Бізнесмены за школьнай партай

- 11:36Навіны рэгіёнаў

Пасля заняткаў гэтыя юнакі і дзяўчаты збіраюцца разам, каб абмеркаваць бізнес-план, прадумаць стратэгію развіцця, вырабіць новую прадукцыю і заняцца яе прамоўшнам. А ўсё таму, што аднойчы гэтыя падлеткі вырашылі паспрабаваць свае сілы ва ўласнай справе і сталі ўдзельнікамі бізнес-кампаній. І трэці год запар самыя актыўныя з іх збіраюцца разам на фестывалі навучэнскіх бізнес-кампаній, які праводзіцца ў Мінскай вобласці.

Мінская вобласць была ініцыятарам стварэння ў Беларусі бізнес-кампаній ва ўстановах адукацыі. Першыя з іх з’явіліся ў 2011/2012 навучальным годзе. Сёння на Міншчыне дзейнічае 121 бізнес-кампанія, з’яўляюцца аналагічныя арганізацыі і ў іншых рэгіёнах. Дзейнічаюць яны ў школах і гімназіях, установах прафесійнай і дадатковай адукацыі. Кампаніі працуюць па розных кірунках, шукаюць і знаходзяць “сваю нішу”, набіраюцца вопыту. Гэтым вопытам і ідэямі яны і дзеляцца на фестывалі.

— Прыемна назіраць, што бізнес-кампаніі развіваюцца, — расказвае Марына Аляксееўна Краснова, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце МАІРА. — Пачынаючы гэтую справу, мы ставілі мэтай не заробак дзецьмі грошай, а атрыманне імі эканамічных ведаў. І многія школьнікі, папрацаваўшы ў кампаніях, пасля наведвання адпаведных факультатываў выбіраюць эканамічныя спецыяльнасці і падчас навучання адчуваюць сябе ўпэўнена. Такі вопыт карысны для кожнага, бо атрыманыя веды дапамагаюць у паўсядзённым жыцці. Навучэнцы лепш разумеюць эканамічныя законы і працэсы, умеюць распараджацца грашыма і многае іншае.

Заяўкі на ўдзел у фестывалі падалі 32 бізнес-кампаніі. Экспертная група прааналізавала бізнес-планы, і прадстаўнікі 21 кампаніі былі запрошаны да ўдзелу ў фінальным мерапрыемстве ў МАІРА. Падчас стэндавага прадстаўлення навучэнцы расказалі экспертам пра сваю дзейнасць, прадэманстравалі тавары, расказалі пра паслугі і пра тое, як арганізавана работа кампаніі. Юныя бізнесмены вырошчваюць для продажу расаду пладовых і дэкаратыўных раслін, вырабляюць упрыгожванні і сувеніры, шыюць адзенне, пасцельную бялізну, сурвэткі і абрусы, аказваюць турыстычныя, паліграфічныя, цырульніцкія і іншыя паслугі.

Кожная кампанія — гэта не гульня ў бізнес, а сапраўдная справа, хоць і ў невялікіх маштабах. Хлопцы і дзяўчаты праходзяць усе этапы стварэння і развіцця кампаніі, працуюць з дакументамі і грашыма. Напрыклад, кампанія “Шкаляр”, якая дзейнічае ў гімназіі № 6 Маладзечна, займаецца вытворчасцю паліграфічных вырабаў і аказвае паліграфічныя паслугі. Навучэнцы ствараюць блакноты, календары, закладкі, могуць раздрукаваць і адксеракапіраваць патрэбны матэрыял, вырабіць і заламінаваць памяткі па розных вучэбных прадметах. У кампаніі ёсць старшыня, якому падпарадкоўваюцца некалькі аддзелаў — вытворчы, маркетынгавы, фінансавы, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і па рабоце з персаналам.

— Раз на тыдзень мы збіраемся, каб абмеркаваць планы развіцця, — расказвае Арына Курсава, удзельніца бізнес-кампаніі “Шкаляр”. — Напрыканцы месяца выплач-ваецца зарплата, яна невялікая, усяго паўтара рубля, і некаму, можа, здаецца, што справа не вартая намаганняў. Але гэта не так. Акрамя грошай, мы атрымліваем неверагодны вопыт — вучымся ўзаемадзейнічаць са спажыўцамі, выжываць на рынку.

І сапраўды, для дзяцей удзел у бізнес-кампаніі — гэта магчымасць праявіць сябе, пазнаёміцца з законамі бізнес-сферы на практыцы, паспрабаваць адкрыць сваю справу без рызыкі вялікіх страт. Пры гэтым яны вучацца спраўляцца з разнастайнымі цяжкасцямі і выклікамі, адаптавацца да хуткіх змен.

— Наша кампанія існуе з верасня мінулага года, мы займаемся арганізацыяй мерапрыемстваў, — расказвае кіраўнік кампаніі “Чыта-шоу” Вераніка Макарава, вучаніца негарэльскай сярэдняй школы №1. — У нашым населеным пункце гэтай жа справай займаецца яшчэ некалькі арганізацый, у тым ліку Дом культуры і індывідуальны прадпрымальнік, але нам удаецца з імі канкурыраваць. Мы прапануем індывідуальны падыход да кожнага, шырокі спектр паслуг, самі ствараем унікальныя сцэнарыі, адаптаваныя да розных свят, і нашы спажыўцы застаюцца задаволенымі.

Кожная кампанія імкнецца развівацца і шукаць новыя ідэі, сугучныя з сучаснымі тэндэнцыямі. Так, кампанія “Эргана” Капыльскага дзяржаўнага каледжа — шматпрофільнае прадпрыемства. Ужо зараз кампанія адна з найбуйнейшых і найбольш паспяховых у вобласці, але не спыняецца на дасягнутым і ўвесь час прыдумвае нешта новае. Нядаўна, напрыклад, вырашылі шыць адзенне для папулярных сёння фотасесій у стылі “family look” — калі ўсе члены сям’і апранаюцца аднолькава або падобна.

Шмат увагі ўдзяляюць кампаніі і прасоўванню свайго тавару і паслуг — актыўна ствараюць сайты, выкарыстоўваюць магчымасці сацыяльных сетак, наладжваюць сувязі з рознымі арганізацыямі. Напрыклад, удзельнікі кампаніі “Дару.nak” сярэдняй школы № 13 Барысава, змаглі зацікавіць сваёй сувенірнай прадукцыяй некаторыя прадпрыемствы горада, якія цяпер заказваюць у навучэнцаў падарункі на святы для сваіх супрацоўнікаў. Дзякуючы актыўнай рабоце калектыву, кампанія нават выйшла на міжнародны рынак — атрымала заказы з Францыі і Расіі.

На фестывалі лепшыя бізнес-кампаніі былі ўзнагароджаны спецыяльнымі дыпломамі ў чатырох намінацыях: “За лепшую бізнес-ідэю”, “Самы якасны бізнес-план”, “Найбольш эфектыўнае прасоўванне вырабленага тавару ці паслугі”, а таксама “За найбольш яркую прэзентацыю сваёй кампаніі”.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.