб выканаць заданне, неабходны веды ў сферы пабудовы UML-дыяграм у RationalRose або PowerDesigner, ОС Windows 10, VisualStudio 2017, MySQL, SQL, Microsoft SQL ServerExpress. Прапануецца мова праграмавання JAVA, C#, для распрацоўкі мабільнай версіі выкарыстоўваецца Xamarin, AndroidStudio.

Конкурснае заданне на спаборніцтвах па гэтай кампетэнцыі прысвечана ўкараненню ІТ-тэхналогій у аэрапорце і аказанню паслуг пасажырам. Заданне складаецца з 4 модуляў, кожны з якіх павінен быць выкананы на працягу дня. У першы дзень канкурсанты распрацоўваюць структуру, базу даных і вывучаюць прадметную галіну з прапановай аўтаматызаваць працэс куплі анлайн-квіткоў з выбарам паслуг, месцаў, перасадак у аэрапорце. Другая частка работы складаецца з аўтаматызацыі сістэмы кантролю персаналам, улічваючы гадзіны палётаў. Наступны модуль уяўляе сабой распрацоўку мабільнай версіі інфармацыйнага дадатку. У апошні дзень канкурсанты павінны правесці тэсціраванне і прэзентацыю праграмнага прадукту.

Цяпер праходзяць адборачныя туры канкурсантаў, якія будуць удзельнічаць у маі ў нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills Belarus 2018 па прафесійнай кампетэнцыі “Праграмныя рашэнні для бізнесу”. У рэспубліканскім конкурсе выступяць па адным прадстаўніку ад абласцей і Мінска, а таксама плануецца ўдзел канкурсантаў з Расійскай Федэрацыі і Марока.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.