Блокчэйн і крыптавалюта: захапляльнае сёння і інтрыгуючае заўтра

Гэтая тэма цікавіць усіх, хто не баіцца, а чакае і верыць у стваральнае прызначэнне новых тэхналогій. Супярэчлівыя навіны з усяго свету яшчэ больш падаграваюць інтарэс. І таму хочацца разабрацца ва ўсім гэтым, асэнсаваць, скласці ўласнае меркаванне. Нездарма ж блокчэйн называюць новым інтэрнэтам, а крыптавалюту — валютай будучыні.

Пра тое, як гэта працуе і што насамрэч за гэтым стаіць, нам расказаў загадчык кафедры эканамічнай інфарматыкі Белдзяржуніверсітэта Дзмітрый МАРУШКА.

— Дзмітрый Аляксандравіч, раскажыце, калі ласка, што ўяўляе сабой тэхналогія блокчэйн і як яна працуе.

— Блокчэйн — гэта спосаб захоўвання даных, публічны рэестр транзакцый, якія здзяйсняюцца ў сістэме. Унікальнасць тэхналогіі заключаецца ў яе дэцэнтралізацыі: усе даныя захоўваюцца не ў адным пэўным месцы, а размеркаваны паміж мноствам блокаў ва ўсім свеце, аб’яднаных у адну сетку. Перавага такой сістэмы заключаецца ў тым, што яе немагчыма ўзламаць: копіі, якія захоўваюцца ў іншых карыстальнікаў, умомант адкінуць несанкцыянаваныя змены, а вузел, які падвяргаецца атацы, проста адключаецца ад сеткі (пры гэтым сістэма працягвае работу). Пасля аднаўлення вузел зноў уключыцца ў ланцуг, і на аснове копій з іншых камп’ютараў яго база будзе аўтаматычна ўзноўлена.

Любы карыстальнік сеткі мае вольны доступ да актуальнай версіі рэестра, што робіць усе транзакцыі абсалютна празрыстымі. Пры гэтым ніхто не можа паўплываць на змешчаныя там даныя. Іх бяспека гарантуецца самой тэхналогіяй.

— Патлумачце, што значыць майніць. І ўвогуле, як нараджаецца крыптавалюта?

— Майнінгам называецца здабыча блокаў для забеспячэння дзейнасці крыптавалютных сэрвісаў. Зразумела, каб стаць часткай сістэмы, трэба атрымаць копію інфармацыі аб тым, што адбываецца ў блокчэйн-сетцы, а значыць, затраціць пэўныя намаганні на здабычу блокаў, якія змяшчаюць адпаведныя звесткі. Для майнінгу выкарыстоўваецца спецыяльнае абсталяванне, дарэчы, вельмі энергаёмістае. А крыптавалюта — гэта своеасаблівае ўзнагароджанне сеткі за прадастаўленыя рэсурсы (вылічальныя магутнасці камп’ютараў ці спецыяльна сабраных сістэм — так званых ферм для майнінгу).

Напрыканцы 2016 года пры эканамічным факультэце БДУ сумесна з прадстаўнікамі ІТ-бізнесу была адкрыта блокчэйн-лабараторыя.

— Пытанне паўстала даволі востра, — заўважыў Дзмітрый Марушка, — бо тэхналогія блокчэйн і крыптавалюты, якія рэалізаваны з выкарыстаннем гэтай тэхналогіі (у прыватнасці, біткойн), актыўна ўкараняюцца ў жыццё грамадства ва ўсім свеце. І нам трэба было даследаваць гэты феномен, стварыць арганізацыйную адзінку, якая б занялася вывучэннем як самой тэхналогіі, так і розных крыптавалютных сэрвісаў. Цяпер мы даём студэнтам перадавыя веды, дэманструем перадавы вопыт не толькі ад акадэмічнай суполкі, але і ад практыкаў, якія ўжо ствараюць прадукты з выкарыстаннем тэхналогіі блокчэйн. Мы запрашаем да нас цікавых спікераў з КіберФонду і іншых кампаній. Наша блокчэйн-суполка налічвае ўжо больш за 120 чалавек — і гэта сапраўдныя блокчэйн-энтузіясты. Трэба адзначыць, што лабараторыя працуе не толькі для студэнтаў БДУ: мы адкрыты для ўсіх, хто цікавіцца згаданай тэмай.

Першапачаткова праграмай прадугледжана абмежаванне, напрыклад, у біткойна гэта 21 млн манет. Натуральна, кошт манеты можа змяняцца ў залежнасці ад попыту і прапановы. Што да капіталізацыі, то яна вызначаецца колькасцю карыстальнікаў, якія ўжо інвесціравалі ў пэўны крыптавалютны сэрвіс. Чым больш людзей уцягнуты ў рэальнае выкарыстанне гэтага сэрвісу, тым вышэй узровень капіталізацыі.

— Чым забяспечана крыптавалюта? Чаму кошт, напрыклад, біткойна настолькі высокі?

— Насамрэч, усе мы карыстаемся фіятнымі (незабяспечанымі) грашыма, кошт якіх гарантуецца дзяржавай. І рубель, і замежныя валюты даўно ўжо адвязаны ад золата, але ж мы давяраем дзяржаве і грашам. Гэтак жа мы мусім давяраць (ці не давяраць) крыптавалюце. Яна забяспечана ўзроўнем даверу грамадства.

Сёння ў свеце існуе звыш 500 крыптавалют. Усе зыходныя коды блокчэйн-сэрвісаў даступны, любы жадаючы можа стварыць свой крыптаграфічны дадатак. Дастаткова устанавіць праграмнае забеспячэнне, разабрацца, як гэта працуе, і ажыццявіць эмісію крыптавалютных адзінак. Самае важнае пытанне — як сфарміраваць давер людзей да вашай крыптавалюты.

Кошт крыптавалюты, як і любой іншай, вызначаецца попытам і прапанаваннем. Чым вышэйшы попыт, тым вышэйшы кошт.

— Матэматыкі сцвярджаюць, што крыптавалюты заўсёды будуць падвержаны моцным ваганням. Ці значыць гэта, што крыптавалюты будуць пераважна забавай багатых людзей: учора біткойн каштаваў $20 тысяч, сёння $10 тысяч? Захапляльныя біржавыя гульні, якія казычуць нервы!..

— Не пагаджуся, што гэта забава. Гэта сур’ёзны крыптавалютны сэрвіс, які дазваляе добрасумленным удзельнікам рынку працаваць і зарабляць. Гэта інструмент для інвестараў. Хаця рызыкі, безумоўна, вельмі высокія. Тэхналогія новая, і, як заўсёды бывае, не ва ўсіх ёсць дакладнае разуменне, як гэта працуе.

У мінулым годзе на поўнае афармленне адной транзакцыі ў сістэме Bitcoin патрабавалася затраціць у сярэднім 163 кВтг электраэнергіі. Такой колькасцю энергіі можна на працягу пяці дзён цалкам забяспечваць патрэбы сям’і з трох чалавек, якая пражывае ў невялікім аднапавярховым доме. На майнінг крыптавалют у сетках Bitcoin і Ethereum сумарна сыходзіла энергіі больш, чым спажывалі ў Сірыі, Камбоджы або Брунеі. Эксперты прагназуюць, што выдаткі электрычнасці на падтрымку Bitcoin да 2020 года могуць дасягнуць узроўню электраспажывання Даніі.

Што да зменлівасці курсу крыптавалют, то яна тлумачыцца вельмі проста. Тэхналогія, як я сказаў, новая, таму інвестары пакуль асцярожнічаюць. Як быццам укладваюць грошы, але, калі адчуваюць хаця б мінімальную небяспеку, адразу пераключаюць сваю ўвагу на іншыя інструменты, што дазволяць ім захоўваць і прымнажаць капітал. Крыптавалюты вельмі адчувальныя да ўсяго, што адбываецца навокал. Напрыклад, нейкая краіна робіць захады па абмежаванні выкарыстання крыптавалют, або хтосьці з вядомых экспертаў выказаўся негатыўна аб крыптавалютах — рынак адразу рэагуе, зацікаўленасць, адпаведна, попыт зніжаецца. Хоць сама тэхналогія блокчэйн стабільная, бяспечная, на курс крыптавалют, акрамя традыцыйных фактараў, уплываюць яшчэ і шматлікія чуткі.

— Выглядае так, што лепш майніць, чым набываць крыптавалюты на біржы?..

— Насамрэч, гэта дыскусійнае пытанне. Усё залежыць ад таго, на што вы разлічваеце. Справа ў тым, што майнінг мае на ўвазе закупку дарагога абсталявання і вялікія энергазатраты — а гэта салідныя інвестыцыі. Акрамя таго, у вас павінна быць адпаведная пляцоўка — ферма. Таму, уклад-ваючы грошы ў тое, каб майніць крыптавалюту, трэба ўяўляць магчымыя дывідэнды.

І яшчэ адзін важны момант. Калі вы збіраецеся выкарыстоўваць здабытыя біткойны ў эканоміцы, то дзяржава будзе расцэньваць гэта як даход і вам давядзецца плаціць адпаведныя падаткі. Таму пры выкарыстанні крыптавалюты трэба быць асцярожным. Проста правесці нейкія эксперыменты, разабрацца, як працуе тэхналогія, — калі ласка. Але пры спробе канвертацыі біткойнаў у традыцыйныя валюты вы ўжо ўключаецеся ў эканоміку, і гэта расцэньваецца як прадпрымальніцкая дзейнасць. Важна сачыць, каб усе дзеянні былі законнымі, інакш будуць адпаведныя наступствы.

Што да пакупкі крыптавалюты, то тут не варта спяшацца, бо тэхналогія толькі асвойваецца, даследуюцца ўласцівасці крыптавалютных сэрвісаў. Неабходна, каб было створана адпаведнае прававое поле. Калі органы, якія праводзяць фіскальную палітыку ў краіне, асвояць тэхналогію блокчэйн і ўвядуць яе ў практыку, тады можна будзе падумаць над тым, каб інвесціраваць свае зберажэнні ў крыптавалюты. Хаця магу сказаць, што гэты працэс наўрад ці будзе хуткі.

— Скажыце, а сёння ў Беларусі можна што-небудзь купіць за крыптавалюту?

— Паколькі біткойн і іншыя крыптавалютныя сэрвісы з’яўляюцца дэцэнтралізаванымі і эксплуатуюцца на глабальным узроўні, купіць за іх можна ў любой краіне што заўгодна, калі вы знойдзеце таго, хто вам будзе гатовы гэта прадаць.

— Сёння наконт крыптавалют можна пачуць розныя меркаванні. Адны называюць іх пірамідальнымі сістэмамі і фінансавымі пухірамі, другія — грашыма будучыні. З прыняццем Дэкрэта № 8 Баларусь фактычна легалізавала крыптавалюты на сваёй тэрыторыі. Што гэта будзе азначаць для краіны?

— Усе крыптавалюты розныя, яны могуць адрознівацца нават па прынцыпах пабудовы. Існуюць крыптавалюты, заснаваныя не на тэхналогіі блокчэйн. Таму заявы пра тое, што гэта піраміды, вельмі дыскусійныя. Яны не падмацаваны ніякімі канкрэтнымі даследаваннямі і не маюць падстаў.

Кансерватары былі і будуць заўсёды. Але трэба разумець, што ёсць сусветныя тэхналагічныя трэнды, і адмаўляцца ад іх — значыць абмяжоўваць сябе і на сусветным узроўні зніжаць сваю канкурэнтаздольнасць. Таму вельмі добра, што наша краіна адкрыта для інавацый. Сёння многія кампаніі і нават дзяржавы, напрыклад, ЗША, Японія, Паўднёвая Карэя, Сінгапур, Швейцарыя і інш., разглядаюць крыптавалюты ў якасці рэзервовых і актыўна ўключаюць іх у эканоміку. І Беларусь блізкая да таго, каб пачаць работу ў гэтым напрамку. Парк высокіх тэхналогій з’яўляецца своеасаблівым палігонам для выпрабоўвання розных крыптавалютных сэрвісаў. І калі ўрадавыя структуры ўбачаць, што біткойн і іншыя крыптавалюты маюць патэнцыял, безумоўна, яны будуць укараняць іх у нацыянальную эканоміку.

— Крыптавалюта, якую не кантралююць ні банкі, ні ўрад, — гэта пэўны выклік традыцыйнай сістэме. Не ўсе дзяржавы гатовы сёння яго прыняць. Як, на вашу думку, будзе развівацца сітуацыя? Ці зможа крыптавалюта пацясніць звычайныя электронныя грошы? Як яна зменіць наш свет?

— Першапачаткова крыптавалюты былі арыентаваны на тое, каб быць незалежнымі. Біткойн з’явіўся ў 2009 годзе як выклік на сусветны крызіс 2008 года. Атрымалася так, што грамадзяне працавалі, а потым, з-за таго, што асобныя дзяржаўныя менеджары прынялі няправільныя рашэнні, яны страцілі свае грошы. Біткойн быў закліканы засцерагчы грамадства ад эканамічнай несправядлівасці — з’явілася альтэрнатыўная сістэма, якая дазваляе пазбегнуць непажаданых уплываў.

Я лічу, што асцярогаз боку дзяржаўных органаў, маўляў, яны страцяць уплыў на фінансавую сістэму, не апраўдана. Справа ў тым, што, калі не будуць прыняты дзяржаўныя рашэнні аб выкарыстанні, напрыклад, біткойна, то ён і не будзе выкарыстоўвацца. Акрамя таго, дзяржава, прымяняючы адкрытыя ці свае інавацыйныя рашэнні, можа стварыць уласную нацыянальную крыптавалюту. І яна не будзе падвержана інфляцыйным працэсам, бо немагчыма па нечым рашэнні ажыццявіць дадатковую эмісію грашовых сродкаў.

Увогуле, крыптавалюта — гэта правільны выбар з пункту гледжання стабілізацыі эканомікі. Іншая справа, што трэба навучыцца карыстацца ёй. А рызыкі будуць заўсёды. Каб іх мінімізаваць, неабходна стварыць адпаведны арганізацыйна-эканамічны механізм кіравання. Тут павінны папрацаваць і вучоныя, і эканамісты, і тэхнічныя спецыялісты. Інструмент новы, і ён абяцае вялікія магчымасці. Але яго асваенне залежыць ад узроўню адкрытасці грамадства, ад хуткасці ўспрымання новага і смеласці тых, хто прымае важныя стратэгічныя рашэнні.

Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.