Бокс — гэта яго жыццё

“Нішто не загартоўвае чалавека так, як бокс. Гэта не проста спорт, а своеасаблівая школа жыцця. На сённяшні дзень бокс для мяне — гэта маё жыццё”, — гаворыць Віктар Станіслававіч Тухто, педагог дадатковай адукацыі Смаргонскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, дзе ўжо 25 гадоў пад яго кіраўніцтвам працуе гурток “Бокс”. Віктар Станіслававіч адзіны ў Смаргонскім раёне, хто займаецца прапагандай і развіццём бокса. Ён педагог, майстар сваёй справы, адданы спорту і дзецям.

Нарадзіўся і вырас Віктар Станіслававіч на Астравеччыне, там жа пачаў займацца боксам: у школьныя гады займаўся ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. Першы трэнер, Іван Феліксавіч Базюк, і дапамог юнаку раскрыць таямніцы бокса. Сярод дзіцячых дасягненняў — прызавыя месцы ў абласных і рэгіянальных спаборніцтвах. Потым юнак паступіў у Ільянскі сельскагаспадарчы тэхнікум, што ў Вілейскім раёне, дзе працягваў займацца боксам, заваёўваў прызавыя месцы ў абласных спаборніцтвах. Пасля заканчэння вучобы працаваў у калгасе імя Чапаева на Астравеччыне, там і пачаў сваю трэнерскую дзейнасць. У 1993 го­дзе Віктар Станіслававіч пераехаў у Смаргонь і прыйшоў працаваць у нашу ўстанову.

Педагог удзяляе шмат увагі і часу выхаваўчай рабоце з навучэнцамі, развіццю іх маральных якасцей, паважлівых адносін да лю­дзей, добразычлівасці ў зносінах, арганізоўвае шматлікія паездкі і экскурсіі, якія пашы­раюць кругагляд падлеткаў, фарміруюць пачуццё патрыятызму. Вучні разам з трэнерам рэгулярна выязджаюць на сумесныя трэніроўкі ў Маладзечна, Ліду, Мінск, дзе таксама ёсць секцыі бокса. А лета — гэта час палатачных летнікаў на Вілейскім вадасховішчы, дзе юныя баксёры са Смаргоні адпачываюць і трэніруюцца на ўлонні маляўнічай прыроды.

Уменне наладзіць кантакт з дзецьмі, баць­камі, калегамі забяспечваюць Віктару Станіслававічу паспяховае вырашэнне задач па фарміраванні ў навучэнцаў ведаў, уменняў, навыкаў, па выхаванні індывідуальнасці і, як вынік, дасягненне перамог на спартыўных спаборніцтвах. Штогод юныя баксёры са Смаргоні ўдзельнічаюць у першынствах Гродзенскай вобласці, абласной і рэспубліканскай спартакіядах школьнікаў і традыцыйна займаюць прызавыя месцы. Толькі за 2018 год выхаванцы Віктара Станіслававіча прывезлі 30 узнагарод са спаборніцтваў розных узроўняў.

За час працы Віктар Станіслававіч падрыхтаваў навучэнцаў, якія паступілі ў Гомельскае, Віцебскае, Гродзенскае дзяржаўныя вучылішчы алімпійскага рэзерву, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. Дзевяціразовы чэмпіён Беларусі па боксе, удзельнік XXVIII летніх Алімпійскіх гульняў у Афінах 2004 года, майстар спорту міжнароднага класа па боксе Аляксандр Апанасёнак сваю спартыўную кар’еру пачынаў з заняткаў у гуртку “Бокс”, а зараз з’яўляецца трэнерам Акадэміі бокса ў Расіі.

Пра дасягненні і поспехі ў працы сведчаць шматлікія па­дзякі, граматы і дыпломы, якімі В.С.Тухто быў узнагароджаны за 25 гадоў педагагічнай дзейнасці. Сярод іх — прэмія імя Ефрасінні Полацкай у намінацыі “За гонар і годнасць” у 2009 годзе, граматы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама ў 2017 годзе. Імя Віктара Станіслававіча занесена на раённую Дошку гонару ў 2018 годзе.

Сваю прыхільнасць да бокса Віктар Станіслававіч перадаў сыну. Ягор ужо некалькі гадоў займаецца ў гуртку і мае спартыўныя дасягненні на абласных спаборніцтвах і, па яго словах, марыць прадоўжыць справу бацькі. Віктар Станіслававіч увесь час знаходзіцца ў творчым пошуку шляхоў і спосабаў павышэння якасці адукацыйнага працэсу. Бокс выхоўвае смелых, мужных, моцных фізічна і духоўна, дазваляе выхліснуць негатыў на рынгу, на спартыўных снарадах. Таму задача першаснай важнасці для трэнера — выхаванне з хлопчыкаў сапраўдных мужчын.

Вольга ВАЙЦЯШОНАК,
загадчык аддзела тэхнічнай творчасці і спорту Смаргонскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.