Брэнд здароўе

- 14:41Адукацыйная прастора

“Ведаць павінны і дарослыя, і дзеці, што здароўе — галоўнае на свеце!” — пад такім дэвізам прайшло свята здароўя на базе аздараўленчага лагера з кругласутачным знаходжаннем “Юнацтва” ў вёсцы Пышкі Гродзенскага раёна. Гэта толькі адно з мерапрыемстваў традыцыйнай акцыі “Лета на здароўе”, якую з 2011 года сумесна праводзяць Гродзенскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, галоўнае ўпраўленне аховы здароўя і галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. Пра такую важную акцыю, яе мэты, вынікі гутарым з метадыстам аддзела грамадскага здароўя Гродзенскага АЦГЭіГЗ Ж.І.СКІБАЙ.

— Жанна Ігараўна, як праводзіцца акцыя “Лета на здароўе”? Якія мэты ставяць усе яе ўдзельнікі?

— Акцыя праходзіць у Гродзенскай вобласці з 1 чэрвеня па 25 жніўня ва ўсіх аздараўленчых лагерах і цэнтрах з дзённым і кругласутачным знаходжаннем дзяцей. Галоўная мэта — выхаванне ў дзяцей і падлеткаў устойлівай жыццёвай пазіцыі: “Я за здаровы лад жыцця”.

На працягу трох летніх месяцаў медыцынскія работнікі праводзяць мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне ўзроўню інфармаванасці дзяцей і падлеткаў пра фактары, якія ўплываюць на здароўе чалавека, фарміраванне навыкаў адказных адносін да свайго здароўя, устойлівай матывацыі да заняткаў фізічнай культурай.

— Каб дзеці ўспрынялі такую інфармацыю, трэба і падаваць яе незвычайна, цікава, запамінальна. Якія формы работы вы выкарыстоўваеце?

— Інфармацыйна-забаўляльны характар мерапрыемстваў акцыі дае дзецям магчымасць папоўніць веды па асноўных аспектах здароўезберажэння, прывіць навыкі асабістай гігіены, сфарміраваць уменне супрацьстаяць націску ў дачыненні да шкодных звычак, праявіць творчасць і актыўнасць.

Так, у летніку “Юнацтва” разам з урачом-валеолагам самыя маленькія адпачывальнікі, выканаўшы комплекс фізічных практыкаванняў пад музыку, адправіліся на стадыён для ўдзелу ў спартландыі. На пляцоўцы “Смачнае і карыснае” хлопчыкі і дзяўчынкі з энтузіязмам падтрымалі ідэю стварэння агароднінных шэдэўраў, прадэманстравалі фантазію і майстэрства. У іх умелых руках дары прыроды ператварыліся ў пацешныя цацкі. У ход пайшло ўсё: морква і кабачкі, памідоры і агуркі, галінкі, папера, лісце.

Творчая пляцоўка аб’яднала тых, хто фарбамі і алоўкамі тварыў здароўе на паперы. Каб атрымаць уласнае чароўнае “дрэва здароўя”, кожны ўдзельнік павінен быў прадэманстраваць веданне асноў здаровага ладу жыцця. Дзеці “вырасцілі” карысныя прадукты, прадметы асабістай гігіены, спартыўны інвентар, добры настрой — усё тое, што робіць чалавека дужым.

Паспрабаваць сябе ў ролі кансультантаў імправізаванай гарачай лініі па пытаннях ВІЧ-інфекцыі падлеткі змаглі на станцыі “Прафілактычная”.

У летніку “Купалінка” (Гродна) прайшла конкурсна-гульнявая праграма “Нацыянальны брэнд “Здароўе”. Спецыялісты аддзела грамадскага здароўя Гродзенскага абласнога ЦГЭіГЗ у нестандартнай займальнай форме пагаварылі з дзецьмі, як у сучасным свеце не страціць, а захаваць і прымножыць сваё здароўе.

— Што вы лічыце самым галоўным у правядзенні такой штогадовай акцыі?

— Кожны год праводзяцца новыя мерапрыемствы, а гэта значыць, што і медыцынскія работнікі знаходзяць нестандартныя шляхі прапаганды здаровага ладу жыцця. У канцы летняга сезона мы падагульняем вынікі і бачым, што зроблена, а што яшчэ трэба зрабіць, каб данесці да кожнага дзіцяці галоўную думку: калі чалавек з дзяцінства навучыцца беражліва ставіцца да свайго здароўя, ён праносіць гэтае ўменне праз усё жыццё. Здароўе — прыгажосць і поспех. Яно дае магчымасць дасягнуць пастаўленых мэт і ажыццявіць запаветныя мары.

Падрыхтавала
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.