Больш увагі вытворчай кааперацыі

- 10:38Інфармацыйная гадзіна

Кыргызстан надае асаблівае значэнне развіццю дружалюбных адносін з Беларуссю на аснове ўзаемнага даверу і дыялогу. Пра гэта заявіў спікер Жагорку Кенеша (парламента) Кыргызстана Дастанбек Джумабекаў на сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам у Бішкеку, паведамілі ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.

На сустрэчы абмяркоўвалася развіццё двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва ў парламенцкім і іншых вымярэннях. “Кыргызстан надае асаблівае значэнне развіццю дружалюбных адносін з Беларуссю на аснове ўзаемнага даверу і дыялогу. Ёсць зацікаўленасць у далейшым яго пашырэнні, у тым ліку на міжрэгіянальным узроўні”, — адзначыў Дастанбек Джумабекаў.

Для гэтага ёсць усе неабходныя ўмовы. Сярод іх спікер назваў Год развіцця рэгіёнаў і лічбавізацыі, які праводзіцца ў Кыргызстане, высокі попыт на тавары беларускіх вытворцаў — пачынаючы ад прадуктаў харчавання і заканчваючы прадукцыяй машынабудавання.

Уладзімір Андрэйчанка пацвердзіў зацікаўленасць і гатоўнасць да развіцця супрацоўніцтва з Кыргызстанам. Пры гэтым ён прапанаваў удзяліць больш сур’ёзную ўвагу ўзаемадзеянню ў сферах адукацыі, медыцыны. “Адзначана важнасць у пашырэнні не толькі гандлю, але і вытворчай кааперацыі ў мэтах вытворчасці і папулярызацыі сумесна выпускаемай прадукцыі як на нацыянальных рынках, так і на рынках трэціх краін, перш за ўсё ЕАЭС”, — праінфармавалі ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.

Беларускі спікер выказаўся за ўмацаванне прававой асновы міжпарламенцкага супрацоўніцтва. У гэтых мэтах было прапанавана падпісаць адпаведнае пагадненне паміж двума заканадаўчымі органамі.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў выказаў надзею, што яго кыргызскі калега наведае ў бягучым годзе Беларусь з афіцыйным візітам у адпаведнасці з раней накіраваным запрашэннем. Бакі змогуць вызначыць канкрэтныя мерапрыемствы для паўнацэннай рэалізацыі патэнцыялу двухбаковага супрацоўніцтва з улікам ужо існуючых напрацовак на міждзяржаўным, міжрэгіянальным і міжведамасных узроўнях.

Уладзімір Андрэйчанка таксама правёў двухбаковую сустрэчу са старшынёй Мажыліса парламента Казахстана Нурланам Нігматуліным. Спікеры адзначылі інтэнсіўны дыялог, цесныя і даверныя адносіны, якія развіваюцца паміж дзвюма дзяржавамі і іх парламентамі. Удзельнікі сустрэчы падкрэслілі, што асаблівая заслуга ў дасягненні высокага ўзроўню двухбаковага супрацоўніцтва належыць кіраўнікам дзвюх дзяржаў.

Размова на сустрэчы ішла пра падрыхтоўку да маючых адбыцца выбараў Прэзідэнта Казахстана, якія пройдуць 9 чэрвеня, у назіранні за імі ў складзе адпаведных місій міжпарламенцкіх арганізацый. Акрамя таго, Уладзімір Андрэйчанка і Нурлан Нігматулін абмеркавалі парадак дня чарговай штогадовай сесіі ПА АБСЕ, дзе плануецца разгледзець праект беларускай рэзалюцыі па тэматыцы “Умацаванне супрацоўніцтва ў сферы тэхналагічнага прагназавання”. У цэнтры ўвагі была таксама маючая адбыцца ў верасні нарада спікераў парламентаў краін Еўразіі. Яе рыхтуе парламент Казахстана.

“Вялікая ўвага ў ходзе сустрэчы была ўдзелена пытанням умацавання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, вытворчай кааперацыі прадпрыемстваў дзвюх краін, умацавання міжкультурных сувязей Беларусі і Казахстана”, — праінфармавалі ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.

Па выніках сустрэчы Нурлан Нігматулін выказаў упэўненасць у тым, што задача, пастаўленая прэзідэнтамі дзвюх краін па выхадзе на тавараабарот у памеры $1 млрд, цалкам выканальная. Паводле яго слоў, парламент Казахстана будзе аказ­ваць усё неабходнае садзейнічанне вырашэнню гэтай і іншых актуальных задач развіцця двухбаковага супрацоўніцтва з Беларуссю.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ула­дзімір Андрэйчанка наведаў Кыргызстан, дзе прыняў удзел у пасяджэнні Савета Парламенцкай асамблеі АДКБ.