“Больш, чым проста праца”

- 11:11Навіны рэгіёнаў

Студэнты Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава прымаюць удзел у новым рэспубліканскім сельскагаспадарчым працоўным праекце БРСМ і РУП “Талачынскі кансервавы завод”.

З 9 ліпеня ў складзе зводнага сельскагаспадарчага атрада на чале з Віталіяй Селівончык (камандзір) і Міхаілам Гелахам (камісар) на ягадных плантацыях прадпрыемства шчыруюць байцы некалькіх лінейных студатрадаў. Праект “Талачын 2021” аб’яднаў моладзь з усёй Беларусі. Геаграфія ўдзельнікаў — ад Віцебска да Брэста, а калі дакладней, гэта студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі і навучэнцы каледжаў з Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей. На цяперашні час тут на ўборцы чырвоных парэчак задзейнічана амаль 60 чалавек, з іх 17 — прадстаўнікі ВДУ імя П.М.Машэрава. З прарэктарам універсітэта Дзянісам Шкір’янавым мне давялося пагаварыць якраз падчас яго камандзіроўкі на Талачыншчыну.

— Праект курыруе БРСМ, аднак зразумела, што і мы ў сваю чаргу клапоцімся аб нашых студэнтах, трымаем на кантролі, дзе яны знаходзяцца, адпачываюць і працуюць, — адзначыў Дзяніс Эдуардавіч. — Талачынскі кансервавы завод — наш даўні партнёр, у адпаведнасці з запытамі якога ўніверсітэт традыцыйна накіроўвае ў раён студатрады, прычым на працягу навучальнага года. Сёння мы прыехалі паглядзець, як уладкаваліся нашы ўдзельнікі праекта. Асаблівая ўвага — строгаму выкананню правіл тэхнікі бяспекі, абсталяванню месцаў пражывання і пунктаў харчавання, меню і якасці страў, якія там прапануюцца. Па водгуках студэнтаў, умовамі яны задаволены, у нас таксама нараканняў няма.

Сёлетні ліпень занадта шчодры на анамальна спякотныя дні. Для студатрадаўцаў неспрыяльныя ўмовы надвор’я сталі выпрабаваннем на трываласць, але цяпер ужо можна сказаць, што юнакі і дзяўчаты дастойна пераадолелі цяжкасці. Пайшлі насустрач і арганізатары праекта. У прыватнасці, былі скарэкціраваны графікі работы: праца пачыналася з 6 раніцы, потым рабілі перапынак, каб не знаходзіцца на самым санцапёку, а ў другой палове дня зноў вярталіся да збору парэчак. Акрамя працоўнага складніка, праект прадугледжвае выдатную культурна-забаўляльную праграму, экскурсійныя паездкі, тэматычныя гульні і трэнінгі, семінары і майстар-класы, спартыўныя турніры і спаборніцтвы. Працоўная змена для ўдзельнікаў праекта “Талачын” завершыцца 10 жніўня. 

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Дзяніса ШКІР’ЯНАВА.