Больш за 3 тысячы бежанцаў загінулі ў дарозе да лепшага жыцця

- 10:56Інфармацыйная гадзіна

Колькасць мігрантаў і бежанцаў, якія прыбылі ў 2017 годзе ў Еўропу па Міжземным моры, перасягнула 171 тысячу, больш за 3 тысячы загінулі ў дарозе. Такія лічбы ў Жэневе прывяла Міжнародная арганізацыя па міграцыі (МАМ), паведамляе ТАСС.

“У 2017 годзе ў Еўропу па моры прыбылі 171 635 мігрантаў і бежанцаў”, — адзначыў на брыфінгу афіцыйны прадстаўнік МАМ Джоэл Мілман, растлумачыўшы, што размова ідзе аб папярэдніх даных. Звыш 119 тысяч прыняла Італія, больш за 29 тысяч — Грэцыя, прыкладна 21 тысячу — Іспанія і амаль 1 тысячу — Кіпр. У 2016 годзе колькасць прыбыўшых перавышала 363 тысяч чалавек.

У Міжземным моры з 1 студзеня па 20 снежня 2017 года загінулі 3116 чалавек (на працягу 2016 года зарэгістравана 5143 загінуўшых). Маршрут з Афрыкі ў Італію ў 2017 годзе заставаўся самым небяспечным у параўнанні з іншымі міграцыйнымі шляхамі.

Усяго за мінулыя 12 месяцаў у свеце загінулі 5376 мігрантаў і бежанцаў. Акрамя Міжземнага мора, асабліва шмат ахвяр зарэгістравана ў Паўночнай Афрыцы, у раёнах Афрыкі на поўдзень ад Сахары, на шляху з Мексікі ў ЗША, у Паўднёва-Усходняй Азіі і на Блізкім Усходзе.