Навучэнцы ўстаноў адукацыі Магілёўшчыны зноў вызначыліся выдатнымі спартыўнымі дасягненнямі. У чарговы раз прадстаўнікі рэгіёна пацвердзілі сваю выдатную падрыхтоўку ў зімовых відах спорту.
Так, у Магілёве завяршыліся рэспубліканскія спаборніцтвы сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі па зімовым мнагаборстве “Здароўе” Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Фінал прэстыжных спартыўных стартаў аб’яднаў шэсць каманд з усіх рэгіёнаў краіны. Магілёўскую вобласць на спаборніцтвах прадстаўлялі навучэнцы Магілёўскага тэхналагічнага каледжа, Бабруйскага аграэканамічнага каледжа, Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа, Магілёўскага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, Магілёўскага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага, архітэктурна-будаўнічага каледжа Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.
Праграма турніру была насычанай і разнастайнай. Стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, сілавая гімнастыка, лыжныя гонкі на розных дыстанцыях… Свае спартыўныя навыкі і здольнасці было дзе праявіць кожнаму з удзельнікаў. Добра выступалі абсалютна ўсе каманды, спартыўная барацьба была ўпартай. Але лепш за астатніх праявілі сябе спартсмены з Магілёўшчыны. Менавіта прадстаўнікі Прыдняпроўскага краю падняліся на першую прыступку п’едэстала спаборніцтваў, сталі пераможцамі і ў малодшай, і ў старэйшай узроставай групах.
Выдатна выступіла каманда вобласці і на сёлетніх рэспубліканскіх спаборніцтвах “Снежны снайпер”. У медальным заліку гэтага вядомага масавага турніру па біятлоне зборная дружына рэгіёна стала другой па ліку. Усяго магілёўскія юнакі і дзяўчаты асабіста заваявалі два першыя, два другія і два трэція месцы. Акрамя гэтага, тры прызавыя месцы былі заваяваны ў камандных эстафетах кожнай з узроставых груп.
Такіх бліскучых поспехаў на спартыўнай ніве навучэнцы Магілёўскай вобласці дасягаюць не ўпершыню. У рэгіёне вялікая ўвага ўдзяляецца далучэнню падрастаючага пакалення да фізкультуры і спорту, развіццю фізічных навыкаў і спартыўных здольнасцей дзяцей. Як вынік — магілёўскія юныя спартсмены часта становяцца лідарамі знакавых рэспубліканскіх спаборніцтваў. Праяўляюць сябе яны і на міжнароднай арэне. Але, што яшчэ больш значна, многія апантаныя спортам юнакі і дзяўчаты становяцца ў далейшым прафесійнымі спартсменамі.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім абласным цэнтрам фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў.