29 студзеня адбылося пасяджэнне калегіі Міністэрства адукацыі, прысвечанае падвядзенню вынікаў работы мінулага года і вызначэнню прыярытэтаў на 2018 год. Перад удзельнікамі пасяджэння з асноўным дакладам выступіў міністр адукацыі І.В.Карпенка. Кіраўнік адукацыйнай галіны маштабна і канцэптуальна акрэсліў сённяшні стан сістэмы адукацыі, а яго судакладчыкі асвятлілі гэтае пытанне лакальна, на ўзроўні рэгіёна, канкрэтнай навучальнай установы.
Першым і можна сказаць сімвалічным стала выступленне С.Л.Румянцавай. Мінулы год стаў для Святланы Леанідаўны асаблівым. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры з Баравухскай сярэдняй школы № 15 Наваполацка перамагла на Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2017”.
У сваім выступленні С.Л.Румянцава закранула пытанне аб тым, як стварыць аптымальныя ўмовы для навучання.
— Новыя праграмы і падручнікі — толькі адна з гэтых умоў, але вельмі важная, — адзначыла С.Л.Румянцава. — Бясспрэчна, падручнік не можа быць ідэальным, але мы, настаўнікі, вельмі рады, што міністэрства прыслухоўваецца да нашых канкрэтных прапаноў па іх паляпшэнні, заахвочвае да працы над вучэбнымі дапаможнікамі і настаўнікаў-практыкаў.
Як лічыць выступоўца, падручнікі для 7 класа, якія паступілі ў школы, адлюстроўваюць у адзінстве логіку навукі, логіку праграмы і логіку развіцця асобы.
— Я хоць і з’яўляюся настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, але магу так гаварыць не толькі пра падручнік па літаратуры, бо водгукі калег, настаўнікаў іншых прадметаў пацвярджаюць гэта, — адзначыла Святлана Леанідаўна. — Новыя падручнікі інфарматыўныя, наглядныя, яны звязваюць вучэбны матэрыял з дадатковай і сумежнай літаратурай, пабуджаюць вучняў да самаадукацыі і творчасці.
Вельмі важнай умовай для таго, каб навучыць дзяцей вучыцца, лічыць настаўніца, з’яўляецца пераход ад інфарматыўных да актыўных метадаў навучання, з уключэннем элементаў праблемнасці, пошуку, шырока выкарыстоўваючы рэзерв самастойнай работы вучняў. Гэты пераход прадугледжвае развіццёвыя, стымулюючыя творчасць асобы спосабы арганізацыі адукацыйнага працэсу. Святлана Леанідаўна прывяла яшчэ шэраг педагагічных прыёмаў выкладання з багатай скарбонкі свайго педагагічнага вопыту, але рэзюмавала адно: настаўнік быў і застанецца галоўнай асобай у навучанні нашых дзяцей, якая накіроўвае, натхняе і забяспечвае развіццё вучня на ўроку.
Пра інтэнсіўную работу па стварэнні ўмоў для арганізацыі максімальна карыснай занятасці дзяцей і падлеткаў на Ашмяншчыне расказала Н.І.Станкевіч, намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама.
— Перш за ўсё мы сфакусіравалі ўвагу на павышэнні прафесійнай кампетэнцыі ўсіх арганізатараў выхаваўчай работы, у тым ліку спецыялістаў службы СППС і класных кіраўнікоў, — адзначыла Наталля Іосіфаўна. — Незанятасць у вольны ад вучобы час — адна з асноўных прычын здзяйснення падлеткамі правапарушэнняў. Таму мы перагледзелі падыходы да арганізацыі вольнага часу дзяцей.
Як паведаміла прадстаўнік райвыканкама, гэтую работу пачалі з пераарыентацыі на дзейнасць у вячэрні час больш за 35% аб’яднанняў па інтарэсах у школах, каля 50% — у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, прапрацавалі пытанні іх аптымізацыі. Плануецца развіццё новых напрамкаў, запатрабаваных у маладзёжным асяроддзі, такіх як робататэхніка, web-дызайн, камп’ютарная графіка. Дзякуючы гэтаму павялічыўся працэнт ахопу старшакласнікаў карыснай дзейнасцю з 25 да 40%.
Акрамя таго, захавана даступнасць сістэмы дадатковай адукацыі ў сельскай мясцовасці, дзе займаецца 50% школьнікаў раёна. Сярод найбольш запатрабаваных — дэкаратыўна-прыкладны, спартыўны, турыстычны кірункі. 87% школьнікаў заняты ў шосты школьны дзень. У рэгіёне два гады выкарыстоўваецца новая форма арганізацыі вольнага часу — “Культурная субота”. У гэты дзень мерапрыемствы праходзяць сумесна з арганізацыямі культуры, максімальна выкарыстоўваецца патэнцыял узорных і народных калектываў, якіх у раёне 21. У рэгіёне за пяць гадоў уведзены ў эксплуатацыю фізкультурна-аздараўленчы комплекс, пабудаваны 2 стадыёны, дваровая пляцоўка з трэнажорамі, веладарожка. Функцыянаванне спартыўных аб’ектаў максімальна накіравана на работу ў вячэрні, пазаўрочны час, канікулярны перыяд і выхадныя дні.
Акрамя таго, зменены падыходы да працоўнага навучання і выхавання. У раёне забяспечана 100-працэнтная далучанасць навучэнцаў да працоўнай дзейнасці праз факультатыўныя заняткі, грамадска-карысную працу. Распрацоўваюцца новыя падыходы дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі на базе ўстаноў прафесійнай адукацыі Ашмяншчыны.
— Мы знайшлі больш дзейсныя накірункі і ў прафарыентацыйнай рабоце, нацэлілі навучальныя ўстановы на практыка-арыентаваныя мерапрыемствы, — паведаміла Наталля Іосіфаўна.
— У выніку гэтага на рабочыя спецыяльнасці кожны год паступае ад 25 да 35% выпускнікоў 9-х класаў, што дазваляе забяспечыць дастатковы прыём у каледжы на ўсе спецыяльнасці і тым самым укамплектаваць мясцовыя прадпрыемствы і арганізацыі сваімі кадрамі.
Дырэктар Магілёўскага тэхналагічнага каледжа В.М.Страхалет у працяг размовы пра развіццё прафесійнай адукацыі паведаміла, што каледж рыхтуе кадры на двух узроўнях: для грамадскага харчавання і для сферы тэхналогіі харчовай вытворчасці. Вядзецца карэкціроўка аб’ёмаў падрыхтоўкі кадраў на двух узроўнях прафесійнай адукацыі з улікам рэгіянальнай патрэбнасці ў кадрах. У адпаведнасці з заключанымі дагаворамі і заяўкамі арганізацый-заказчыкаў, першае рабочае месца атрымліваюць 100% выпускнікоў каледжа, што сведчыць аб іх запатрабаванасці на рэгіянальным рынку працы.
— Мы сталі развіваць сістэму бесперапыннай інтэграванай прафесійнай адукацыі, у тым ліку дадатковую адукацыю дарослых, — паведаміла Валянціна Міхайлаўна. — Напрыклад, навучэнцы па прафесіі “кухар” на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі дадаткова могуць засвоіць прафесіі афіцыянта або бармена па адукацыйнай праграме прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых).
Адным з інструментаў павышэння якасці падрыхтоўкі навучэнцаў з’яўляецца ўдзел каледжа ў руху WorldSkills. Выхаванцы ўстановы прымалі ўдзел у конкурсах прафесійнага майстэрства ўсіх узроўняў і паказалі добрыя вынікі. У гэтым годзе каледж мяркуе прыняць уд зел у нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills.
Дырэктар каледжа адзначыла, што вопыт удзелу ў спаборніцтвах па прафесійным майстэрстве адкрывае шлях да ўдасканалення зместу і навукова-метадычнага забеспячэння працэсу падрыхтоўкі кадраў разам з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, каб адпавядаць патрабаванням сучаснай эканомікі і ствараць умовы для развіцця ўласнага бізнесу. Для ўмацавання сумеснай работы з сацыяльнымі партнёрамі неабходна распрацаваць механізмы, якія б стымулявалі заказчыкаў кадраў удзельнічаць на пастаяннай аснове ў іх падрыхтоўцы і ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў прафесійнай адукацыі.
У мэтах павышэння прывабнасці прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў каледжы ў шосты школьны дзень з навучэнцамі агульнаадукацыйных школ праводзіцца мэтанакіраваная прафарыентацыйная работа. Шырока выкарыстоўваюцца выязныя майстар-класы па азнаямленні з прафесіямі, прафесійныя пробы. У гэтым годзе ў каледжы маюць намер арганізаваць навучанне па прафесіі “пекар”.
Усе гэтыя захады сведчаць аб тым, што каледж становіцца сапраўды мабільнай установай адукацыі рэгіёна, здольнай выконваць яго запатрабаванні ў кадрах.
Выступаючы перад удзельнікамі пасяджэння калегіі рэктар БДУІР М.П.Батура акрамя тэмы ўдасканалення інавацыйнай інфраструктуры ўстаноў вышэйшай адукацыі для рэалізацыі мадэлі “Універсітэт 3.0” расказаў аб тым, што па даручэнні віцэ-прэм’ера краіны В.І.Жарко ва ўніверсітэце распрацоўваецца канцэпцыя развіцця адукацыі ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Стратэгічная мэта развіцця ІКТ-адукацыі ў нашай краіне — забеспячэнне рэальнага сектара эканомікі дастатковай колькасцю ІКТ-спецыялістаў, здольных вырашаць задачы пабудовы лічбавай эканомікі Беларусі, кваліфікацыя якіх адказвала б патрабаванням сусветных стандартаў, стварэнне ўмоў для пабудовы прафесійнага ІКТ-асяроддзя на базе ўніверсітэтаў мадэлі 3.0. Таму, як адзначыў рэктар, актуальнай задачай з’яўляецца якасная распрацоўка канцэпцыі і плана мерапрыемстваў па яе рэалізацыі, якія не толькі забяспечаць дасягненне стратэгічнай мэты рэфармавання ІКТ-адукацыі, але і дазволяць заняць лідзіруючыя пазіцыі ў свеце ў гэтай галіне на аснове сумеснай работы УВА і арганізацый рэальнага сектара эканомікі. Пры гэтым УВА як асноўныя пастаўшчыкі чалавечых рэсурсаў для даследчай, інавацыйнай і вытворчай сфер павінны мадэрыраваць гэтую дзейнасць. Праект канцэпцыі развіцця ІКТ-адукацыі, які распрацоўваецца ў БДУІР, прадугледжвае вырашэнне шэрагу стратэгічных задач. Сярод іх — вызначэнне асноўных напрамкаў развіцця ІКТ-адукацыі ў адпаведнасці з сучаснымі сусветнымі тэндэнцыямі і перспектывамі іх развіцця ў сферы адукацыйных паслуг на аснове аналізу і ацэнкі яе стану ў нашай краіне, распрацоўка комплексу мерапрыемстваў па нарматыўна-прававым, кадравым, навукова-метадычным і навуковым забеспячэнні неабходных пераўтварэнняў у ІКТ-адукацыі. Патрабуецца перагляд падыходаў да планавання і арганізацыі адукацыйнага працэсу УВА для рэалізацыі функцый і задач, што ўскладаюцца на ўніверсітэт 3.0 (інтэграцыя адукацыі, навукі, інавацый), актыўнае прыцягненне да праектавання адукацыйных праграм ІКТ-адукацыі і арганізацыі адукацыйнага працэсу навуковых арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі, аптымізацыя пераліку спецыяльнасцей, распрацоўка новых адукацыйных праграм, вучэбна-праграмнай дакументацыі, навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу на аснове не толькі сучаснага стану ІКТ-галіны, але і з улікам перспектыў яе развіцця. Мяркуецца таксама ўдзел у міжнародных праграмах “двайных дыпломаў”, міжнародных праграмах сеткавага ўзаемадзеяння, якія забяспечваюць падрыхтоўку спецыялістаў ІКТ-сферы, правядзенне навукова-даследчых работ; функцыянаванне бізнес-інкубатараў і іншых мерапрыемстваў, якія спрыяюць развіццю ІКТ-адукацыі; удасканаленне і развіццё студэнцкіх прафесійных ініцыятыў, стварэнне канкурэнтаздольных умоў навучання для прыцягнення найбольш таленавітых абітурыентаў, павышэнне ўзроўню валодання гутарковай англійскай мовай як студэнтамі, так і выкладчыкамі і шэраг іншых задач.
А.М.Лашын, намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, у сваім выступленні адзначыў вялікую ролю педагагічнай супольнасці ў выхаванні дзяцей і моладзі. За мінулы справаздачны год Міністэрства адукацыі рэалізавала шэраг напрамкаў, каб гэтую дзейнасць зрабіць больш дасканалай, аб чым сведчаць станоўчыя вынікі. Некаторыя напрамкі патрабуюць яшчэ большай кансалідацыі сіл, аб’яднання ўсіх зацікаўленых структур і, безумоўна, падключэння да гэтай работы сям’і. Закранаючы пытанне фізічнага развіцця дзяцей і моладзі, А.М.Лашын адзначыў, што з боку кіраўніцтва сістэмы адукацыі павінен ажыццяўляцца пастаянны кантроль наяўнасці неабходнай спартыўнай базы і абсталявання для арганізацыі і правядзення ўрокаў фізічнай культуры, спартыўна-аздараўленчых мерапрыемстваў у навучальных установах. Па-ранейшаму слушным застаецца пытанне кантролю бяспечных паводзін дзяцей у час іх правядзення. Каб пазбегнуць траўматызму, трэба пастаянна праводзіць сярод навучэнцаў прафілактычную работу і з вялікай адказнасцю ставіцца да арганізацыі спартыўных мерапрыемстваў і ўрокаў фізічнай культуры.
Важная праблема, якая і сёння застаецца актуальнай, — сямейная нядобранадзейнасць. Часцей за ўсё менавіта ў сем’ях, дзе бацькі не клапоцяцца пра сваіх дзяцей, узнікаюць негатыўныя з’явы, адна з якіх — сямейнае, у тым ліку сексуальнае насілле. Таму з боку педагагічнага грамадства, непасрэдна навучальных устаноў, неабходна ўзмацніць работу з нядобранадзейнымі сем’ямі, знаходзіць новыя формы і метады работы з імі, шукаць шляхі найбольш дзейснай рэабілітацыі непаўналетніх ахвяр насілля ў соцыуме, па папярэджанні і выяўленні сексуальных з’яў.
Па меркаванні намесніка Генеральнага пракурора, трэба распрацаваць навукова-абгрунтаваны механізм арганізацыі індывідуальнай і агульнай прафілактычнай работы з дзецьмі з розных сацыяльных слаёў. З гэтай мэтай ужо створана рабочая група, у склад якой запрошаны педагогі. Заклапочвае і той факт, што не змяняецца сітуацыя ў адносінах да бацькоў, якія пазбаўлены сваіх правоў. Як і раней, толькі 10% з іх вырашылі аднавіць свае правы. Гэты кірунак неабходна ўзяць пад асобны кантроль, каб змяніць сітуацыю ў лепшы бок. А.М.Лашын закрануў такія напрамкі сумеснай дзейнасці, як кантроль за арганізацыяй харчавання, работай камбінатаў школьнага харчавання, правядзеннем экспертызы эксплуатацыі збудаванняў.
Падагульніў дзейнасць сістэмы адукацыі віцэ-прэм’ер краіны В.І.Жарко. У прыватнасці Васіль Іванавіч закрануў пытанне працаўладкавання выпускнікоў УВА.
— У гэтым годзе ва УВА павінна быць 100-працэнтнае размеркаванне, — падкрэсліў віцэ-прэм’ер. — Ніякіх свабодных дыпломаў як бы з прычыны адсутнасці месцаў для працаўладкавання быць не павінна. Ужо цяпер трэба пачынаць работу з заказчыкамі кадраў, і кожны кіраўнік персанальна павінен за яе адказваць.
В.І.Жарко адзначыў, што будзе кардынальна зменена сістэма прагназавання патрэбнасці ў кадрах.
— Урадам прынята пастанова “Аб некаторых пытаннях прагназавання патрэбнасці эканомікі ў кадрах”, — заявіў Васіль Іванавіч. — Згодна з ёй, не УВА будуць вызначаць каго і колькі ім набіраць на навучанне, а цяпер патрэбу ў кадрах будзе фарміраваць Міністэрства працы і сацыяльнай абароны сумесна з Мінэканомікі і Мінадукацыі з улікам патрэбнасці эканомікі, дэмаграфічнага прагнозу і балансу працоўных рэсурсаў.
Васіль Жарко зазначыў, што кантрольныя лічбы прыёму павінны быць сфарміраваны да 1 сакавіка.
— Кожная лічба павінна быць абгрунтавана, — заявіў віцэ-прэм’ер.— У сувязі з гэтым трэба вярнуцца да тэмы няпрофільнай падрыхтоўкі. Міністэрству адукацыі да 1 сакавіка па кожнай УВА трэба правесці абарону спецыяльнасцей і спецыялізацый з улікам іх профілю працы.
Таксама Васіль Іванавіч лічыць неабходным адмовіцца ад практыкі адкрыцця модных спецыяльнасцей.
— Трэба асвойваць новыя перспектыўныя напрамкі падрыхтоўкі, — падкрэсліў ён. — Навука і тэхналогіі не стаяць на месцы, і сфера адукацыі павінна ісці ў нагу з іх развіццём, а лепш — апярэджваць.
Намеснік прэм’ер-міністра краіны даручыў да канца лютага выпрацаваць узгодненае рашэнне па тэрмінах навучання ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі незалежна ад ведамаснай прыналежнасці і формы ўласнасці.
— Перагледзьце тэрміны навучання, — звярнуўся да галіновага міністэрства Васіль Іванавіч. — Сёння ў адной УВА эканамістаў рыхтуюць 4,5 года, у іншых — 4 гады. Павінен быць адзіны стандарт падрыхтоўкі для ўсіх, палітыку ў гэтым пытанні павінна вызначаць вядучая профільная УВА.
В.І.Жарко таксама паставіў задачу па ўдасканаленні дзейнасці ўстаноў прафесійнай адукацыі. Ён адзначыў, што ў краіне мадэрнізуюцца, будуюцца новыя прадпрыемствы, робіцца сур’ёзны крок да развіцця лічбавай эканомікі, (адпаведны дэкрэт падпісаны кіраўніком дзяржавы), таму эканоміцы краіны патрэбны спецыялісты, здольныя працаваць на сучасным абсталяванні, кіраваць складанымі тэхналагічнымі працэсамі. Разам з тым многія ССНУ і УВА сёння выпускаюць спецыялістаў учарашняга дня і, як адзначаюць работадаўцы, іх прыходзіцца давучваць і перавучваць. Гэту сітуацыю трэба мяняць у корані, пачынаючы з праграм навучання. Як падкрэсліў Васіль Іванавіч, неабходна стварыць рабочыя групы з ліку спецыялістаў арганізацый — заказчыкаў кадраў, выкладчыкаў вядучых устаноў адукацыі і да 1 жніўня дапрацаваць або распрацаваць новую вучэбную праграмную дакументацыю па ўсіх узроўнях прафесійнай адукацыі. Пры гэтым неабходна выключыць непатрэбныя вучэбныя дысцыпліны, якія не маю ць дачынення да падрыхтоўкі па канкрэтнай спецыяльнасці, узмацніць практычны змест агульнаадукацыйнага працэсу.
Віцэ-прэм’ер таксама звярнуў увагу на даступнасць дашкольнай адукацыі на вёсцы: там павінны быць дзіцячы сад або сад-школа. Не будзе такіх устаноў — не будзе там і спецыялістаў, а значыць, не будзе і будучыні сяла. Наконт пытання пра закрыццё і рэарганізацыю школ, Васіль Іванавіч падкрэсліў, што з гэтага года такое рашэнне можа прымацца толькі са згоды міністра адукацыі, а ён, у сваю чаргу, будзе несці персанальную адказнасць перад урадам за законнасць гэтых рашэнняў.
Засяродзіў увагу Васіль Жарко і на некаторых арганізацыйных пытаннях.
— Шмат гаварылі пра выкананне неўласцівых функцый настаўнікамі, — падкрэсліў Васіль Іванавіч. — Але ў некаторых школах гэтая практыка працягваецца. Акрамя таго, была прынята пастанова аб абмежаванні дакументазвароту ў школах, але паператворчасць працягваецца. Пастаўце кропку ў гэтым пытанні, давядзіце да кожнага дырэктара школы, настаўніка сваю пастанову і забяспечце жорсткі кантроль за яе выкананнем. У такім рэчышчы трэба працаваць і па іншых пытаннях, — паведаміў В.І.Жарко. Васіль Іванавіч падкрэсліў, што патрэбна больш адказнасці і дысцыпліны ў рабоце.
У цэлым віцэ-прэм’ер адзначыў станоўчую дынаміку ў развіцці айчыннай сістэмы адукацыі.
— У нас добрыя педагагічныя кадры, выкладчыцкі корпус, і мы ўдзячны ім за добрасумленную працу, — сказаў Васіль Іванавіч Жарко.
Ала КЛЮЙКО.
Фота Генадзя ЖЫНКОВА, БелТА.