Большасць здарэнняў — па віне дарослых

- 12:18Апошнія запісы, Рознае, Сацыяльны ракурс

Напярэдадні новага навучальнага года ўсе навучальныя ўстановы краіны будуць абследаваны на прадмет выканання ўмоў, неабходных для захавання дарожнай бяспекі. Акрамя таго, асаблівая ўвага будзе ўдзелена правільнай арганізацыі падвозу школьнікаў да навучальных устаноў. Пра гэта на прэс-канферэнцыі, прысвечанай пытанням прафілактыкі дарожна-транспартнага траўматызму ў дзяцей, расказалі супрацоўнікі міністэрстваў унутраных спраў і транспарту і камунікацый.

Намаганні супрацоўнікаў ДАІ і педагогаў не праходзяць дарэмна: прафілактычныя і вучэбныя мерапрыемствы даюць свой эфект — у апошні час дзеці ўсё больш свядома адносяцца да выканання правіл дарожнага руху і ўсё радзей становяцца віноўнікамі дарожна-транспартных здарэнняў. На жаль, у адносінах да дарослых тэндэнцыя іншая: найбольш часта дзеці становяцца ахвярамі дарожна-транспартных здарэнняў менавіта з-за парушэння дарослымі вадзіцелямі правіл дарожнага руху.
— За 7 месяцаў бягучага года дзеці сталі ўдзельнікамі 233 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх 20 дзяцей загінула, а 237 малых атрымалі раненні. Сярод загінуўшых 13 былі пешаходамі, 5 — пасажырамі, 2 — веласіпедыстамі, — расказаў Станіслаў Іванавіч Салавей, старшы інспектар аддзела арганізацыі міжведамаснага ўзаемадзеяння і прафілактыкі бяспекі дарожнага руху УДАІ МУС. — Варта адзначыць, што 68% здарэнняў адбываецца па віне дарослых. Калі яшчэ гадоў пяць назад тэндэнцыя была іншай — дзеці траплялі ў дарожна-транспартныя здарэнні ў большасці з-за ўласнай няўважлівасці і парушэння правіл дарожнага руху, то сёння ў асноўным парушальнікамі выступаюць дарослыя. Прычым найбольш частая прычына — невыкананне вадзіцелямі правіл дарожнага руху ў частцы прадастаўлення перавагі дзецям на пешаходных пераходах. 39% здарэнняў з удзелам дзяцей-пешаходаў адбыліся на абазначаных пешаходных пешаходах.
Другі момант — парушэнне правіл перавозкі дзяцей. Улічваючы гэтую тэндэнцыю, зараз падрыхтаваны і знаходзіцца на разглядзе праект указа кіраўніка дзяржавы, які прадугладжвае абавязковае выкарыстанне дзіцячых аўтамабільных утрымліваючых устройстваў: у залежнасці ад узросту і росту дзіцяці будзе прадугледжана градацыя відаў такіх устройстваў. Зараз гэта толькі рэкамендацыя.
Традыцыйна найбольш небяспечным перыядам лічыцца канец лета — пачатак восені: дзеці масава вяртаюцца з месцаў адпачынку ў горад. Менавіта таму штогод, у тым ліку і сёлета, у гэты час Міністэрствам унутраных спраў праводзіцца спецыяльная комплексная акцыя “Увага: дзеці!”. Сёлета яна пройдзе з 25 жніўня па 5 верасня і прадугледзіць шэраг мерапрыемстваў, як падрыхтоўчых — абследаванне школ на прадмет наяўнасці ўсіх неабходных дарожных знакаў дарожнага руху, падрыхтоўка нагляднай дакументацыі, так і прафілактычных — выступленне супрацоўнікаў міліцыі на ўрачыстых лінейках і шэраг іншых.
— Акрамя таго, мы заўсёды рэкамендуем дарослым перад тым, як дзеці пойдуць у школу, разам з малымі прайсці бяспечным маршрутам ад дома да навучальнай установы, звярнуць увагу школьнікаў на ўсе небяспечныя ўчасткі гэтага шляху, засяродзіць іх увагу на тым, дзе і як варта пераходзіць дарогу, — падкрэсліў Станіслаў Іванавіч. — У кожнай школе таксама павінен быць прадугледжаны куток бяспекі, дзе, акрамя іншага, павінны быць абазначаны бяспечныя маршруты вакол навучальнай установы ва ўсіх напрамках.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца і пытанням арганізацыі бяспечнай перавозкі груп дзяцей да навучальных устаноў. Як расказаў Павел Іванавіч Брэчка, намеснік начальніка ўпраўлення тэхнічнай палітыкі, начальнік аддзела бяспекі транспартнай дзейнасці Міністэрства транспарту і камунікацый, напярэдадні новага навучальнага года транспартнай інспекцыяй міністэрства быў праведзены маніторынг аўтобусаў, якія задзейнічаны ў арганізацыі падвозу дзяцей, падчас якога быў выяўлены шэраг значных парушэнняў. Асноўныя — няспраўнасць транспартных сродкаў, пры наяўнасці якіх эксплуатацыя забаронена; адсутнасць акта тэхнічнага агляду пры выкананні перавозкі груп дзяцей; допуск вадзіцеля не адпавядаў патрабаванням, якія прад’яўляюцца да перавозкі груп дзяцей; няправільнае афармленне транспартанга сродку ў адпаведнасці з СТБ.
— У сувязі з гэтым Мінтранс рэкамендуе аблвыканкамам заключаць дагаворы са спецыялізаванымі транспартнымі прадпрыемствамі на правядзенне ўсіх відаў планавага тэхнічнага абслугоўвання аўтобусаў, а таксама правядзення ацэнкі тэхнічнага перадрэйсавага стану аўтобусаў і медыцынскага агляду вадзіцеляў, — адзначыў спецыяліст.

Алена МАРКЕВІЧ.