Брэнд ініцыятывы і творчасці

- 12:29Выхаванне

На нядаўнім свяце ў Оршы “Маладзёжная сталіца” міністр адукацыі І.В.Карпенка назваў моладзь самай актыўнай, матываванай, адукаванай часткай нашага грамадства, стратэгічным рэсурсам устойлівага развіцця Беларусі. Якія ўмовы створаны сёння для фарміравання гэтага рэсурсу, па якіх стратэгічных напрамках будзе развівацца маладзёжная палітыка ў будучыні, якія значныя падзеі з удзелам нашай моладзі адбудуцца сёлета, расказвае Т.А.Сіманоўская, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі — начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі.

— Таццяна Анатольеўна, закранём нядаўняе рэспубліканскае свята “Маладзёжная сталіца” ў Оршы. Што ўласціва правядзенню такога мерапрыемства?

— Рэспубліканскае свята “Маладзёжная сталіца” право­дзіцца ўжо 4-ы год. За гэты час назва “Маладзёжная сталіца” стала своеасаблівым брэндам маладзёжнага руху. Гэтае свята добра прыжылося ў маладзёжным асяроддзі і ўвогуле ў нашым грамадстве. Маладзёжная сталіца — пляцоўка для праяўлення сацыяльнай, эканамічнай, палітычнай актыўнасці мола­дзі. На ёй ініцыятыўныя, творчыя маладыя людзі рэалізоўваюць свае ідэі, праекты, і за кошт гэтага горад становіцца своеасаблівым цэнтрам увагі і прыцягнення. Заваяваны тытул “Мала­дзёжная сталіца” дазваляе гораду загучаць па-новаму і больш крэатыўна. У Оршы быў праведзены шэраг знакавых мерапрыемстваў, якія папярэднічалі святу маладзёжнай сталіцы. Гэта, па-першае, “Зорны паход”, арганізаваны студэнтамі БДПУ імя Максіма Танка, якія наведалі Аршанскі раён з мэтай правядзення прафарыентацыйнай работы ва ўстановах адукацыі. Другой значнай падзеяй стаў форум працуючай моладзі, ініцыятарам якога выступіў БРСМ. На форуме абмяркоўваліся пытанні сацыяльнай падтрымкі маладых спецыялістаў, працаўладкавання, арганізацыі вольнага часу і інш. Быў сфарміраваны каардынацыйны савет працуючай моладзі, куды ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў. Яму была дадзена функцыя дарадча-кансультацыйнага характару.

Удзельнікамі свята “Маладзёжная сталіца” ў Оршы стала студэнцкая і працуючая моладзь, лідары і актывісты БРСМ, маладзёжныя паслы Мэт устойлівага развіцця, прадстаўнікі мала­дзёжных парламентаў. Яны раскрывалі свае таленты на канцэртных, інавацыйных і дыскусійных пляцоўках. Адбылася цікавая размова моладзі з міністрам адукацыі І.В.Карпенкам.

— Таццяна Анатольеўна, хацелася б працягнуць нашу размову ў святле падзей, якія запланаваны на гэты год. Увогуле, якія задачы ў сферы дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі плануецца вырашыць сёлета?

— Міністэрства адукацыі распачало работу па падрыхтоўцы праекта Стратэгіі развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь на перыяд да 2030 года. Ужо сфарміраваны аўтарскі калектыў, які будзе займацца навуковым абгрунтаваннем і распрацоўкай праекта гэтай стратэгіі. Для вызначэння новых крокаў у рабоце з моладдзю, захавання практыка-арыентаванага падыходу ў рэалізацыі стратэгіі створаны міжведамасная рабочая група з ліку супрацоўнікаў дзяржаўных органаў кіравання, грамадская група пры ўдзеле прадстаўнікоў маладзёжных грамадскіх арганізацый, экспертны савет. Плануецца падрыхтаваць праект стратэгіі да пачатку новага навучальнага года.

У ліку асноўных задач, якія мяркуецца рэалізаваць сёлета ў сферы маладзёжнай палітыкі, можна назваць пашырэнне практыкі выкарыстання форм і метадаў работы па арганізацыі мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года малой радзімы і ў першую чаргу накіраваных на фарміраванне патрыятычных якасцей нашай моладзі. Важнымі з’яўляюцца кірункі, звязаныя з удасканаленнем работы па прафілактыцы залежных паводзін сярод моладзі, з рэалізацыяй інфармацыйна-прафілактычнага праекта “Школа — тэрыторыя здароўя”, павышэннем патэнцыялу педагагічных работнікаў у развіцці маладзёжнага руху і навукова-метадычным суправаджэннем іх дзейнасці.

Неабходна забяспечыць усебаковую падтрымку праектаў і мерапрыемстваў, ініцыіраваных БРСМ і БРПА і іншымі грамад­скімі арганізацыямі, актыўна прыцягваць і выкарыстоўваць іх патэнцыял па ўкараненні новых напрамкаў работы з нашай моладдзю. Мы ставім задачу актывізаваць у інтэрнэце і друкаваных выданнях інфармацыйнае суправаджэнне рэалізацыі маладзёжнай палітыкі.

— Асаблівая ўвага ўдзяляецца падрыхтоўцы кадраў, якія задзейнічаны ў рабоце з моладдзю.

— Ад кадравага забеспячэння рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, па сутнасці, залежыць поспех нашай работы. Перападрыхтоўка па спецыяльнасці “Арганізацыя работы з моладдзю” з прысваеннем кваліфікацыі “спецыяліст па рабоце з моладдзю” вядзецца ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы ўжо больш за 10 гадоў. Гэтая спецыяльнасць унесена ў Агульнадзяржаўны класіфікатар і ў Адзіны кваліфікацыйны даведнік пасад служачых. Адукацыйны стандарт перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў, якія маюць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “Арганізацыя работы з моладдзю”, адпавядае асноўным напрамкам дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, што замацаваны ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гады і  праграме дзейнасцi ўрада нашай краіны на 2016—2020 гады.

У пералік слухачоў па гэтай спецыяльнасці ўваходзяць асобы, якія маюць накіраванні ад дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Міністэрству адукацыі, а таксама ад прадпрыемстваў і арганізацый дзяржаўнай формы ўласнасці. Правам залічэння карыстаюцца тыя, хто займае пасаду спецыяліста па рабоце з моладдзю; спецыялісты, у службовыя абавязкі якіх уваходзіць арганізацыя работы з моладдзю; спецыялісты, што ўваходзяць у кадравы рэзерв арганізацыі работы з моладдзю.

Змест праграмы навучання па гэтай спецыяльнасці адлюстроўвае сучасныя тэндэнцыі прафесійнай мадэлі такога спецыяліста. Падчас перападрыхтоўкі фарміруюцца тэарэтычныя і практычныя веды, уменні і навыкі, якія дазваляюць паспяхова працаваць у маладзёжным асяроддзі і арганізоўваць работу з моладдзю. Слухачы вучацца методыкам мадэлявання, канструя­вання і прагназавання выхаваўчага працэсу, распрацоўцы  інавацыйных праектаў маладзёжнай тэматыкі, атрымліваюць навыкі навукова-даследчай работы. Падчас навучання ім аказваецца дапамога ў абагульненні ўласнага вопыту, яны забяспечваюцца метадычнымі матэрыяламі, у тым ліку ў электронным выгля­дзе. Да падрыхтоўкі такіх кадраў прыцягваюцца вядучыя спе­цыялісты ў сферы дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, супрацоўнікі міністэрстваў і ведамстваў, органаў дзяржаўнага кіравання, вядучых прадпрыемстваў і арганізацый.

Аб запатрабаванасці спецыялістаў такога кшталту сведчыць конкурс пры паступленні. Ён складаў 1,8 чалавека на месца падчас прыёмнай кампаніі мінулага года. Сёння больш за 150 выпускнікоў РІВШ набылі гэтую спецыяльнасць. Яны працуюць у калектывах такіх прадпрыемстваў, як “Амкадор”, “Камунарка”, “Атлант”, “Керамін” і многіх іншых. Там працуе шмат маладых людзей,  якія гатовы ўдзельнічаць у маладзёжным руху нашай краіны, і цяпер ёсць каму іх арганізаваць.

— Відаць, дарэчы было правядзенне “Марафону паспяховых практык спецыялістаў у сферы арганізацыі работы з моладдзю”?

— З мэтай вызначэння новых падыходаў у рабоце з моладдзю, выбару інавацыйных і інтэрактыўных форм і метадаў Рэспубліканскім інстытутам вышэйшай школы ў канцы мінулага года быў рэалізаваны прэзентацыйны праект “Марафон паспяховых практык спецыялістаў у сферы арганізацыі работы з моладдзю”. Адна з асноўных задач гэтага марафону — выяўленне і распаўсюджванне перадавога вопыту ў сферы работы з моладдзю па арганізацыі прафілактычнай работы ў навучэнскім маладзёжным асяроддзі.

Удзельнікамі марафону сталі спецыялісты, якія працуюць у сферы работы з моладдзю на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах адукацыі, супрацоўнікі дзяржаўных органаў, што адказваюць за рэгуляванне і кіраванне дзяржаўнай маладзёжнай палітыкай; лідары і актывісты маладзёжных і дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў. У марафоне было прадстаўлена 183 праекты, аўтары якіх азнаёмілі сваіх калег з вопытам работы з моладдзю. Сёлета мы плануем правесці марафон з далучэннем яшчэ большай колькасці жадаючых падзяліцца сваімі здабыткамі.

—Безумоўна, грандыёзнай падзеяй гэтага года стане правядзенне ў Мінску II Еўрапейскіх гульняў. Як вы да іх падрыхтаваліся?

— Найбуйнейшыя спартыўныя спаборніцтвы, якія праходзілі ў нашай краіне, паказалі зацікаўленасць і жаданне студэнтаў-валанцёраў працаваць на мерапрыемствах міжнароднага ўзроўню.

Мы вядзём актыўную падрыхтоўку валанцёраў для работы на II Еўрапейскіх гульнях. Міністэрствам адукацыі, установамі вышэйшай адукацыі сумесна з прадстаўнікамі фонду “Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года ў Рэспубліцы Беларусь” арганізоўваецца работа валанцёраў для суправаджэння гэтых спаборніцтваў.

Каля 9 тысяч валанцёраў з ліку студэнцкай моладзі прайшлі ўсе этапы рэгістрацыі і гатовы прыступіць да работы. У кожнай установе адукацыі функцыянуе валанцёрскі цэнтр, на супрацоўнікаў якога ўскладзена адказнасць за каардынацыю работы сваіх падапечных, а таксама ўзаемадзеянне з прадстаўнікамі дырэкцыі.

Удасканаленнем моўнай падрыхтоўкі валанцёраў займаецца Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт.

Хачу дадаць, што сёння ў маладзёжным асяроддзі вельмі ­актуальны валанцёрскі рух. Міністэрствам адукацыі распрацавана і зацверджана Канцэпцыя арганізацыі маладзёжнага валанцёрскага руху ў нашай краіне. Некалькі гадоў запар функцыянуе Рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр. Створаны Міжведамасны каардынацыйны савет па развіцці маладзёжнага валанцёрскага руху. У склад савета ўваходзяць прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі, працы і сацыяльнай абароны, спорту і турызму, Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, БРСМ, Дзіцячага фонду ААН ЮНІСЕФ, Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, Лігі добраахвотнай працы моладзі, Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Мінскага гарадскога палаца дзяцей і моладзі, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. На пасяджэннях савета рэгулярна разглядаюцца пытанні каардынацыі валанцёрскага руху праз дзейнасць Рэспублікан­скага валанцёрскага цэнтра.

— У працяг тэмы пра спорт: актуальнай задачай для нашага міністэрства было і застаецца павышэнне сацыяльнай актыўнасці моладзі ў фарміраванні культуры здаровага ладу жыцця  і здароўезберагальнага асяроддзя.

— З гэтай мэтай сістэмай адукацыі вядзецца мэтанакіраваная паслядоўная работа. Праводзіцца шэраг разнастайных выхаваўчых, спартыўных мерапрыемстваў і спаборніцтваў. Навучэнцы максімальна далучаны да заняткаў фізічнай культурай і спортам. Значная ўвага ўдзяляецца пытанням фарміравання здаровага ладу жыцця ў рамках вывучэння вучэбных прадметаў.

Шэраг праектаў па фарміраванні здаровага асяроддзя не мае меж і працягваецца з году ў год. Так, Міністэрствам адукацыі сумесна з Міністэрствам аховы здароўя рэалізоўваецца міжведамасны інфармацыйны праект “Школа — тэрыторыя здароўя”. У мінулым годзе прайшоў рэспубліканскі конкурс сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі на лепшую рэалізацыю гэтага праекта. Аналагічны конкурс пройдзе і сёлета. Для ўстаноў вышэйшай адукацыі падрыхтаваны рэспубліканскі прафілактычны праект “Мой стыль жыцця сёння — маё здароўе і поспех заў­тра”. Нашым міністэрствам сумесна з Рэспубліканскім інстытутам вышэйшай школы распрацоўваецца праект палажэння аб правядзенні рэспубліканскага конкурсу “Універсітэт здаровага ладу жыцця”. Акрамя таго, галіновым міністэрствам сумесна з зацікаўленымі структурамі пастаянна праводзіцца мэтанакіраваная работа  па прафілактыцы наркатычнай, нікацінавай і алкагольнай залежнасці, фарміраванні і прапагандзе здаровага ладу жыцця. Кожны год удасканальваюцца формы і метады гэтай работы, вядзецца пошук найбольш эфектыўных сродкаў для таго, каб наша моладзь была здаровай і спартыўнай.

— Сёлета будзе адзначацца 75-я гадавіна вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а ў 2020-м — 75-я гадавіна перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Якія мерапрыемствы вы запланавалі з гэтай нагоды?

— Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь створаны Рэспубліканскі арганізацыйны камітэт і  зацверджаны План падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемстваў па святкаванні 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

З нагоды святкавання гэтых юбілейных дат мы будзем працягваць праводзіць акцыі і мерапрыемствы грамадзянскай і ваенна-патрыятычнай накіраванасці; шэфстваваць над удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, працаўнікамі тылу і сем’ямі загінуўшых ваеннаслужачых; актывізуем пошукава-даследчую і турысцка-краязнаўчую работу; будзем выкарыстоўваць патэнцыял музеяў устаноў адукацыі; узаемадзейнічаць з вайсковымі часцямі і падраздзяленнямі; праводзіць ваенна-спартыўныя мерапрыемствы, удзельнічаць у рэспубліканскіх і рэгіянальных мерапрыемствах разам з тэрытарыяльнымі камітэтамі БРСМ; створым на сайтах устаноў адукацыі спецыяльны раздзел альбо рубрыку “Вялікай Перамозе  — 75”,  будзем асвятляць на сайтах і інфармацыйных стэндах устаноў адукацыі мерапрыемствы, прысвечаныя святкаванню юбілейных дат.

З гэтага года ва ўстановах адукацыі краіны распачата рэспубліканская героіка-патрыятычная акцыя “Вялікай Перамозе — 75!”, якая ўключае конкурс “Не гасне летапіс перамог”, конкурс музеяў баявой славы “Іх подзвіг мы ў сэрцы захоў­ваем”, рэспубліканскі злёт пошукавых атрадаў  “Мы — нашчадкі Перамогі”, рэспубліканскі форум музеяў устаноў адукацыі “Памяць народа ў надзейных руках маладых” і іншыя мерапрыемствы.

Ва ўсіх установах адукацыі ў маі пройдуць традыцыйныя мітынгі-рэквіемы ля мемарыяльных комплексаў, на месцах пахаванняў герояў Вялікай Айчыннай вайны. Творчыя калектывы навучэнскай моладзі прымуць актыўны ўдзел у раённых, гарадскіх і рэспубліканскіх святочных праграмах, прысвечаных Дню Перамогі. У бібліятэках устаноў адукацыі будуць размешчаны тэматычныя выставы.

— Наперадзе нас чакае яшчэ адзін важны для краіны юбілей — 100-годдзе Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі Беларусі.

— Прэм’ер-міністрам нашай краіны падпісана распара­джэнне “Аб стварэнні Рэспубліканскага арганізацыйнага камі­тэта па падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі Беларусі”. Зараз працуем над распрацоўкай плана мерапрыем­стваў, прысвечаных юбілею. У плане будзе прадугледжана правядзенне ўрачыстых мерапрыемстваў як у сталіцы, так і ў рэгіёнах, на высокім арганізацыйным узроўні. Выдадзена кніга “У рытме імклівых гадоў… Нарысы гісторыі камсамола Беларусі”, прысвечаная 100-годдзю Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі. Вядзецца работа над выданнем, прысвечаным 100-годдзю Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі Беларусі, і таксама кнігі “Студатрадаўскі рух у Беларусі: гісторыя і сучаснасць”.

Інтэрв’ю ўзяла Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.