Бліскучая камандная работа

- 14:43Адукацыйная прастора

Удзельнікаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы сёлета гасцінна сустракалі ў Баранавічах. Інтэлектуальныя спаборніцтвы прайшлі на базе Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сферы абслугоўвання, дзе былі створаны спрыяльныя ўмовы для прадукцыйнай работы і камфортнага адпачынку навучэнцаў. Каманды 6 абласцей рэспублікі, Мінска і Ліцэя БДУ сабраліся паспаборнічаць за права называцца лепшымі ў краіне знаўцамі царыцы навук.

Дыпламанты алімпіяды У.Кошчанка, А.Новік і А.Здановіч.

У інтэлектуальных спаборніцтвах прынялі ўдзел 164 беларускія школьнікі, з іх — 45 адзінаццацікласнікаў, 44 дзесяцікласнікі, 39 дзевяцікласнікаў і 36 васьмікласнікаў. Прадэманстраваць свае веды з’ехаліся як прадстаўнікі ўстаноў адукацыі новага тыпу, так і школ, якія знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, як масцітыя алімпіяднікі, так і навічкі ў алімпіядным руху.

Асаблівасцю алімпіяды па матэматыцы з’яўляецца ўдзел у ёй замежных школьнікаў. Сёлета ў Баранавічы завіталі 6 школьнікаў з Украіны, сярод якіх былі арганізаваны свае матэматычныя спаборніцтвы.

Удзельнікі алімпіяды і члены журы адзначылі высокі ўзровень арганізацыі спаборніцтваў: камфортнае пражыванне, спрыяльныя ўмовы для работы, цікавую культурную праграму (аглядная экскурсія па горадзе, наведванне прадпрыемства “Блакіт”, музея цягнікоў, прагляд спектакля).

— На заключны этап алімпіяды з’ехаліся лепшыя знаўцы матэматыкі, якія прадэман­стравалі высокі ўзровень ведаў, — адзначыў старшыня журы рэспубліканскай алімпіяды, загадчык кафедры вышэйшай матэматыкі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Сяргей Аляксеевіч Мазанік. — Сёлета ў 11 класе 2 чалавекі атрымалі максімальную колькасць балаў — 60 з 60. Гэта радуе. Вучням былі прапанаваны па 4 задачы ў кожны з двух дзён матэматычных спаборніцтваў. Тэматыка іх стандартная: задачы па алгебры, геаметрыі, тэорыі лікаў, камбінаторныя задачы. Імкнёмся, каб узровень найбольш складаных задач адпавядаў узроўню міжнароднай алімпіяды. Мне падаецца, што сёлетнія задачы былі дастаткова цікавымі. І вучні паспяхова справіліся з імі. На падставе вынікаў алімпіяды школьнікі будуць адабраны на вучэбна-трэніровачныя зборы, падчас якіх сфарміруецца каманда з 6 чалавек на міжнародную алімпіяду, якая сёлета пройдзе ў Вялікабрытаніі.

Навучэнка гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Ся­рэбранага Аляксандра Новік дыплом І ступені атрымала дзякуючы карпатлівай працы і добраму настрою. Заданні сёлетняй алімпіяды падаліся ёй цікавымі.

— Я задаволена гэтай алімпіядай. Гэта паказчык усяго таго, чаго я дасягнула за апошнія чатыры гады. На спаборніцтвах былі створаны добрыя ўмовы, праведзены цікавыя экскурсіі. Нам паказалі самыя запамінальныя месцы Баранавіч. Што тычыцца алімпіяды, то мне падалося, што сёлета быў прадстаўлены адзін з самых нескладаных падбораў задач, заданні былі прыемнымі, было цікава пасядзець, падумаць і парашаць іх. У гімназіі да спаборніцтваў мяне рыхтаваў Леанід Іванавіч Лаўрыновіч, у Ліцэі БДУ спецкурс праводзіў Міхаіл Васільевіч Карпук, а зборы па падрыхтоўцы да рэспубліканскай алімпіяды каманды Мінска прайшлі з Ігарам Іванавічам Варановічам. Безумоўна, шмат часу адводзілася самападрыхтоўцы. Я займаюся да таго часу, пакуль гэта прыносіць задавальненне. Калі адчуваю, што штосьці не ідзе, то пераключаюся. Малюю нацюрморты.

Калі б мяне запыталіся год назад наконт таго, кім я хачу стаць, адказ быў бы відавочны — праграмістам. Аднак зараз я ў гэтым не ўпэўнена. Не хочацца ўсё тое, што ведаю, пакідаць у сябе, а хочацца падзяліцца, павучыць іншых.

Уладальнік дыплома ІІ ступені адзінаццацікласнік гімназіі № 1 імя Я.Карскага Гродна Арцём Здановіч пачаў займацца матэматыкай і ўдзельнічаць у алімпіядным руху яшчэ з 1 класа. Поспехі натхнілі хлопца на далейшую актыўную работу. Вынікам сёлетняй алімпіяды Арцём задаволены. Магчыма, ён быў бы вышэйшым, каб не стомленасць: напярэдадні рэспубліканскай алімпіяды хлопец прымаў удзел яшчэ ў некалькіх спаборніцтвах. Як прызнаецца юнак, падрыхтоўка да алімпіяды была вельмі сур’ёзнай: у перыяд паміж яе этапамі займаўся па 4 гадзіны ў дзень, а напярэдадні алімпіяды — да 6—8 гадзін. Вялікую дапамогу аказала настаўніца Тэрэса Юльянаўна Курчэўская. У будучыні Арцём хоча звязаць сваё жыццё з навуковай дзейнасцю. Ужо зараз ён падаў заяўку на абласную канферэнцыю, на якой хоча прадставіць работу, дзе даследуе арыфметычныя ўласцівасці элементарных функцый. 

Навучэнец 10 класа гімназіі № 1 Баранавіч Уладзіслаў Кошчанка сёлета заваяваў дыплом І ступені. Хлопец прымае ўдзел у алімпіядным руху з 8 класа. Як прызнаецца, любоў да матэматыкі перадалася яму на генетычным узроўні: мама, Наталля Эдуардаўна, настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 17 Баранавіч, з дзяцінства развівала яго логіку і мысленне. 

— Сур’ёзна рыхтавацца да матэматыч­ных спаборніцтваў вельмі матывуе даўняе знаёмства з яшчэ адным алімпіяднікам — Уладам Зверыкам, які сёлета ўзяў 60 балаў з 60 магчымых, — адзначае Уладзіслаў. —  Шмат са мной працуе і настаўніца матэматыкі Алена Мікалаеўна Кірухова. Яна праводзіць як групавыя, так і індывідуальныя заняткі. Непасрэдна перад алімпіядай займаўся дзесьці па 8—10 гадзін у дзень. Прарэшвалі алімпіядныя задачы мінулых гадоў, задачы міжнародных спаборніцтваў. Пераключыць увагу, неяк разняволіцца дазваляюць заняткі спартыўнымі бальнымі танцамі. Прапанаваныя сёлета задачы хаця і няпростыя, але даволі цікавыя, выканальныя. У наступным годзе планую паступаць на ФПМІ БДУ.

Настаўніца матэматыкі А.М.Кірухова ўжо 8 гадоў запар працуе з адоранай моладдзю Баранавіч і сёлета падрыхтавала яшчэ аднаго прызёра рэспубліканскай алімпіяды — у Эдуарда Строка дыплом ІІІ ступені.

— Што прыводзіць маіх выхаванцаў да перамогі? Вялікая праца. Любая перамога — каласальная праца не аднаго чалавека, а цэлай каманды: самога навучэнца, яго бацькоў, настаўнікаў, якія заклалі аснову матэматычных ведаў, настаўнікаў, якія потым падхапілі эстафету, адміністрацыі, якая змагла стварыць спрыяльныя ўмовы для падрыхтоўкі. Калі гаварыць пра маіх дзяцей, то вялікая ўдзяч­насць Л.У.Лебедзевай і Я.А.Кобрынай, якія прывілі любоў да матэматыкі, — гаворыць Алена Мікалаеўна. — Што тычыцца сёлетняй алімпіяды, то прапанаваныя задачы былі цікавымі. Магу сказаць, што з кожным годам якасць іх узрастае, узрастае і ўзровень складанасці. Асноўныя напрамкі, на якія асабліва звярталася ўвага, — вектарны метад, задачы з вытворнай, функцыянальныя ўраўненні, мнагачлены, уласцівасці функцыі, геаметрычныя і лагічныя задачы.

Усяго на Рэспубліканскай алімпіядзе па матэматыцы вучні заваявалі 73 дыпломы, з іх 15 — І ступені, 23 — ІІ ступені і 35 дыпломаў ІІІ ступені. Уладальнікамі дыпломаў І ступені сталі адзінаццацікласнікі: навучэнцы гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага Аляксандра Новік і Данііл Гомза, навучэнец Ліцэя БДУ Уладзіслаў Зверык, навучэнец гімназіі № 29 Мінска Антон Суравежкін; дзесяцікласнікі: навучэнцы гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага Паліна Чэрнікава і Мікіта Шаўнеў, навучэнец гімназіі № 1 Баранавіч Уладзіслаў Кошчанка, навучэнец гімназіі № 8 Віцебска Канстанцін Сягоднік. Сярод дзевяцікласнікаў дыпломамі І ступені ўзнагароджаны навучэнка сярэдняй школы № 21 Оршы Ксенія Шастакова, навучэнец сярэдняй школы № 13 Гомеля Максім Давідзенка, навучэнец гімназіі № 1 Бабруй­ска Уладзіслаў Максімчук і навучэнец гімназіі № 75 Мінска імя П.В.Масленікава Дзмітрый Гаравой. Уладальнікамі дыпломаў І ступені таксама сталі вучні 8 класа: навучэнка гімназіі № 61 Мінска Юлія Сушчык, навучэнец гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага Дзмітрый Маслёнчанка, навучэнец сярэдняй школы № 13 Жлобіна Раман Маркавец. Спецыяльнага прыза міністра адукацыі ўдастоена дзевяцікласніца сярэдняй школы № 21 Оршы Ксенія Шастакова. Яна прадэманстравала найлепшы вынік сярод дзевяцікласнікаў. Па колькасці заваяваных дыпломаў лідзіруюць Мінск, Віцеб­ская, Гомельская вобласці, Ліцэй БДУ.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.