Больш намінацый — больш магчымасцей

Сакавік стане вызначальным для педагогаў, якія ўдзельнічаюць у абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”. Менавіта ў першы вясновы месяц (да 31 сакавіка) вызначацца прэтэндэнты на ўдзел у рэспубліканскім этапе, які, як вядома, пройдзе ў верасні гэтага года.

Як паведамілі ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, ва ўсіх рэгіёнах Мінскай вобласці другі этап конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” праходзіў у перыяд з 1 снежня 2013 па 31 студзеня 2014 года.
Па выніках другога этапу былі вызначаны ўдзельнікі абласнога конкурсу “Настаўнік года Мінскай вобласці” па сямі прадметных намінацыях: “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”, “Замежная мова”, “Беларуская мова і літаратура, руская мова і літаратура”, “Пачатковыя класы”, “Музыка, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка”, “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія, хімія, біялогія”, “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”.

Для ўдзелу ў конкурсе “Настаўнік года Мінскай вобласці” электронныя заяўкі падалі 145 педагогаў з усіх раёнаў, а таксама ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Праводзіцца абласны конкурс у тры туры ў кожнай намінацыі.
Падчас першага тура (завочнага) удзельнікі дэманструюць відэаўрок (заняткі) і пісьмовае прадстаўленне сістэмы ўласнай педагагічнай дзейнасці “Навучаючы, я выхоўваю”. На падставе конкурсных матэрыялаў вызначаюцца ўдзельнікі другога (вочнага) тура — не больш за 35 педагогаў.
У другім туры канкурсанты праходзяць тэсціраванне ў мэтах праверкі ведаў у галіне педагогікі і псіхалогіі, даюць адкрыты ўрок (заняткі) у незнаёмым класе (групе) і майстар-клас для студэнтаў. Па найбольшай суме набраных балаў у трэці тур выйдзе 21 удзельнік.
У трэцім туры канкурсанты прадэманструюць журы публічнае прадстаўленне сістэмы ўласнай педагагічнай дзейнасці “Навучаючы, я выхоўваю”, творчае самапрадстаўленне ўдзельніка конкурсу на сцэне і міні-ўрок (заняткі) на сцэне.
Такім чынам будуць вызначаны пераможцы і лаўрэаты ва ўсіх сямі прадметных намінацыях. Уладальнікі дыпломаў І ступені прадставяць Мінскую вобласць на рэспубліканскім этапе ў верасні 2014 года.
Асаблівасцямі конкурсу ў 2013—2014 гадах з’яўляецца ўвядзенне прадметных намінацый, а таксама ўключэнне ў склад удзельнікаў конкурсу педагагічных работнікаў, якія рэалізуюць адукацыйную праграму прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якая забяспечвае атрыманне кваліфікацыі рабочага (служачага) і агульнай сярэдняй адукацыі; адукацыйную праграму прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якая забяспечвае атрыманне кваліфікацыі рабочага (служачага) і агульнай сярэдняй адукацыі з вывучэннем асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні; адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі на аснове агульнай базавай адукацыі.

Па меркаванні арганізатараў конкурсу, увядзенне прадметных намінацый у прафесійны конкурс накіравана перш за ўсё на ўдасканаленне прафесійных уменняў педагогаў у галіне тэорыі і методыкі выкладання вучэбнага прадмета і на развіццё прадметных методык на аснове абагульнення дасягненняў педагогаў-практыкаў, што ў сваю чаргу дасць магчымасць павысіць якасць адукацыі па вучэбных прадметах, выявіць лепшы практычны вопыт і вызначыць тэндэнцыі развіцця адукацыі па вучэбных прадметах.
Акрамя таго, гэта дазволіць больш аб’ектыўна ацаніць падрыхтоўку кожнага канкурсанта па вучэбным прадмеце, бо членамі журы будуць спецыялiсты адпаведнага прадмета або напрамку дзейнасці (напрыклад, выхавальнікі ўстановы дашкольнай адукацыі, настаўнікі пачатковых класаў). Прадметныя намінацыі дапамогуць прыцягнуць большую колькасць педагагічных работнікаў да ўдзелу ў конкурсе, павысіць узровень метадычнай работы з педагогамі на ўзроўні ўстановы адукацыі, раёна, вобласці.
Арганізатары ўпэўнены, што конкурс дапаможа сфарміраваць суполку педагогаў — удзельнікаў абласных і чацвёртага этапаў конкурсу па кожным вучэбным прадмеце, пры гэтым члены гэтай суполкі змогуць прымаць удзел у павышэнні кваліфікацыі іншых педагагічных работнікаў, ажыццяўляць метадычную работу на розных узроўнях.
Мы ж у сваю чаргу жадаем поспехаў удзельнікам абласных этапаў.

 

Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ.