Больш увагі — жывой гісторыі

- 10:48Адукацыйная прастора

Трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Сусветная гісторыя”, “Гісторыя Беларусі”, “Грамадазнаўства” прайшоў на базе гімназіі № 4 Мінска, гасцінныя гаспадары якой стварылі спрыяльныя ўмовы для работы ўдзельнікаў алімпіяды і членаў журы. Сталічныя школьнікі паспяхова справіліся з хваляваннем, з алімпіяднымі заданнямі, апраўдалі давер сваіх настаўнікаў і бацькоў, зрабілі ўпэўнены крок наперад на шляху ў элітны клуб знаўцаў гісторыі і грамадазнаўства.

Абсалютнымі пераможцамі па гісторыі сталі навучэнец 11 класа Мінскага дзяржаўнага энергетычнага каледжа Мікалай Грыгор’еў, які набраў 206 балаў (настаўніца Тамара Віктараўна Мазан) і дзесяцікласнік гімназіі № 1 Уладзіслаў Пупшыновіч, на рахунку якога 217 балаў (настаўніца Алёна Антонаўна Савіна). Па грамадазнаўстве абсалютнае першынство ў дзесяцікласніка гімназіі № 8 Вадзіма Сянько, які набраў 259 балаў (настаўніца Валянціна Іванаўна Давыдава), і ў адзінаццацікласніцы сярэдняй школы № 30 Веранікі Радкевіч, на рахунку якой 283 балы (настаўніца Алена Леанідаўна Кірдзюк).
Усяго сталічныя школьнікі па гісторыі і грамадазнаўстве заваявалі 78 дыпломаў. Па выніках спаборніцтваў пераходны кубак па грамадазнаўстве сёлета заваяваў Савецкі раён — на рахунку яго прадстаўнікоў найбольшая колькасць дыпломаў. Другое месца ў Ленінскага раёна, трэцяе — у Фрунзенскага. Паспяхова выступілі навучэнцы сярэдняй школы № 30, гімназій №№ 8, 42, 18, 15, 1, ліцэя № 2. На алімпіядзе па гісторыі трэці год першынство ў горадзе ўтрымлівае Цэнтральны раён. Другое і трэцяе месцы занялі Фрунзенскі і Савецкі раёны адпаведна. Бліскучыя вынікі па гісторыі прадэманстравалі навучэнцы Мінскага дзяржаўнага энергетычнага каледжа, сярэдняй школы № 159, Ліцэя БНТУ, гімназій №№ 36, 24, 11 і 1.
У інтэлектуальных спаборніцтвах прынялі ўдзел 85 навучэнцаў па гісторыі і 92 — па грамадазнаўстве. Сёлета за 10 клас выступілі восем дзевяцікласнікаў.
Спаборніцтвы па грамадазнаўстве традыцыйна складаліся з тэарэтычнага і практычнага (тэставага) тура. На першым туры ўдзельнікам алімпіяды былі прапанаваны заданні, звязаныя з уменнем аналізаваць, аргументаваць сваю думку, з дакладным веданнем пэўных паняццяў, апісаннем фактаў, падзей, указаннем дат, гістарычных і грамадскіх дзеячаў, а таксама ўменнем устанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі, рабіць высновы, аргументаваць свой адказ, пацвярджаць фактамі і прыкладамі з гісторыі, з сучаснага жыцця. Практычны тур меў прыкладны характар і быў накіраваны на веданне асноўных азначэнняў, паняццяў. Алімпіяднікам былі прапанаваны заданні часткі А (на выбар правільнага адказу) і часткі Б (запоўніць прабелы, супаставіць аўтара і меркаванне, якое яму адпавядае, і г.д.).
Навучэнцам неабходна было прадэманстраваць веды па эканоміцы, паліталогіі, культуралогіі, псіхалогіі, этыцы і іншых навуках, а таксама ўменні разбірацца ў людзях, падзеях, фактах, ацэньваць сітуацыю, прымаць рашэнні. Сума балаў дзвюх частак і вызначала пераможцаў.
— Кожнае заданне патрабавала абсалютна рознага падыходу — філасофскага, сацыяльнага, псіхалагічнага і г.д., — гаворыць старшыня журы алімпіяды па грамадазнаўстве, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі БДПУ імя Максіма Танка, кандыдат гістарычных навук Зарына Ібрагімаўна Канапацкая. — У цэлым вучні добра справіліся з усімі заданнямі. Ва ўсіх навучэнцаў быў высокі бал па тэставых заданнях з выбарам правільнага адказу. Крыху складаней было менавіта з тэарэтычнымі заданнямі, бо аналіз даваўся не ўсім: калі-нікалі гэта былі мнагаслоўныя разважанні, якія не мелі пад сабой базы. Найбольш цяжка давалася навучэнцам філасофія і яе паняцці. У асноўным вучні добра справіліся з заданнямі па псіхалогіі, сацыялогіі і культуры.
У далейшым вучням неабходна звярнуць больш увагі менавіта на аналіз, на падыходы, якія выкарыстоўваюцца для таго, каб усвядоміць, зразумець той ці іншы тэкст. Напрыклад, неабходна было прааналізаваць паняцце гуманізму і вучэнне Праваслаўнай царквы аб маральных каштоўнасцях у жыцці грамадства, супаставіць іх. Гэта выклікала цяжкасці, хаця ўсе ўдзельнікі давалі агульнапрынятыя азначэнні і імкнуліся на іх аснове вынесці сваё меркаванне. Акрамя таго, чамусьці не ўсе расказалі пра тое, якія прававыя нормы існуюць у краіне, каб рэгуляваць талерантнае існаванне шматнацыянальнай супольнасці нашай краіны.
Прапанаваныя заданні былі разлічаны на шырокі кругагляд, эрудыцыю, светапогляд навучэнцаў. Некаторыя з іх не мелі нават ключоў. Асноўны крытэрый ацэнкі такіх заданняў журы — веды: наколькі яны дакладныя, наколькі адпавядаюць вучэбнай праграме, наколькі на іх базе можа развівацца творчасць. Калі гэта былі нейкія мнагаслоўныя разважанні, якія не мелі пад сабой падстаў, то журы адказ не залічвала.
Новаўвядзеннем сёлетняй алімпіяды па гісторыі з’яўляецца мультымедыйны тур, на які адводзілася адна гадзіна і які складаўся з дзвюх частак: навучэнцам дэманстраваліся слайды, на якіх былі прадстаўлены карціны, дзе адлюстроўваліся гістарычныя падзеі, мініяцюры, і фрагменты гістарычных відэафільмаў вядомых рэжысёраў (напрыклад, урывак з кінафільма “Мінін і Пажарскі”). Неабходна было даць адказ, якой падзеі прысвечана, што мае на ўвазе тая ці іншая выява.
Першы тур быў прадстаўлены тэарэтычнымі заданнямі на веданне азначэнняў, паняццяў, устанаўленне прычынна-выніковых сувязей, характарыстыку гістарычных падзей па карцінах, карыкатурах, па картах, генеалагічных схемах ці схемах, якія ілюструюць дзяржаўны лад той ці іншай краіны, з дапамогай параўнальных ці храналагічных табліц. Заданні складзены дастаткова каверзна, з кожным годам яны не паўтараюцца. Так, на тэарэтычным туры ў 11 класе давалася заданне, звязанае са спадчынным правам кіеўскіх князёў, калі неабходна было выбудаваць радавод, вызначыць, які князь за якім кіраваў, як гэта спадчыннае права называлася і ўплывала на прастол спадчыннасці Кіеўскай Русі. Заданні, звязаныя з аналізам пэўнай падзеі ці эпохі па карцінах, для журы вельмі паказальныя: тое, наколькі вучань граматна здольны па творы мастацтва прааналізаваць цэлую эпоху, пэўную гістарычную з’яву, паказвае, наколькі ў яго развіта гістарычнае мысленне. Сёлета старшакласнікам прапаноўваліся падзеі, звязаныя з прыняццем хрысціянства на Русі, з перамогай у Вялікай Айчыннай вайне, з войнамі перыяду Пятра Вялікага і крыжовымі паходамі.
Другі тур — практычны, тэставы. Гэта гістарычная руціна, фактурны ўзровень, які неабходна ведаць кожнаму алімпіядніку.
— Навучэнцы сёлета справіліся з заданнямі не горш, чым у мінулым годзе, — адзначае старшыня журы алімпіяды па гісторыі, першы прарэктар МГІРА, доктар гістарычных навук Сяргей Пятровіч Странкоўскі. — Дзясятыя класы выступілі лепш, чым адзінаццатыя. Магчыма, гэта звязана з тым, што ў мінулым годзе горад вярнуўся да прафілізацыі не толькі гімназій, але і школ, у дзяцей з’явілася магчымасць вывучаць гісторыю на павышаным узроўні. Магчыма, педагогі лепш папрацавалі на раённых і школьных этапах і адабралі больш моцных дзяцей.
Выкананне заданняў патрабавала ад удзельнікаў дакладнасці ведаў і вялікага кругагляду. Адказы на пытанні часам уражвалі членаў журы сваёй арыгінальнасцю і нестандартным вобразным мысленнем.
— Традыцыйна лепш вучні спраўляюцца з практычным турам, — падкрэслівае намеснік старшыні журы па гісторыі, дацэнт кафедры гісторыі паўднёвых і заходніх славян гістфака БДУ, кандыдат гістарычных навук Сяргей Сяргеевіч Александровіч. — Магчыма, яны да яго больш прызвычаіліся і ён больш звязаны са школьным вучэбным матэрыялам. Хаця і там ёсць праблемы са складаннем храналагічных ланцужкоў, паслядоўнасцей. Ёсць пэўныя агрэхі пры рабоце з гістарычнымі паняццямі, бо не заўсёды школьнікі схопліваюць сутнасць гэтых паняццяў: дзесьці чулі, маюць агульнае ўяўленне, але правільна адлюстраваць асноўныя характарыстыкі могуць не заўсёды. У тэорыі ў алімпіяднікаў слабыя веды агульнагуманітарнага характару, падводзіць у цэлым агульны ўзровень іх развіцця. Часам сустракаліся памылкі ў апісанні гістарычных тэрмінаў, назваў. Навучэнцы не ўспрымаюць гісторыю па партрэтах гістарычных асоб. Так, быў выпадак, калі Будзённага зблыталі з Пятром ІІ. Не трэба быць гісторыкам, каб бачыць, што на выяве чалавек у форме савецкіх часоў з зоркамі, а Пётр ІІ — манарх. Яшчэ адзін выпадак: трэба было вызначыць, дзе праходзіла першая сустрэча вялікай тройкі — кіраўнікоў краін антыгітлераўскай кааліцыі Сталіна, Рузвельта і Чэрчыля. Навучэнцы правільна вызначылі горад — Тэгеран, але чамусьці змясцілі яго ў Вялікабрытанію. Калі-нікалі выяўляецца вельмі дакладнае кропкавае веданне пэўных агульных асноў, якія неабходны кожнаму алімпіядніку, але правільна зрабіць высновы вучні не могуць. Вельмі дрэнна разбіраюцца старшакласнікі ў розніцы паміж грамадска-палітычнымі, грамадска-эканамічнымі фармацыямі, рознымі формамі праўлення.
Члены журы ўнеслі і некаторыя прапановы па ўдасканаленні арганізацыі і правядзення алімпіяды. Так, на думку С.П.Странкоўскага, каб пазбегнуць дубліравання, з практычнага тура можна выключыць работу з карцінамі і пакінуць яе толькі ў мультымедыйным туры. Магчыма, у апошнім можна было б даць фрагменты якіх-небудзь музычных твораў, аўдыязапісы. У тэарэтычнай частцы варта было б прапанаваць навучэнцам больш глабальныя пытанні фундаментальнага характару і не ўдавацца ў прыватнасці. Мэта тэарэтычнага этапу — выявіць не тое, наколькі чалавек валодае якімі-небудзь фактамі, а наколькі ў яго развіта гістарычнае мысленне, уменне праводзіць прычынна-выніковыя сувязі, знаходзіць іх, мысліць гістарычнымі катэгорыямі. Акрамя таго, практыка паказвае, што часцей дабіваюцца поспеху вучні, якія захапляюцца гісторыяй з сярэдніх класаў. Варта на ўзроўні горада і рэспублікі прадумваць формы работы для вучняў сярэдняга звяна. Пакуль гэта рэалізоўваецца на ўзроўні асобных ініцыятыў.
— Хацелася б, каб змест заданняў пераправяраўся перад іх тыражаваннем, — гаворыць С.П.Странкоўскі. — Фармулёўкі пытанняў для спецыялістаў, якія цесна звязаны з гісторыяй, сапраўды зразумелыя, а для дзяцей — не зусім карэктныя і прымальныя. Акрамя таго, не заўсёды супадае фармулёўка, якая прапануецца для навучэнцаў, з фармулёўкай, якая прыводзіцца для журы, а таму часта даводзіцца працаваць над тым, каб скарэкціраваць гэтыя заданні. Часам у заданнях сустракаюцца і памылкі. У прыватнасці, быў відэафрагмент, прысвечаны вываду савецкіх войск з Афганістана, а ў ключах адказу было напісана, што падзея адбылася ў 1975 годзе.
Па меркаванні журы, пры падрыхтоўцы да алімпіяды павінен быць выпрацаваны комплексны падыход. Варта ў вывучэнні тэорыі знайсці баланс паміж школьным матэрыялам і паглыбленай падрыхтоўкай. Больш увагі трэба ўдзяліць так званай жывой гісторыі — персаналіям, біяграфіям, партрэтам, выявам, фотаздымкам.

Навучэнец 9 класа гімназіі № 11 Юрый ТАМКОВІЧ, уладальнік дыплома  І ступені па гісторыі:
— Гісторыя мне вельмі падабаецца, матэрыял лёгка запамінаецца. Інтарэс да прадмета ўзнік даўно, яшчэ да школы. Асаблівую цікавасць выклікалі войны старажытнасці. Да алімпіяды мяне рыхтавала настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Ірына Леанідаўна Томіна. Я перачытаў школьныя падручнікі, шмат дадатковай літаратуры, выконваў заданні мінулагодніх алімпіяд. Займаўся кожны дзень. Гісторыя для мяне — гэта захапленне, занятак для душы, і ў будучыні я не планую непасрэдна з ёй звязаць сваё жыццё. Акрамя гісторыі, вельмі падабаюцца геаграфія, літаратура. У перспектыве хацелася б стаць юрыстам.

Навучэнка 11 класа гімназіі № 14 Вольга ДАЙНОВІЧ, уладальніца дыплома  ІІ ступені па грамадазнаўстве:
— У гарадской алімпіядзе я ўдзельнічаю ўжо другі раз. У мінулым годзе ў мяне быў дыплом І ступені. Алімпіяда гэтага года падалася мне больш складанай. У заданнях сустракалася вельмі многа таго, чаго не было ў падручніках. Хаця на алімпіядзе так і павінна быць! Для мяне самым цяжкім быў тэарэтычны тур, у якім неабходна было прадэманстраваць свой кругагляд. Заданне па сацыяльнай сферы падалося дастаткова лёгкім і зразумелым. Выклікалі цяжкасці заданні па паліталогіі і праве.
У тым, што я захапілася грамадазнаўствам, вялікая заслуга маёй настаўніцы Алены Уладзіславаўны Собалевай, на ўроках якой было вельмі цікава. Зараз са мной займаецца Віталь Яўгенавіч Бубен, які накіроўвае, падказвае. Пасля заканчэння гімназіі планую паступаць на юрыдычны факультэт БДУ. Ведаць свае правы, быць юрыдычна граматным карысна для любога чалавека.

Навучэнец 10 класа Ліцэя БНТУ Віталь ПАТУПЧЫК, уладальнік дыплома І ступені па гісторыі:
— Так атрымалася, што я ўпершыню прымаю ўдзел у алімпіядзе. Спачатку ў першы дзень вельмі хваляваўся, бо не ведаў узровень іншых удзельнікаў спаборніцтваў. Але зараз, атрымаўшы дыплом, разумею, што я — адзін з лепшых. Каб атрымаць дыплом, трэба, па-першае, каб прадмет быў табе цікавым, — без гэтага нікуды. Я цікавіўся гісторыяй з дзяцінства. Першапачаткова мяне захапілі карціны побыту старажытных людзей, паляванне, войны, культура. Па-другое, трэба шмат рыхтавацца. Кожны дзень я займаўся самастойна. У ліцэі індывідуальныя заняткі са мной праводзіла настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Тамара Васільеўна Ільіна. Самым складаным на алімпіядзе падалася работа з летапісамі, бо мастацтва мініяцюр старажытнасці для сучаснага мастацтва і культуры не зразумелыя. Тыя сімвалы, якія азначалі штосьці ў старажытнасці, губляюць сэнс сёння. Напрыклад, знак свастыкі згубіў свой сэнс як сімвал сонца, жыцця і радасці і стаў сімвалам фашызму. Я хачу паступіць на архітэктурна-будаўнічы факультэт БНТУ. Гісторыя мне спатрэбіцца, бо ў архітэктуры таксама ёсць элемент гісторыі.

Навучэнец 10 класа гімназіі № 1 Елісей БІРУКОЎ, уладальнік дыплома І ступені па грамадазнаўстве:
— Алімпіяда паказала мне, чаго я не ведаю і што ведаю дрэнна. Так, напрыклад, было шмат пытанняў па праве і палітыцы. Я не сказаў бы, што яны былі вельмі складанымі, але ў той жа час больш агульнымі, а не канкрэтнымі, як у мінулыя гады. Тэарэтычны тур быў больш складаны, а тэст — лягчэйшы, чым звычайна. У 8 класе я выйграў Міжнародны конкурс сачыненняў на англійскай мове па грамадзянскай пазіцыі, і ў групу алімпіяднікаў мяне запрасіў настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Уладзімір Пятровіч Казлоўскі. Шчыра кажучы, грамадазнаўства мяне сапраўды зачапіла, бо ўключае мноства розных навук, патрабуе вялікага кругагляду. Гэта не толькі завучванне некаторых базавых паняццяў, а менавіта разуменне і ўменне імі аперыраваць. Настаўнік звычайна на тыдзень прапаноўвае заданні кожнаму ў групе індывідуальна, а потым мы дзелімся паміж сабой інфармацыяй, абменьваемся матэрыяламі. Займацца даводзіцца дзесьці па 4 гадзіны штодня. Большую ўвагу ўдзяляю філасофскім работам (пачынаючы ад старажытнай Грэцыі да новага часу), работам па праве, паліталогіі. У будучыні мару паступіць на спецыяльнасць “Міжнародныя адносіны” альбо стаць журналістам-міжнароднікам. Найперш прыцягваюць магчымасці, якія адкрываюць гэтыя спецыяльнасці. Зараз буду сур’ёзна рыхтавацца да чацвёртага этапу рэспубліканскай алімпіяды.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.