Больш доследаў, паважаны настаўнік!

Самая цікавая і захапляючая частка хіміі — гэта, канечне, дослед ці эксперымент. Нават далёкі ад разумення прадмета вучань, прыйшоўшы на ўрок, заўсёды пацікавіцца: “А доследы будзем рабіць?” Калі прыносіш на ўрок хімічны посуд, газаадводныя трубкі, розныя хімічныя рэактывы, у дзяцей узнікае цікаўнасць і жывы інтарэс. Але варта пачаць рашаць задачы, запісваць ураўненні рэакцый, усё “прапала”: сумна, незразумела, нецікава!

На мой погляд, хімія пачынаецца заўсёды з доследу, нагляднай дэманстрацыі адпаведнага хімічнага працэсу. У нашым прадмеце немагчыма правільна ўспрымаць тэарэтычныя веды без адпаведнай практыкі. Адсюль і ўзнікае актуальнасць гэтай праблемы ў вывучэнні хіміі: больш доследаў, паважаны настаўнік!

У школе на ўроку даюцца самыя неабходныя базавыя веды, часта многім дзецям не ўсё цікава і зразумела, таму на сваіх уроках хіміі я дэманструю пэўны тэматычны дослед, нават калі гэтага не прадугледжвае школьная праграма.

Напрыклад, у 7 класе, дзе толькі пачынаецца знаёмства навучэнцаў з хіміяй, лабараторная работа па атрыманні кіслароду не выклікае ў вучняў яркіх эмоцый і ўражанняў. А што, калі гэты эксперымент паспраба­ваць дапоўніць? А як?! У колбу з атрыманым кіслародам я дабаўляю крыху чырвонага фосфару. І што мы бачым? Вокамгненная рэакцыя гарэння фосфару ў кіслародзе, а як эфект рэакцыі — выдзяленне яркага святла ўнутры колбы. Гэты дослед эфектней назіраць у цемры. Вось на гэтым прыкладзе лёгка растлумачыць рэакцыю гарэння рэчываў у кіслародзе. Такая лабараторная работа павышае цікавасць вучняў да хіміі, да вывучэння хімічных уласцівасцей рэчываў. Спосабы атрымання кіслароду не абмяжоўваюцца толькі аднымі ўраўненнямі рэакцый. Пры адказе ля дошкі вучань лёгка ўспамінае гэты дослед і апісвае яго сваімі словамі, а не перадае зазубраныя ўрыўкі фраз з падручніка.

Цікава для старшакласнікаў пры вывучэнні ўласцівасцей сернай кіслаты правесці дослед з цукрозай. Дзеці не на словах, а на свае вочы бачаць воданепрымальныя ўласцівасці канцэнтраванай сернай кіслаты. Пры вывучэнні хімічных уласцівасцей шчолачных металаў вучням цікавы дослед “Натрый, які скача”. У хіміі вельмі многа якасных каляровых рэакцый, якія вучні назіраюць ці право­дзяць самі (біўрэтавая і ксантапратэінавая рэакцыя на бялкі і г.д.).

Не кожнае дзіця адкажа на пытанне: “А дзе мы часта сустракаемся з хіміяй?” Не, гэта не ў школе, не на ўроку, а ў побыце. Любы бытавы працэс у хатніх умовах — гэта сукупнасць фізіка-хімічных працэсаў: мыццё бялізны, гатаванне ежы, санітарна-гігіенічныя працэдуры і многае іншае. На ўроку хіміі я вучу дзяцей уменню праводзіць доследы з рознымі рэчывамі, аналізаваць атрыманыя даныя ў час эксперымента і прымяняць адпаведныя веды ў рэальным жыцці.

Канечне, знаёмства з хіміяй пачынаецца ў мамінай “лабараторыі” — кухні. У любой гаспадыні дома ёсць сода і воцат. Гэта першы дослед, які шырока выкарыстоўваецца ў побыце і мае важнае практычнае значэнне. У дзіцяці з’явіцца цікавасць да таго, што адбываецца, калі прапанаваць яму самому зрабіць эксперымент. Пры гэтым растлумачыць, што адбываецца ў час рэакцыі, чаму з’яўляюцца бурбалачкі. Можна дослед пашырыць: прапанаваць дзіцяці надзьмуць шарык пры дапамозе гэтых рэактываў. Вось з такіх простых і элементарных доследаў я пачынаю знаёміць дзяцей з хіміяй. Паступова з маленькіх атамаў мы збіраем малекулы, а ў далейшым і складаныя рэчывы.

Укараненне разнастайных доследаў і эксперыментаў на ўроку хіміі дазваляе зняць псіхалагічную непрыязнасць вучня да прадмета і павышае яго цікавасць да пазнання навакольнага асяроддзя. Я лічу, што эксперыменты з рознымі рэчывамі на ўроках хіміі павышаюць і паспяховасць вучня па гэтым прадмеце. Наглядны прыклад заўсёды запамінаецца лягчэй.

У многіх навучэнцаў існуе меркаванне, што хімія ім у жыцці не спатрэбіцца, маўляў, навошта ім гэта вучыць, таму на ўроку я стараюся зрабіць акцэнт на прымяненні атрыманых ведаў у жыццёвым вопыце. Напрыклад, пры праходжанні ў 9 класе тэмы “Фенол” расказваю вучням не толькі на словах, што гэта таксічнае арганічнае злучэнне, але і тлумачу, што ім апрацоўваюць большасць экзатычнай садавіны, прывезенай з іншых краін, таму лупіну гэтай садавіны неабходна прамываць вадой.

Пры праходжанні тэмы “Атрыманне бензолу” школьнікі даведваюцца ад мяне пра атрыманне яго з солей бензойнай кіслаты — бензаату натрыю. Бензаат натрыю з’яўляецца харчовым кансервантам Е211, які шырока выкарыстоўваецца ў краінах былога СНД, але забаронены ў некаторых дзяржавах Еўропы. Справа ў тым, што ён назапашваецца ў арганізме і не выводзіцца ім. Як вынік, у працэсе жыцця чалавека з’яўляецца адной з прычын трансфармацыі клетак у ракавыя. Таму вучні, на мой погляд, наўрад ці пагодзяцца ўжываць у ежу прадукты з кансервантам бензаат натрыю і будуць патрабавальнымі пры куплянні харчовых тавараў.

На сёння праблема здаровага харчавання дзяцей стаіць вельмі востра. А паколькі большасць прадуктаў харчавання, якія набываюцца ў гіпермаркетах — “станцыі па выдачы розных хімікатаў” нашаму арганізму, то на сваіх уроках расказваю дзецям пра шкоду таго ці іншага прадукту (кока-кола, газіраваныя фарбаваныя напіткі, чыпсы, розныя сухарыкі, жвачкі, нашпігаваныя хіміяй, вэнджаніна і каўбасы, прадукты хуткага гатавання і г.д.). Яшчэ можна прывесці многа розных прыкладаў. Ураўненні рэакцый атрымання бензолу з бензаату натрыю дзецям, магчыма, і не спатрэбяцца, але веды пра шкоду харчовага кансерванту дапамогуць ім сфарміраваць правільныя харчовыя звычкі.

Сучасныя маладыя людзі вельмі захапляюцца аўтамабілямі. Напрыклад, усім вядома, што ў аўтамабілях выкарыстоўваюцца розныя таксічныя вадкасці, у акумулятарах — серная кіслата. На ўроку па тэме я расказваю пра тое, як абясшкодзіць ці перавесці таксічнае атрутнае рэчыва ў іншае злучэнне, менш небяспечнае для арганізма. Гэтыя веды застануцца ў дзіцяці на ўсё жыццё і дапамогуць яму ў далейшым.

На мой погляд, у школе трэба папулярызаваць хімію. У час правядзення тэматычнага тыдня, прысвечанага прадмету “Хімія”, праводжу для малодшых школьнікаў экскурсіі ў хімічную лабараторыю, даю магчымасць памацаць хімічны посуд, праводжу элементарныя каляровыя рэакцыі.

Такім чынам, на заканчэнне хачу прывесці мудрую старую народную прымаўку: “Вер не сказу, а паказу”.

Алег ХАРТОЎСКІ,
настаўнік хіміі Шчорсаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.