Больш за трэць уведзенага жылля пабудавана для тых, хто мае ў ім патрэбу

У Беларусі 37,1 працэнта ўведзенага ў першым паўгоддзі жылля пабудавана для тых, хто мае ў ім патрэбу, паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце.

У студзені — чэрвені арганізацыі ўсіх форм уласнасці пабудавалі 19,3 тысячы новых кватэр. Уведзена ў эксплуатацыю 1,679 млн кв. м агульнай плошчы жылля. Для грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, уведзена ў эксплуатацыю 622,8 тысячы кв. м агульнай плошчы, або 37,1 працэнта ад агульнага аб’ёму ўведзенага жылля.

З агульнага аб’ёму для грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі пабудавана 413,5 тысячы кв. м, у шматкватэрных жылых дамах у гарадах — 400 тысяч кв. м.

У сельскіх населеных пунктах уведзена ў эксплуатацыю 460,1 тысячы кв. м агульнай плошчы жылля (27,4 працэнта ад агульнага ўводу па рэспубліцы).