Бліскучы вынік

- 10:33Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Трэці год запар вучаніцы, якіх да цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай мове рыхтуе настаўніца сярэдняй школы № 1 Клецка Ганна Мацвееўна Бабко, атрымліваюць 100­бальны сертыфікат. 

Сёлета такі бліскучы вынік прадэманстравала Паліна Чэкун. Ганна Мацвееўна з гордасцю кажа, што ёй вельмі пашанцавала з навучэнкай. 

“Пра такіх вучняў мараць усе настаўнікі. Калі прыйшла выкладаць у 5 клас, адразу заўважыла здольную дзяўчынку. Тады я рыхтавала Паліну да раённай алімпіяды па беларускай мове, дзе яна заняла 3-е месца. Але потым школьніца захапілася гісторыяй і па гэтым прадмеце два гады запар прымала ўдзел у абласной алімпіядзе,— успамінае Ганна Мацвееўна. — Што тычыцца беларускай мовы, то рыхтавацца да ЦТ пачалі ў 11 класе на факультатыве. Рэпетытараў у дзяўчыны не было, таму мне яшчэ больш прыемна, што атрыманыя 100 балаў — толькі наша з ёй заслуга. Наша Па­лінка — малайчынка!”

Рыхтуючы дзяцей да ЦТ, настаўніца карыс­талася не толькі агульнадаступнымі дапаможнікамі. За той час, пакуль школьнікі здаюць тэсціраванне, Ганна Мацвееўна сабрала і абагульніла многа інфармацыі, пры дапамозе якой сёння займаецца з дзецьмі. 

“Многа працуем па дапаможніках Валянціны Сіўковіч,— дзеліцца Ганна Бабко.— На жаль, у нас няма такога падручніка для падрыхтоўкі па ЦТ, дзе было б сабрана ўсё. Таму сама для сябе стварала асабісты дапаможнік. Больш за ўсё матэрыялаў назбірала па сінтаксісе, які з’яўляецца найбольш складаным для навучэнцаў. Пасля прыводзіла інфармацыю ў сістэму: складала схемы, друкавала іх і раздавала вучням. Мы разам глядзелі і параўноўвалі, чаго не хапае ў школьным падручніку і што нам вядома з іншых крыніц. Гэта вельмі дапамагло разабрацца навучэнцам са складанымі тэмамі. Таксама ў нас ёсць заданні па ЦТ і РТ, якія выконвалі дзеці ў розныя гады”.

Разважаючы над тым, ці дастаткова для падрыхтоўкі да ЦТ факультатыўных заняткаў адзін раз на тыдзень, Ганна Мацвееўна заўважыла, што ўсё залежыць ад вучняў:  “Ёсць вучні, якія, як толькі празвінеў званок, загарнулі сшыткі і пайшлі. Што тычыцца Паліны, то яна не выйдзе з класа, пакуль да канца не разбярэцца з тым, што ёй было незразумела падчас урока. Я добра ведаю сваіх дзяцей, бо вучу іх з 5 класа, і бачу, каму дастаткова аднаго разу на тыдзень, каб пад­рыхтавацца да тэсціравання, а каму было б ­нядрэнна штодзень займацца. Паліне давала многа тэстаў і заданняў на дом, бо яна сама так хацела. Заўсёды, калі ўзнікалі пытанні, дзяўчынка цікавілася, дзе можна знайсці на іх адказы. Калі былі заданні, якія выклікалі цяжкасці, вучаніца прасіла яшчэ даць тэсты на адпаведнае правіла”.

Паліна Чэкун прызналася, што чакала высокага бала, але не разлічвала на 100: “Калі ўбачыла, што ў мяне максімальны вынік, спачатку знаходзілася ў шоку. У першую чаргу сказала пра гэта бацькам, а потым пазваніла сваёй настаўніцы. Ганна Мацвееўна за мяне шчыра парадавалася, пахваліла. Настаўніца выкладала ў нас беларускую мову з 5 класа і давала добрыя, грунтоўныя веды. Кожную тэму яна тлумачыла проста і даступна. Дзякуючы заняткам на факультатыве і падчас урокаў, у нашым класе ўсе вучні атрымалі добрыя балы”.

Акрамя заняткаў у школе, дзяўчына ўвесь свабодны час займалася беларускай мовай.  

“Пасля таго як былі зроблены ўсе ўрокі, адразу садзілася за выкананне тэстаў, вывучэнне пэўных тэм”, — акцэнтуе ўвагу Паліна Чэкун. 

Акрамя беларускай мовы, Паліна ўжо здала грамадазнаўства і англійскую мову. Заўтра будзе зда­ваць гісторыю Беларусі. Дарэчы, да ўсіх прадметаў, акрамя замежнай мовы, Паліна рыхтавалася самастойна. 

“Мне падабаецца і грамада­знаўства, і гісторыя Беларусі. Гэтыя прадметы таксама лёгка даваліся, — падкрэслівае дзяўчына.— У 10 і 11 класе я прымала ўдзел у абласной алімпіядзе па гісторыі Беларусі, дзе два разы займала 3-е месца. Што тычыцца выбару ўніверсітэта і будучай спецыяльнасці, то загадзя баюся штосьці гаварыць. Спачатку даведаюся вынікі ўсіх ЦТ, а потым зраблю выбар”.    

Акрамя Паліны Чэкун, сёлета яшчэ тры выпускніцы ўстаноў адукацыі Клецкага раёна здалі цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове на 100 балаў. Такі сертыфікат атрымае Ангеліна Валадзько, выпускніца Зубкаўскай сярэдняй школы. Дзяўчыну рыхтавала да ЦТ настаўніца Наталля Якаўлеўна Рычык.

У гімназіі Клецка адразу дзве вучаніцы Жанны Аляксандраўны Макрэцкай атрымалі 100 балаў: Настасся Контарава і Ганна Лабецкая.  

Шчыра віншуем дзяўчат і іх настаўнікаў!

Наталля САХНО.