“Бізнеслэнд”: шлях да поспеху

- 11:11Нам пішуць

Ханявіцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа Свіслацкага раёна далучыўся да рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання прадпрымальніцкай культуры навучэнцаў праз арганізацыю сеткавых бізнес-супольнасцей”. Тут працаваў аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Бізнеслэнд”, у якім дзеці не толькі адпачывалі, але і вывучалі эканоміку і фінансы.

Уся праграма лагера была пабудавана на гульні “Юны бізнесмен”: тэарэтычныя веды па фінансавай і эканамічнай дасведчанасці адразу замацоўваліся на практыцы. Дзеці даследавалі сутнасць тавараў і паслуг, даходаў і выдаткаў, банкаўскай сістэмы і г.д. А пасля ўдзельнічалі ў эканамічнай “АБВГДэйцы” крыжаванках, квест-гульні “Грошы любяць лік”, гульні-вандроўцы “Манетны двор”, дзелавой гульні “Бюджэт маёй сям’і”, пазнавальных занятках з элементамі эксперыменту “Юныя даследчыкі”, калектыўна-творчых справах “У гасцях у гнома Эканома” і “Сакрэты эканоміі”. Далучаліся выхаванцы і да школьнай сеткавай бізнес-супольнасці “Азбука грошай”.

Уважліва ставіцца да заняткаў іх матывавала спаборніцтва паміж атрадамі. Прымаючы ўдзел у атрадных мерапрыемствах, акцыях, сацыяльна значных праектах, дзеці атрымлівалі бонусы.

Па-іншаму ўзнагароджвалі за актыўнасць у спартыўных, творчых і працоўных справах — выхаванцы атрымлівалі лагерную валюту. Напрыклад, звярнуўшыся на “Біржу працы”, дзіця магло выбраць заданне і атрымаць за яго выкананне “грошы”. Патраціць іх можна было ў канцы змены падчас “Беларускага кірмашу” на сувеніры і прысмакі, зробленыя самімі выхаванцамі і настаўнікамі. Гульня з грашовымі адзінкамі дапамагала замацаваць прадстаўленні пра асабістыя фінансы і эканоміку ўвогуле.

Дзеці і іх бацькі прымалі ўдзел у рэспубліканскай акцыі “Малая радзіма — эстафета карысных спраў”. З улікам эканамічнага профілю экскурсіі праводзілі не толькі ў самых маляўнічых мясцінах нашай малой радзімы, але і на мясцовых прадпрыемствах. Такія візіты мусяць павысіць цікавасць да прафесій, запатрабаваных у сельскай мясцовасці. Падчас наведвання філіяла ААА “АСБ Беларусбанк” гарадскога пасёлка Поразава выхаванцы даведаліся пра банкаўскую сістэму, функцыі крэдытаў, укладаў, страхавых полісаў і каштоўных папер. Сустрэліся дзеці і з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, у якіх з цікавасцю распытвалі пра складанасці і рызыку ў іх дзейнасці.

Вандроўка па малой радзіме праводзілася сумесна з сельскім філіялам-клубам, бібліятэкай — цэнтрам краязнаўства аграгарадка Ханевічы, Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі Свіслачы, раённым Цэнтрам турызму і краязнаўства. Разам стараліся стварыць умовы, у якіх дзеці маглі б праявіць інтэлектуальныя і творчыя здольнасці, турысцкія і спартыўныя ўменні, ініцыятыву і лідарскія якасці.
Майстар-клас “Выраб птушкі шчасця” і гульнявая праграма “Разам весела гуляць”, праведзеныя педагогамі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Свіслачы, развівалі крэатыўнасць і самастойнасць. А педагогі Цэнтра турызму і краязнаўства арганізавалі турыстычную эстафету.

Усе мерапрыемствы садзейнічалі фарміраванню прадпрымальніцкай культуры малодшых школьнікаў, развіццю мэтанакіраванасці, дзелавітасці, упэўненасці ў сваіх сілах, а таксама пашырэнню кругагляду, павышэнню сацыяльнай актыўнасці і, канечне, выхаванню любові да малой радзімы.

Зінаіда ПАРМОНІК,
дырэктар лагера “Бізнеслэнд”
Ханевіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Свіслацкага раёна.