Бізнесу вучацца ў школе

Паспрабаваць сябе ў ролі бізнэсмена можна ўжо ў школе. І дапамагаюць у гэтым школьныя бізнес-кампаніі, якія вырашаюць мноства пытанняў, звязаных са сферай пазаўрочнай занятасці навучэнцаў, арганізацыяй вольнага часу, развіццём прадпрымальніцкіх навыкаў, а таксама з’яўляюцца адной з формаў дапрафесійнай падрыхтоўкі.

У сярэдняй школе № 3 Ваўкавыска бізнес-кампанія “Рукадзельніца” дзейнічае з 2016 года. Асноўная мэта — вытворчасць і рэалізацыя швейнай прадукцыі на базе школьных майстэрняў абслуговай працы.

Пачыналі з самага простага — пашыву ручнікоў. Потым паступіў заказ на выраб пасцельнай бялізны для дапаможнай школы-інтэрната. А ў гэтым годзе ўдзельнікі бізнес-кампаніі вырашылі вырабіць сувенірную прадукцыю — навагоднія цацкі. Усю гэтую работу навучэнцы выконваюць пад кіраўніцтвам настаўніка абслуговай працы Алены Уладзіміраўны Шацкай.

Удзел у рабоце бізнес-кампаніі фарміруе ўпэўненасць ва ўласных сілах, выхоўвае такія якасці асобы, як прадпрымальнасць, уменне аператыўна вырашаць пастаўленыя задачы. Фарміраванне ў вучняў першасных навыкаў вядзення бізнесу дазволіць ім, скончыўшы школу, больш падрыхтаванымі ўступіць у самастойнае жыццё, быць больш упэўненымі ў выбары прафесіі.

Вера БУЦЬКО,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ № 3 Ваўкавыска.