Больш, чым падарунак

У Беларусі запускаецца дабрачынная праграма “Больш, чым падарунак”. Зараз любая арганізацыя можа зрабіць добрую справу, не выкройваючы для гэтага дадатковыя сродкі са сваіх фондаў. У рамках праграмы можна падтрымаць розныя сацыяльныя праекты за кошт адмовы ад куплі стандартных бізнес-сувеніраў. Каардынацыю праграмы ў Беларусі ўзяло на сябе агенцтва B2S, якое займаецца рэалізацыяй праектаў у галіне карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці (КСА).

Падарункі і сувеніры бізнес-партнёрам і кліентам даўно сталі абавязковым атрыбутам падтрымання належных дзелавых адносін. У буйных кампаніях на гэтыя мэты выдзяляюцца немалыя сродкі і прызначаюцца адпаведна адказныя супрацоўнікі. Аналізуюцца ідэі, выбіраюцца пастаўшчыкі, распрацоўваецца дызайн — усё гэта займае не адзін месяц. І хоць многія кампаніі жадалі б падарыць сваім партнёрам нешта арыгінальнае і карыснае, у большасці выпадкаў іх памкненні абмяжоўваюцца закупкай сувеніраў з карпаратыўнай сімволікай. У выніку ў снежні многія офісы больш падобныя на склад: тут і насценныя календары, і штодзённікі, і кубкі з лагатыпамі розных фірм, а таксама алкаголь і шакалад.
“Штогод на навагоднія сувеніры трацяцца велізарныя сродкі. Уявіце, што, адмовіўшыся, напрыклад, ад друку 100 насценных календароў, можна аплаціць школу рэабілітацыі для пяцярых інвалідаў-калясачнікаў. А кошт 30 бутэлек элітнага каньяку супастаўны з коштам аперацыі па выдаленні пухліны галаўнога мозгу”, — гаворыць старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў Яўген Шаўко.
Сутнасць праграмы “Больш, чым падарунак” простая. Кампаніі, якія ўдзельнічаюць у праекце, робяць дабрачынны ўклад (з “падарункавага” фонду, які можа быць выкарыстаны як цалкам, так і часткова) на карысць адной з некамерцыйных арганізацый, якая мае патрэбу ў падтрымцы. Партнёры і кліенты кампаніі-дабрачынніцы атрымліваюць паштоўкі з віншаваннямі і інфармацыяй аб тым, на што былі ахвяраваны грошы, якія раней традыцыйна прызначаліся гэтым партнёрам, а таксама запрашэнні далучыцца да праграмы ў будучым. Кожная кампанія, якая будзе ўдзельнічаць у праграме, атрымае справаздачу аб выкарыстанні яе сродкаў і словы ўдзячнасці на сайце арганізацыі, на карысць якой былі пералічаны грошы.
“Для паштовак, якія дасылаем кампаніям, мы выкарыстоўваем малюнкі дзяцей, якім аказваецца дапамога. Такая форма віншаванняў выклікае пазітыўны рэзананс у атрымальнікаў, паколькі дае ім адчуванне дачынення да важнай грамадскай задачы, да добрай справы. І мы спадзяёмся, што некаторыя з тых, хто атрымае такія паштоўкі, далучацца да праграмы ў наступным годзе, — лічыць Таццяна Казлоўская, спецыяліст агенцтва сацыяльных праектаў B2S. — Аналагічная праграма ўжо атрымала шырокае распаўсюджанне ў Расіі. Першапраходцам у яе рэалізацыі стала кансалтынгавая кампанія PricewaterhouseCoopers, якая накіравала свае карпаратыўныя “сувенірныя” грошы на дабрачынную дзейнасць у 2005 годзе”.
Арганізатары праграмы ў Беларусі чакаюць, што ў нашай краіне ініцыятыва атрымае яшчэ большую падтрымку, паколькі ў нас традыцыйна высокі рэйтынг дабрачыннасці — паказчык, які адлюстроўвае актыўны ўдзел насельніцтва ў рэалізацыі сацыяльных праектаў. Напрыклад, у Беларусі значна вышэйшы працэнт тых, хто робіць фінансавыя ахвяраванні асабіста або ад імя кампаніі: 11% супраць 6% у Расіі (CAF, Сусветны рэйтынг дабрачыннасці 2013 года).
Падрыхтаваны спісы некамерцыйных арганізацый, на карысць якіх будуць збірацца сродкі ў гэтым годзе. Першая арганізацыя — ДГА “ЮніХелп”. Ахвяраванні дапамогуць дзецям з сур’ёзнымі захворваннямі, якія маюць патрэбу ў складаных аперацыях або ў дарагім лячэнні, якое іх сем’і не могуць аплаціць самастойна. Наступная арганізацыя — дзіцячая SOS-вёска, што ў Бараўлянах. Грошы мэтанакіравана пойдуць на псіхалагічную і сацыяльную падтрымку крызісных сем’яў. Гэтыя мерапрыемствы нацэлены на прафілактыку сацыяльнага сіроцтва, адрасаваны таксама Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў. Ахвяраванні пойдуць на іх актыўную рэабілітацыю. У ходзе рэалізацыі дзесяцідзённай праграмы яны атрымаюць неабходныя навыкі і веды для самастойнага перамяшчэння ў калясцы, а галоўнае — убачаць натхняльныя прыклады іншых інвалідаў, якія вядуць паўнацэннае актыўнае жыццё: паралімпійскіх чэмпіёнаў, паспяховых бізнесменаў, людзей, якія стварылі сям’ю і выхоўваюць дзяцей.
Арганізатары праекта гатовы падтрымаць і іншых патэнцыяльных атрымальнікаў дапамогі з улікам пажаданняў дабрачынцаў.
“Новы год — свята, якое з дзяцінства асацыіруецца з чароўным. Гэта час спадзяванняў на цуды, выканання жаданняў і новых пачынанняў. Праграма “Больш, чым падарунак” — не толькі новы этап у развіцці карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці ў Беларусі, яна можа стаць для каго-небудзь, хто мае патрэбу ў дапамозе, пачаткам новага жыцця. Для бізнес-арганізацый гэта магчымасць прыняць удзел у вырашэнні важных сацыяльных задач, што пазітыўна адаб’ецца як на іміджы арганізацыі, так і ўмацуе яе адносіны з дзелавымі партнёрамі і грамадствам”, — лічыць Таццяна Казлоўская.

Падрыхтавала Надзея ЦЕРАХАВА.