Бонус за беражлівасць

Работа па выхаванні культуры энергаспажывання ў ліцэі № 1 Гродна вядзецца не адзін дзясятак гадоў. Цэнтр маладзёжных ініцыятыў “Ліцэйскі энергапатруль” ажыццяўляе шмат мерапрыемстваў і акцый, накіраваных на ўключэнне ліцэістаў і іх бацькоў, педагогаў у актыўную дзейнасць па эканомным выкарыстанні рэсурсаў, экалагічным выхаванні.

— Дзеючая ў ліцэі ма­дэль выхавання прадугледжвае фарміраванне гатоўнасці падлеткаў да самарэалізацыі ў сацыяльна значнай дзейнасці, развіццё экалагічнай свядомасці і адказных адносін да рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў і энергаэфектыўнага ладу жыцця, — гаворыць дырэктар ліцэя Ігар Маслаў. — Гэтая мадэль рэалізоўваецца па наступных напрамках: забеспячэнне ўмоў арганізацыі дзейнасці ліцэя па фарміраванні энергаэфектыўнага ладу жыцця; арганізацыя адукацыйнага асяроддзя ліцэя, арыентаванага на фарміраванне энергаэфектыўнага ладу жыцця яе ўдзельнікаў; рэсурснае забеспячэнне — функцыянаванне музейнага пакоя рэсурса- і энергазберажэння, экалагічнай сцежкі здароўя; ажыццяўленне турыстычна-экскурсійнай дзейнасці з вучнямі на аб’екты энергетычнага патэнцыялу Беларусі.

З 2016 года ў ліцэі рэалізоўваецца інавацыйны праект па фарміраванні сацыяльнай паспяховасці ліцэістаў. У межах яго і дзейнічае цэнтр маладзёжных ініцыятыў “Ліцэйскі энергапатруль”, у складзе якога — валанцёрская група, прэс-цэнтр “Цёплы дом”, штаб кіраўніцкіх рашэнняў, асацыяцыі ліцэістаў.

— Нашай мэтай было стварэнне цэнтра, які будзе аб’ядноўваць ініцыятыўную моладзь ліцэя ў пытаннях разумных адносін да энергарэсурсаў, папулярызацыі энергаэфектыўнага ладу жыцця. Ключавая ідэя заключаецца ў тым, што старшакласнікі гатовы разам праяў­ляць ініцыятыву ў вырашэнні пытанняў экалогіі і беражлівых адносін да спажывання энергарэсурсаў. Асноўнымі формамі дзейнасці цэнтра сталі сацыяльна значныя мерапрыемствы экалагічнай накіраванасці, якія праводзяцца па ініцыятыве ліцэістаў у навучальнай установе і за яе межамі, —расказвае настаўніца Іна Галабурда, якая разам з педагогам Таццянай Казловай каардынуе дзейнасць цэнтра.

Штогод у ліцэі арганізоўваюць тэматычныя дні, прысвечаныя Сусветнаму дню энергазберажэння, і кожны раз напаўняюць іх новымі цікавымі мерапрыем­ствамі. Праходзіць гэты дзень пад дэвізам “Эрудыты энергазберажэння”. Так, апошні тэматычны дзень у ліцэі правялі разам з су­працоўнікамі “Гроднаэнерга”.

— Дзень пачаўся з віктарыны “Энергаэрудыт”, якая дазволіла навучэнцам праявіць кемлівасць і веды ў галіне энергаспажывання. Наступны этап — квест-гульня “Я энергаэфектыўны”, — расказвае І.У.Галабурда. — На гэтым этапе каманды ўсіх 15 класаў чакала праходжанне чатырох станцый. На станцыі “Я ведаю” вучні адказвалі на пытанні па тэме энерга­зберажэння. На станцыі “Я ўмею” каманды прадэманстравалі практычнае валоданне правіламі паасобнага збору неарганічных адыходаў. Станцыя “Я раскажу” стала праверкай на веданне пераваг выкарыстання атамнай энергіі. На апошняй станцыі — “Я зраблю” — каманды складалі слоганы аб эканоміі рэсурсаў. Пасля прадстаўнікі кожнага класа прынялі ўд зел у энергабатле — праходжанні анлайн-гульні “Жэка” і квеста “БелАЭС”, якія былі створаны самімі ліцэістамі.

Супрацоўнікі “Гроднаэнерга” правялі для педагогаў і навучэнцаў майстар-клас па энергабяспецы. Каманды-пераможцы атрымалі дыпломы, а самыя актыўныя навучэнцы былі ўзнагароджаны ліцэйскай крыптавалютай — “белкоінамі”. А завяршыўся дзень энергазберажэння матчам па міні-футболе паміж камандамі ліцэя і “Гроднаэнерга”.

Наладжвае ліцэй супрацоўніцтва са смеццеперапрацоўчым заводам. Тэма паасобнага збору адходаў вельмі актуальная, таму ліцэісты плануюць стварыць мабільны дадатак і камп’ютарную дзіцячую гульню, якія дапамо­гуць правільна сартаваць смецце. Дарэчы, вопыт стварэння такіх камп’ютарных праграм у ліцэістаў ужо ёсць — вынікам супрацоўніцтва з інфармацыйным цэнтрам Беларускай АЭС стаў вучэбны камп’ютарны квест “БелАЭС”.

— У мінулым навучальным годзе нашы навучэнцы два разы пабывалі на атамнай электрастанцыі, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Сцяпан Рэкець. — Адукацыйныя экскурсійныя паездкі арганізоўвалі для вучняў 10—11 класаў фізіка-матэматычнага профілю. Яны наведалі інфармацыйны цэнтр, атрымалі звесткі пра ход будаўніцтва Беларускай АЭС, апошнія навіны ядзернай энергетыкі, канструктыўныя асаблівасці нашай атамнай электрастанцыі.

У ліцэі праводзіцца конкурс “Самы энеграэфектыўны клас”. За ўдзел у мерапрыемствах экалагічнай накіраванасці ў сферы рэсурса- і энергазберажэння прысуджаюцца “зорачкі”. У канцы навучальнага года клас-пераможца атрымлівае спецыяльны прыз, заснаваны папячыцельскім саветам ліцэя.

Атрымаць бонусы можна і за іншыя энегразберагальныя справы, напрыклад, за эканомію рэсурсаў дома. Ліцэісты могуць адсканіраваць квіткі аб аплаце камунальных паслуг і адаслаць на мабільны дадатак, які ёсць у тэлефонах амаль усіх настаўнікаў ліцэя: зніжаны паказчыкі ў параўнанні з папярэднім месяцам — атрымай балы-бонусы. Адказаў правільна на пытанні тэста, размешчанага на сайце ліцэя па энергазберажэнні, — таксама атрымаў бонусы. А скарыстацца імі можна, напрыклад, у адной з піцэрый горада — скідка складае 20 працэнтаў.

— Усё трэба пачынаць з сябе, — разважае актыўная ўдзель­ніца “Ліцэйскага энергапатруля” Каця Мозгель. — Гэтаму мы вучымся ў ліцэі. Праводзім конкурс арт-аб’ектаў з пластмасавых накрывак, акцыі “Захаваем цяпло ў нашым ліцэйскім доме”, збіраем другасную сыравіну, прыбіраем у лесе смецце, праводзім акцыі “Пасадзі дрэва”, “Дапаможам ліцэю быць прыгожым і чыстым”, “У ліцэй — на веласіпедзе”.

Пад кіраўніцтвам Т.В.Казловай у ліцэі выходзіць газета “Цёплы дом”. Тут не толькі размяшчаюцца матэрыялы па энерга- і рэсурсазберажэнні. Газета з’яўляецца дыскусійнай плацоўкай для абмеркавання гэтых пытанняў. 

Вось так з розных спраў — маленькіх і асабістых, вялікіх і агульных — складаецца ў ліцэі № 1 сістэма выхавання сацыяльна актыўных і энергаберажлівых  людзей.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.