Бонус для ўсіх

- 11:03Адукацыйная прастора

У праграме ІІІ Міжнароднага навуковага семінара “Расліннасць балот: сучасныя праблемы класіфікацыі, картаграфавання, выкарыстання і аховы”, які напрыканцы верасня праходзіў у Гродне, быў заяўлены “бонусны” дзень на базе Навадворскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна.

Выбар гэтай установы быў зроблены невыпадкова. Літаральна за тэрыторыяй школы пачынаецца Белавежская пушча. Да вядомага на ўсю Еўропу балота Дзікага — рукой падаць. Таму вучні не толькі атрымліваюць веды з падручнікаў, але і самі праводзяць навуковыя даследаванні, паспяхова рэалізуюць экалагічныя праекты.

Дырэктар школы Ала Іванаўна Ганчарэвіч выступіла перад удзельнікамі семінара з дакладам, у якім асвятліла дасягненні ўстановы па фарміраванні экалагічнай культуры вучняў. З 2012 года школа з’яўляецца раённым рэсурсным цэнтрам па фарміраванні экалагічнай культуры школьнікаў. На базе ўстановы праводзіцца вучоба педагогаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі па напрамку дзейнасці.

Вучні школы — пераможцы конкурсаў работ даследчага характару экалагічнай накіраванасці. Па выніках даследаванняў, прадстаўленых вучнямі школы ў НАН Беларусі, у вёсцы Новы Двор заснаваны пастаянны пункт маніторынгу рэдкіх відаў земнаводных. Работа па даследаваннях папараці таксама зацікавіла вучоных: пры вывучэнні іх відавай разнастайнасці ў Белавежскай пушчы школьнікі знайшлі расліны арляку звычайнага, вышыня якіх намнога вышэйшая за норму.

“Бонусны” дзень у межах семінара прайшоў вельмі плённа. Цікавасць удзельнікаў выклікаў даклад супрацоўніка Франкфурцкага заалагічнага таварыства кіраўніка праграмы ў падтрымку запаведнасці Белавежскай пушчы ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Віктара Аляксандравіча Фенчука “Дынаміка колькасці і распасюджвання мэтавых відаў птушак (вяртлявая чарацянка, вялікі падворлік) на балоце Дзікае як фактар, які вызначае мэтазгоднасць касьбы”.

Удзельнікам семінара быў прадстаўлены даклад Дзмітрыя Генадзьевіча Грумо, кандыдата біялагічных навук, намесніка дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі “Уплыў касьбы на структуру і дынаміку расліннасці пойменнага балота”. Актыўнае абмеркаванне выклікаў даклад А.А.Пекача “Балоты і ваўкі — выкарыстанне тэрыторыі балота Дзікае ваўкамі па выніках пазначэння ашыйнікамі”.

У рамках мерапрыемства была праведзена палявая экскурсія на балота Дзікае нацыянальнага парку “Белавежская пушча”, у якой прынялі ўдзел настаўнікі біялогіі і геаграфіі раёна.

Такое цеснае супрацоўніцтва педагогаў і вучоных сапраўды стала бонусам для ўсіх удзельнікаў семінара, таму што ў чарговы раз дапамагло вырашыць адну агульную для ўсіх задачу — фарміраваць у падрастаючага пакалення разуменне свайго арганічнага адзінства з навакольным асяроддзем і перакананне ў тым, што паляпшэнне жыцця залежыць, перш за ўсё, ад захавання асяроддзя пражывання.

Ала ВАЙЦЮЛЕВІЧ,
куратар школы, метадыст Свіслацкага вучэбна-метадычнага кабінета.