Bravo, Dudariki! Bis, Dudariki!

- 15:39Культура, Рознае

Дзіцячы фальклорны ансамбль “Дударыкі” сталічнай гімназіі № 14 бліскуча выступіў
на сцэне штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы!

За ўсю гісторыю існавання заслужанага аматарскага калектыву фальклорнага ансамбля “Дударыкі”, а гэта ўжо 43 гады, у яго жыцці было шмат дзівоснага і выдатнага. Былі канцэрты па ўсёй Еўропе і нават у такіх экзатычных геаграфічных кропках, як востраў Джэрсі ці востраў Тайвань. Былі цудоўныя тэлевізійныя запісы, як, напрыклад, у далёкіх ужо 1981 і 1983 гадах, калі “Дударыкі” станавіліся фіналістамі тэлеконкурсу “Чырвоныя гваздзікі”. Былі, нарэшце, грандыёзныя перамогі і дасягненні — сярод апошніх згадаем гран-пры на фестывалі ў Польшчы ў 2012 годзе. Але дзень 15 красавіка 2014 года для дзетак, юнакоў і дзяўчат, сённяшніх удзельнікаў “Дударыкаў”, іх нязменнага кіраўніка, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, выдатніка адукацыі Рэспублікі Беларусь Дзмітрыя Дзмітрыевіча Ровенскага і наогул усяго настаўніцка-вучнёўскага калектыву мінскай гімназіі № 14 на чале з дырэктарам гэтай установы Марыяй Іванаўнай Гарохавай запомніцца, як ніякі іншы. Проста многа знакавых акалічнасцей сышлося ў гэты дзень для “Дударыкаў” — зоркі расступіліся для таго, каб у парыжскім небе заззяла яркая беларуская зорачка.

Пачаць варта з таго, што заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль “Дударыкі” быў адзіным калектывам менавіта з установы адукацыі, які па спецыяльным запрашэнні Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Францыі Паўла Паўлавіча Латушкі меў гонар прадстаўляць нашу краіну на святочных мерапрыемствах у Парыжы з нагоды 60-годдзя ўступлення Беларусі ў ЮНЕСКА ў рамках Дзён культуры Беларусі ў Францыі. Каб было больш зразумела і выразна, заўважым, што РАЗАМ або ПОРУЧ з “Дударыкамі” нашу краіну падчас Дзён культуры Беларусі ў Францыі прадстаўляў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі, беларускі піяніст з сусветным імем Вячаслаў Спірыдонаў, вядомыя айчынныя мастакі і іншыя асобы, якія фарміруюць аблічча сучаснай беларускай культуры. Больш за тое, “Дударыкам” выпаў гонар выступаць на адным канцэрце разам з… Дзяржаўным акадэмічным рускім народным хорам імя Пятніцкага, а гэты культурны брэнд, здаецца, не вымагае рэкламы. 15 красавіка вялікі беларуска-расійскі канцэрт у штаб-кватэры ЮНЕСКА быў выбудаваны менавіта так: у першым аддзяленні спявалі, танцавалі і звінелі ўсімі магчымымі і немагчымымі інструментамі “Дударыкі”, у другім паказваў майстэрства хор імя Пятніцкага. Гледачамі былі супрацоўнікі ЮНЕСКА — прадстаўнікі 195 краін свету.

Кіраўнік нашага дзіцячага калектыву Дзмітрый Дзмітрыевіч Ровенскі, выкладчык па вакале Таццяна Вячаславаўна Юхновіч і іншыя педагогі пастараліся зрабіць з гадзіны выступлення “Дударыкаў” сапраўдны настраёвы цуд, які пераліваўся самымі рознымі вясновымі адценнямі. Гучалі, натуральна, самабытныя беларускія вяснянкі, фальклорныя нумары ў сучаснай апрацоўцы, баранавіцкая ды крупская полькі. Асаблівае ж захапленне аўдыторыі выклікалі тры інструментальныя кампазіцыі, калі поруч з цымбаламі, дудамі і скрыпкамі на ўсю штаб-кватэру ЮНЕСКА загрукаталі прас, каса, тарка, чугунок з насыпанымі ў яго меднымі гарошынкамі… Двойчы “Дударыкаў” выклікалі на біс, і гэта, па словах непасрэднай відавочцы дырэктара гімназіі Марыі Іванаўны Гарохавай, быў не той выпадак, калі артысты спецыяльна затрымліваюцца на сцэне, патрабуючы апладысментаў. Дзеці, а “Дударыкі” паехалі ў Парыж у розным узроставым складзе (ад другакласніка да адзінаццацікласніцы), проста не ўмеюць выпрошваць авацыі. Хутчэй, у складанае становішча патрапіў хор імя Пятніцкага, якому трэба было схіліць да сябе публіку пасля дзіцячай непасрэднасці беларускіх выступоўцаў.
Тым часам у фае штаб-кватэры ЮНЕСКА ў дзень канцэрта “Дударыкі” разгарнулі выставу музычных інструментаў, сабраных выкладчыкамі гімназіі, што таксама дадало бляску прысутнасці нашага ансамбля на французскай зямлі. Натуральна, многія з прадстаўленых інструментаў, да кожнага з якіх была напісана спецыяльная анатацыя, былі для юнескаўцаў у навіну.

Як пра адзін з самых цёплых момантаў паездкі Марыя Іванаўна Гарохава прыгадвае той, калі пасля канцэрта да дзяцей падышлі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Францыі Павел Паўлавіч Латушка і міністр культуры Беларусі Барыс Уладзіміравіч Святлоў, падзякавалі ім, пацікавіліся ўражаннямі ад Парыжа. “А якія ж яшчэ тут могуць быць уражанні, акрамя самых светлых і ўзнёслых! — не стрымлівае эмоцый дырэктар. — Гэта ж горад высокага мастацтва, высокай музыкі, высокай моды! І, ведаеце, вось ёсць знакамітая фраза: “Убачыць Парыж — і памерці!” А нам пасля гэтай паездкі не паміраць захацелася, а з яшчэ большым імпэтам займацца тым, чым займаемся вось ужо не адно дзесяцігоддзе: захоўваць нашу традыцыйную культуру, берагчы нашу спадчыну. І не проста захоўваць і берагчы, але і выкарыстоўваць яе ў паўсядзённым жыцці, у нашай творчай дзейнасці. І нам вельмі прыемна і пачэсна, што мы змаглі прадэманстраваць у Парыжы ўсё гэта. Удвая прыемней, што гэта ўбачылі супрацоўнікі арганізацыі, якая рупіцца пра захаванне культурнай разнастайнасці свету, дыялог розных культур і цывілізацый. Нашы маленькія і юныя беларусы сваім канцэртам паказалі свету, што ў Беларусі любяць і шануюць сваю карэнную культуру, што беларусы маюць сваю нацыянальную спецыфіку”.

Безумоўна, паездка ў Парыж запомнілася беларускай дэлегацыі не толькі выступленнем у штаб-кватэры ЮНЕ СКА. Былі і наведванне Луўра ды сабора Парыжскай Божай Маці, і ўзыход на Эйфелеву вежу, і прагулка па Сене на рачным трамвайчыку… Было нават і адно кур’ёзнае здарэнне, калі беларуская група заблукала ў Лацінскім квартале і на працягу дзвюх з паловай гадзін хадзіла па нейкім зачараваным коле, штораз вяртаючыся да ўзбярэжжа Сены. “Але нават і тады, калі мы бязмэтна тапталі парыжскую брукаванку, мы не перасварыліся адно з адным, не панікавалі, а нават атрымлівалі асалоду ад таго, што заблукалі не дзе-небудзь, а ў Парыжы, любаваліся навакольнымі відамі з гэтымі балкончыкамі, ляпнінай… А потым… А потым нас “знайшоў” супрацоўнік пасольства і вывеў да метро”, — усміхаецца Марыя Іванаўна Гарохава.
“А як вы самі думаеце, чаму з безлічы дзіцячых і дарослых творчых калектываў на канцэрт з нагоды 60-годдзя ўступлення Беларусі ў ЮНЕ СКА выбралі “Дударыкаў”?” — хітра пытаюся ў яе. А яна па сціпласці адказвае, што для яе гэта застаецца сакрэтам і што пра гэта лепш трэба было б запытаць у Паўла Паўлавіча Латушкі, бо ініцыятыва запрасіць у Парыж “Дударыкаў” зыходзіла непасрэдна ад яго з падказкі былога намесніка міністра культуры Тадэвуша Іванавіча Стружэцкага. Хаця якія тут могуць быць сакрэты?! У беларускамоўнай гімназіі № 14 працуе асацыіраваны пры ЮНЕСКА клуб “Айрыс”, дзейнічаюць тры (!) музеі, тут насамрэч — не на словах — любяць і шануюць народную песню, любяць і выконваюць народную музыку і танцы, а рэальным увасабленнем гэтай любові з’яўляецца заслужаны аматарскі калектыў фальклорны ансамбль “Дударыкі” са сваёй 43-гадовай гісторыяй. Хіба ж не красамоўныя аргументы?! “Наша шматгадовая дзейнасць па захаванні народнай спадчыны — гэта як… заплятанне васілька ў вяночак. Калі не мы, то хто?” — рытарычна заўважае Марыя Іванаўна Гарохава.

На гэтых фотаздымках, якія бачыць тут чытач, зафіксаваны самыя яркія моманты “парыжскага” шчасця беларускіх “Дударыкаў”. Шчасця, якое, думаецца, будзе іх яшчэ вельмі доўга натхняць і саграваць. Bravo, Dudariki! Bis, Dudariki!

 

Мікола ЧЭМЕР.