Больш за палову дамашніх гаспадарак лічаць сваё матэрыяльнае становішча стабільным

- 10:26Інфармацыйная гадзіна

Паводле даных выбарачнага даследавання, дзве трэція (66,4 працэнта) дамашніх гаспадарак Беларусі ацанілі сваё матэрыяльнае становішча ў бягучым годзе як сярэдняе, чвэрць (25,1 працэнта) дамашніх гаспадарак — крыху ніжэйшае за сярэдняе, 4 працэнты — крыху вышэйшае за сярэдняе і высокае. Нізкую ацэнку свайму матэрыяльнаму становішчу далі 4,5 працэнта дамашніх гаспадарак. Аб гэтым паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце.

Станоўча ацанілі змяненні ў сваім матэрыяльным становішчы ў параўнанні з мінулым годам 10,7 працэнта дамашніх гаспадарак. На стабільнасць свайго матэрыяльнага становішча ўказалі 55,7 працэнта дамашніх гаспадарак. Кожная трэцяя (33,6 працэнта) дамашняя гаспадарка адзначыла, што яе матэрыяльнае становішча ў бягучым годзе пагоршылася.
Сярод дамашніх гаспадарак, якія адзначылі паляпшэнне свайго матэрыяльнага становішча ў параўнанні з мінулым годам, 35,6 працэнта звязваюць гэта са з’яўленнем новай або дадатковай крыніцы працоўных даходаў, 26,5 працэнта — з павышэннем даходаў ад працоўнай дзейнасці, 16,9 працэнта — са з’яўленнем даходу, не звязанага з працоўнай дзейнасцю (ад здачы ўнаём нерухомай маёмасці, ад продажу сельскагаспадарчай прадукцыі і г.д.), 13,6 працэнта — з павышэннем пенсій або дапамог.
Амаль для палавіны (47,7 працэнта) дамашніх гаспадарак, якія ўказалі на пагаршэнне матэрыяльнага становішча ў параўнанні з 2014 годам, прычынай негатыўных змяненняў стаў значны рост цэн. Для 19,3 працэнта рэспандэнтаў пагаршэнне матэрыяльнага становішча звязана са зніжэннем даходаў ад працоўнай дзейнасці, для 10,1 працэнта — з пераходам на менш аплатную работу, няпоўнай занятасцю або стратай работы.