Боль Беларусі

- 16:44Нам пішуць

Для нас, беларусаў, старонкі Вялікай Айчыннай вайны вядомы настолькі добра, што і цяпер, у мірны час, мы гаворым пра іх з вялікім болем. Адна з такіх старонак — трагедыя Хатыні. Сакавіцкія дні гэтага года нагадваюць, што 75 гадоў назад фашысты ўчынілі страшнае забойства, якому не знойдзе апраўданне ні адно пакаленне беларусаў. 75 гадоў назад спалена вёска Хатынь разам з жыхарамі…

У нашай школе цэлы тыдзень праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай памятнай даце. У малодшых класах арганізаваны выставы малюнкаў пад назвамі “Хатынь — боль Беларусі”, “Хатынь: трагедыя і памяць”, “Бусел над Хатынню”. У старшых класах прайшлі хвілінкі гісторыі “Бусел над Хатынню”, урок-рэквіем “Хатынь — гэта боль”, класныя гадзіны “Па кім звоніць звон”, “Званы суму”.

А 22 сакавіка, у дзень Хатынскай трагедыі, адбылася агульнашкольная лінейка “75-годдзе Хатынскай трагедыі”. Мемарыяльны комплекс уключае і могілкі вёсак Беларусі, якія таксама напаткаў лёс Хатыні. У нашым Быхаўскім раёне такімі вёскамі з’яўляюцца Красніца, Залатое Дно, якія былі спалены фашыстамі, як і Хатынь. А потым на лінейцы была хвіліна маўчання… Хоць адыходзяць усё далей і далей у мінулае гады Другой сусветнай вайны, наш абавязак — помніць аб тых падзеях і выхоўваць маладое пакаленне ў разуменні, што такія войны ніколі не павінны паўтарыцца.

Алена ЦЫВІЛЬКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі,
класны кіраўнік 5 класа Макранскага ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа
Быхаўскага раёна.