Больш увагі — мовам

- 12:20Актуальна, На парадку дня

Жнівень — час актыўнай падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Найперш настаўнікі вывучаюць дакументацыю. 

Змяненні ў праграмах  

Адным з асноўных дакументаў, які рэгламентуе дзейнасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, з’яўляецца вучэбны план. Менавіта ў ім вызначаны прадметы, якія павінны вывучацца ў кожным класе, колькасць гадзін на іх вывучэнне, а таксама дапушчальная нагрузка на навучэнца. 

У новым навучальным годзе настаўнікі будуць працаваць са змененым тыпавым вучэбным планам агульнай сярэдняй адукацыі. З 2022/2023 навучальнага года ў 10-х і 11-х класах на паўгадзіны павялічваецца колькасць гадзін у тыдзень на вывучэнне такіх прадметаў, як “Беларуская мова” і “Рус­кая мова”. У выніку з новага навучальнага года на вывучэнне беларускай і рускай моў у 10-х і 11-х класах на базавым узроўні будзе адведзена 53 гадзіны ў год замест 35. Акрамя таго, на адну гадзіну паменшыцца колькасць гадзін у тыдзень на вывучэнне замежнай мовы ў 10-х і 11-х класах.

“Варта адзначыць, што ў сувязі з павелічэннем колькасці гадзін на вывучэнне беларускай і рускай моў у 10-х і 11-х класах ніякага пашырэння тэарэтычнага матэрыялу не будзе. У настаўнікаў з’явіцца магчы­масць больш увагі ўдзяліць паўтарэнню і замацаванню вывучаных правіл, удасканаленню камунікатыўных, арфаграфічных і пунктуацыйных навыкаў вучняў, развіццю культуры вуснай і пісьмовай мовы.

Тут жа хачу падкрэсліць, што ў вучэбныя праграмы для 10—11-х класаў па замежнай мове ў сувязі са скарачэннем колькасці га­дзін таксама ўнесены змяненні і дапаўненні: скарочаны аб’ём прадукцыйнага (актыўнага) і рэцэптыўнага (пасіўнага) лексічнага мінімуму; выключаны асобныя камунікатыўныя задачы; перанесены граматычны матэрыял з раздзела “Граматычны матэрыял для прадукцыйнага засваення” ў раздзел “Граматычны матэрыял для рэцэптыўнага засваення”, — патлумачыла дырэктар НІА Валянціна Гінчук.

Яшчэ адна навіна: у сувязі з уступленнем у дзеянне новай рэдакцыі Канстытуцыі Беларусі ў вучэбныя праграмы па гісторыі Беларусі і грамадазнаўстве ўнесены змяненні, якія прадугледжваюць вывучэнне змяненняў і дапаўненняў, прынятых на рэс­публіканскім рэферэндуме 27 лютага 2022 года. Змяненні закранаюць і вучэбную праграму па геаграфіі для 6-х, 7-х, 11-х класаў, дзе скарочана колькасць геаграфічнай наменклатуры, абавязковай для вывучэння. У вучэбную праграму па дапрызыўнай падрыхтоўцы дабаўлены нарматывы, якія павінны выконвацца навучэнцамі.

Унікальныя матэрыялы

Да пачатку навучальнага года бу­дуць падрыхтаваны і размешчаны на нацыя­нальным адукацыйным партале рэкамендацыі па выкарыстанні ў адукацыйным працэсе інфармацыйна-аналітычных матэрыялаў крымінальнага расследавання аб генацыдзе беларускага народа, прадастаўленыя Генпракуратурай. Унікальныя матэрыялы рэкамендаваны да выкарыс­тання пры вывучэнні розных вучэбных прадметаў, не толькі гісторыі, але і беларус­кай і рускай літаратуры, мастацтва.

У 4 класе ў вучэбную праграму “Чалавек і свет. Мая Радзіма — Беларусь” дабавілася пытанне “Трагедыя беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гістарычная памяць аб гібелі жыхароў беларускай вёскі Хатынь і дзецях — ахвярах вайны”. Вучэбныя праграмы па гісторыі Беларусі ў 9-х і 11-х класах дапоўнены пытаннямі аб захаванні гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, будзе вывучацца закон Беларусі “Аб генацыдзе беларускага народа”.

“З 1 верасня 2022/2023 навучальнага года навучэнцы 9 класа будуць выву­чаць вучэбны модуль “Вялікая Айчынная вайна”, які ўключае раздзел “Другая сусветная вайна. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа” па прадмеце “Сусветная гісторыя”. У модуль таксама ўвайшоў раздзел “Беларусь у гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў” па прадмеце “Гісторыя Беларусі”.

Падкрэслю, што вучэбныя праграмы кропкава ўдасканальваюцца з улікам заўваг і прапаноў, якія паступаюць у Нацыянальны інстытут адукацыі ад педагогаў. Напрыклад, удакладняюцца асноўныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці, тэматыка кантрольных работ, пераразмяркоўваюцца гадзіны на вывучэнне тэм, скарачаецца колькасць асноўных паняццяў, абавязковых для вывучэння”, — паведаміла Валянціна Васільеўна.

Нормы ацэнкі

Што тычыцца нормы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў у новым навучальным годзе, то тут захаваліся агульныя прынцыпы: 10-бальная сістэма і пяць ­узроўняў вучэбнай дзейнасці.

У 1-х і 2-х класах па ўсіх прадметах, а таксама ў 3—4-х класах па вучэбных прадметах “Музыка”, “Выяўленчае мастацтва”, “Працоўнае навучанне”, “Фізічная культура і здароўе”, “Асновы бяспекі жыццядзейнасці” ацэнка вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў, як і раней, будзе ажыццяўляцца на зместава-ацэначнай аснове без выкарыстання адзнакі ў балах.

З 2022/2023 навучальнага года станоўчымі будуць лічыцца адзнакі ад 3 да 10 балаў, нездавальняючымі — адзнакі 1 і 2 балы.

Па вучэбных прадметах “Асновы бяс­пекі жыццядзейнасці” (5 клас), “Мастацтва (Айчынная і сусветная мастацкая культура)” (5—9 класы) атэстацыя ажыццяўляецца з выкарыстаннем адзнак “залічана”, “не залічана”.

З 2022/2023 навучальнага года станоўчымі будуць лічыцца адзнакі ад 3 да 10 балаў, нездавальняючымі — адзнакі 1 і 2 балы.

“Абноўленыя нормы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў адрозніваюцца ад тых, што дзейнічалі. Яны прадуг­леджваюць ацэнку не толькі прадметных адукацыйных вынікаў (ведаў, уменняў, навыкаў, спосабаў дзейнасці), але і метапрадметных адукацыйных вынікаў (напрыклад, уменняў крытычна ацэньваць інфармацыю, атрыманую з розных крыніц, пісьменна інтэрпрэтаваць і выкарыстоўваць яе, інтэграваць веды з розных прадметных галін для вырашэння практычных задач).

Атрыманне нездавальняючай адзнакі азначае, што вучань не засвоіў вучэбны матэрыял. Навучэнец, які атрымаў 1 або 2 балы па прадмеце па выніках навучальнага года, будзе атрымліваць заданне на лета. У жніўні бягучага навучальнага года па раскладзе, зацверджаным кіраўніком установы адукацыі, ён павінен будзе прайсці атэс­тацыю па гэтым прадмеце. У выпадку, калі не будзе атрымана станоўчая адзнака і ў жніўні, то навучэнец застанецца на паўторны год навучання”, — патлумачыла дырэктар НІА.

Наяўнасць гадавых нездавальняючых адзнак у 9-х і 11-х класах можа ўплываць на допуск да выпускных экзаменаў. Да выпускных экзаменаў у гэтых класах будуць дапускацца навучэнцы, якія маюць станоўчыя гадавыя адзнакі па ўсіх вучэбных прадметах. “Пры гэтым да выпускных экзаменаў мо­гуць быць дапушчаны навучэнцы, якія маюць не больш як дзве нездавальняючыя адзнакі па вучэбных прадметах, па якіх не право­дзяцца выпускныя экзамены. Але атэстацыю па выніках года па гэтых двух прадметах яны будуць праходзіць у жніўні. Той, хто атрымае нездавальняючую адзнаку на выпускным экзамене, зможа здаць яго паўторна ў жніўні”, — сказала Валянціна Гінчук.

Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ.