Калі ў сям’і нешта ламаецца ці не атрымліваецца, на дапамогу гэтай сям’і спяшаюцца спецыялісты. Умець прымаць чужую праблему як сваю — блізка да сэрца — варта ўсім службам, якія зацікаўлены ў захаванні сямейнага дабрабыту. Гэта добра ведаюць у дзіцячым сацыяльным прытулку сацыяльнапедагагічнага цэнтра Ашмянскага раёна.
Вопыт і моцныя нервы
Каб працаваць з дзецьмі, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, і з іх бацькамі, трэба мець адпаведную адукацыю і практычны вопыт, а яшчэ… моцныя нервы. Таццяна Леанідаўна Ліпніцкая, загадчыца дзіцячага сацыяльнага прытулку сацыяльна-педагагічнага цэнтра Ашмянскага раёна, намеснік дырэктара цэнтра па асноўнай дзейнасці, валодае ўсім неабходным для такой работы. Скончыўшы Лідскі каледж па спецыяльнасці “Пачатковае навучанне”, а потым Мінскі інстытут кіравання па спецыяльнасці “Псіхалогія”, у СПЦ Ашмянскага раёна была спачатку педагогам-псіхолагам, а зараз працуе загадчыцай дзіцячага сацыяльнага прытулку.
— Работы ў нас заўсёды шмат, — дзеліцца Таццяна Леанідаўна. — Мая спецыяльнасць дапамагае знаходзіць індывідуальны падыход да дзяцей і іх бацькоў. Па характары я чалавек спакойны, што вельмі дапамагае ў рабоце з запальчывымі людзьмі. У нас бываюць надзвычай эмацыянальныя сітуацыі. Пры гэтым з падлеткамі заўсёды цяжэй, чым з іх бацькамі, бо яны ўспрымальныя да кожнага слова. Нешта яму скажаш — а ў яго праблема на цэлы дзень: нічога не есць, не апранаецца, нікуды не ідзе. Гэтыя дзеці прымаюць кожнае слова блізка да сэрца.
— Дзяўчынкі могуць раздражняцца з-за адзення, якое ім не падабаецца, хлопчыкаў не задавальняе наш кантроль і тое, што ім даводзіцца развітвацца са шкоднымі звычкамі, — далучаецца да размовы сацыяльны педагог педагог-псіхолаг дзіцячага сацыяльнага прытулку СПЦ Ашмянскага раёна Алена Сяргееўна Лапейка. — Стараемся ў кожнай праблемнай для дзіцяці сітуацыі дасягнуць кампрамісу. Напрыклад, прыйшлі наведаць бацькі — схадзі з імі ў магазін. Любому чалавеку, а асабліва падлетку, неабходна адчуваць, што з яго пачуццямі лічацца. Падказваем выхавальнікам, як паводзіць сябе з падлеткамі, таму што адной строгасцю і забаронамі добрага выніку не дасягнеш. Нашы дзеці, на жаль, разумеюць, што іх ніхто нідзе асабліва не чакае, таму і не спяшаюцца пакідаць прытулак.
Выхаваўчая дзейнасць клуба “Бацькоўскі ўніверсітэт” будуецца на:
– ацэнцы бацькамі ўласнага жыццёвага вопыту;
– набыцці новых ведаў з апорай на ўласныя ўнутраныя рэзервы;
– стабільных зносінах дзяцей і іх бацькоў;
– фарміраванні атмасферы пошуку новых ведаў;
– самаўдасканаленні бацькоў праз усведамленне імі індывідуальнага погляду на дзіця;
– уменні бачыць вынікі развіцця дзяцей;
– уменні бачыць цяжкасці і шукаць шляхі іх пераадолення, будаваць лесвіцу поспеху.
Педагогі-псіхолагі расказваюць, што нядаўна два вахаванцы дзіцячага сацыяльнага прытулку вярнуліся ў біялагічную сям’ю, але ўсё роўна штодзень хлопцы прыходзяць у прытулак. Тлумачаць гэта тым, што дома сумна, няма чым заняцца, калі маці на працы. Вось і ідуць у знаёмыя сцены, дзе засталіся сябры.
— Бацькі нашых выхаванцаў у большасці сваёй злоўжываюць алкаголем — гэта тыповая гісторыя, — дзеліцца Т.Л.Ліпніцкая. — Часцей за ўсё да нас трапляюць дзеці з няпоўных і мнагадзетных сем’яў. Нядаўна быў выпадак, калі ў мнагадзетнай сям’і тата трапіў у месцы пазбаўлення волі, а мама вырашыла за гэты час заняцца сваім жыццём. Пяцёра дзяцей аказаліся прадастаўленымі самі сабе, за малодшымі прыглядваў старэйшы сын. Яшчэ свежы выпадак. Мы збіраемся перадаваць дзяўчынку-падлетка маці, якая выправіла свае паводзіны, прайшла лячэнне ад алкагалізму. І, ведаеце, мы перажываем, што жанчына зноў пачне піць, гуляць па начах, браць з сабой на начныя прагулкі дачку, хаця мы даходліва растлумачылі ёй наступствы такіх паводзін. І з татам дзіця жыць не хоча, бо той пражывае ў вёсцы, а мама ў горадзе. Вельмі спадзяёмся, што ў сям’і будзе ўсё добра. Хаця здараецца, што дзеці трапляюць да нас паўторна і па трэцім разе.
Была ў практыцы маіх суразмоўніц сітуацыя, калі ў прытулак змясцілі дзетак з мнагадзетнай сям’і, а іх маме было на той час усяго 22 гады. Ужо ў такім маладым узросце жанчына была вымушана лячыцца ад алкагалізму, каб ёй вярнулі дзяцей. У асноўным жа ўзрост бацькоў, чые дзеці трапляюць у прытулак, каля 40 гадоў.
Бацькоўскі ўніверсітэт
Клуб “Бацькоўскі ўніверсітэт” функцыянуе ва ўстанове шмат гадоў. Яго пасяджэнні праводзяцца раз у месяц, на іх запрашаюцца бацькі дзяцей, змешчаных у прытулак, а таксама дзяцей да 3 гадоў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і яшчэ бацькі, дзеці якіх ужо вярнуліся ў біялагічныя сем’і. Таты і мамы стараюцца наведваць пасяджэнні клуба, аднак многія з іх з’яўляюцца абавязанымі асобамі, і іх надзвычай цяжка адпрасіць з работы. Асабліва цяжка гэта зрабіць летам, у гарачую сельскагаспадарчую пару, калі бацькі працуюць у калгасе.
На 01.07.2022 маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне 6 дзяцей з 3 сем’яў, знаходзяцца ў дзіцячым сацыяльным прытулку СПЦ Ашмянскага раёна 8 дзяцей з 5 сем’яў. За перыяд са студзеня па чэрвень 2022 года прызнаны асобамі, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, 4 дзяцей з 2 сем’яў, вернута ў біялагічную сям’ю 14 дзяцей з 5 сем’яў. У адносінах да аднаго дзіцяці — яго бацькі пазбаўлены бацькоўскіх правоў.
Сцэнарыі кожнага пасяджэння клуба распрацоўваюцца выхавальнікамі, выступіць перад бацькамі ў прытулак прыходзяць супрацоўнікі органаў унутраных спраў, урачы, святары і г.д. Тэмы пасяджэнняў у асноўным тычацца здаровага ладу жыцця. Пасля тэарэтычнай абавязкова ідзе практычная частка, дзе бацькі выконваюць практыкаванні на згуртаванне сям’і, удзельнічаюць у трэнінгах. Тэма наступнага пасяджэння клуба — “Сямейныя традыцыі і іх роля ў выхаванні падлетка”, перад бацькамі выступіць святар.
— Мне падабаецца, як з бацькамі ў рамках клуба працуе выхавальніца Надзея Аляксандраўна Камінская, — працягвае Т.Л.Ліпніцкая. — Яна можа разгаварыць бацькоў (а большая іх частка не хоча ісці на кантакт), каб тыя расказалі, у якой сям’і яны выраслі, каб паставілі сябе на месца сваіх дзяцей. На жаль, большасць нашых бацькоў выраслі ў такіх жа нядобранадзейных сем’ях, і яны быццам паўтараюць жыццёвы сцэнарый сваіх бацькоў. Яны не бачылі за свой век узору нармальнага жыцця ў сям’і і не разумеюць, як яго можна наладзіць. Так, на апошнім пасяджэнні клуба мама Г. пачала дзяліцца з Надзеяй Аляксандраўнай набалелым. Аказалася, што ёй не хапае зносін з людзьмі, бо дома няма з кім пагаварыць. Жанчыне пайшло на карысць лячэнне ад алкагалізму не толькі ў фізічным, але і ў псіхалагічным плане, бо яна стала больш адкрытай да людзей, хаця ў самым пачатку нашай з ёй работы з яе цяжка было нават слова выцягнуць. Цяпер яна наведвае клуб з задавальненнем, заўсёды стараецца выступіць перад іншымі бацькамі. І гэта не ўнікальны выпадак. На шчасце, сустрэчы ў “Бацькоўскім універсітэце” ідуць татам і мамам на карысць.
Аднак ёсць бацькі, якія не жадаюць ісці на кантакт. Адна мнагадзетная маці так і не адкрылася спецыялістам. Супрацоўнікі прытулку запісвалі на паперках, што ёй трэба зрабіць дома: тут трэба прыбраць, гэта памыць, а тут злажыць. Але як толькі яны за парог — жанчына вярталася да прывычнага ладу жыцця.
Пазітыўная гісторыя
Самым значным поспехам клуба Алена Сяргееўна Лапейка лічыць тое, што бацькі пасля пасяджэння ідуць дадому з пазітыўным настроем, збліжаюцца са сваімі дзецьмі.
Па словах Таццяны Леанідаўны Ліпніцкай, бацькі пачынаюць разумець, што можна не толькі піць гарэлку і сядзець дома, але і праводзіць час з уласнымі дзецьмі.
— Я толькі пачынала працаваць, — успамінае Таццяна Леанідаўна, — калі ў нас у сацыяльна небяспечным становішчы апынулася сям’я — мама з дачкой. Жанчына выпівала, працаваць не хацела, у доме было брудна. Дзіця прызналі асобай, якая мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне, а маці пазбавілі бацькоўскіх правоў. Але гісторыя гэтым не скончылася. Страціўшы дачку, жанчына не апусціла рук, а пачала змагацца за яе. І штосьці ў маме змянілася: яна арандавала кватэру ў горадзе і наладзіла свой побыт, уладкавалася на працу, аднавілася ў бацькоўскіх правах і забрала дачку дадому. Усё зрабіла адна, сама, без падтрымкі мужа.
— А мне ўспамінаецца гісторыя сям’і М., — працягвае Алена Сяргееўна. — Маці пазбавілі бацькоўскіх правоў на траіх дзетак, і яна даволі доўга не імкнулася іх вярнуць. Магчыма, жанчыне не хапала падтрымкі, дапамогі. Потым яна сустрэла будучага мужа, у якога таксама былі дзеці, яны купілі дом у вёсцы і поўнасцю яго ўладкавалі. Калі ўсё было гатова, жанчына аднавілася ў правах і забрала сваіх траіх дзетак у новы дом. А дом у іх зараз, як кажуць, поўная чаша: усё дагледжана, прыбрана, вялікая гаспадарка, шмат свойскай жывёлы. Напэўна, жанчыне сапраўды не хапала мужчынскай падтрымкі, каб справіцца са сваімі праблемамі. І гэтыя шчаслівыя гісторыі прыносяць шмат радасці, калі мы бачым вынік сваёй работы.
Наталля КАСТЭНКА.