Брэст… вершаваны

Некалькі месяцаў назад на трох будынках у цэнтры Брэста з’явіліся роспісы з вершамі Максіма Багдановіча, Ніны Мацяш і Генадзя Бураўкіна. З іх пачаўся праект #vershybrest, ініцыятарам якога стаў дзесяцікласнік Дзяніс Рабчук з гімназіі № 1. Ён са сваёй камандай плануе перанесці чарговыя паэтычныя радкі яшчэ на некалькі сцен. Дзе, якія і навошта — Дзяніс раскажа на маладзёжнай канферэнцыі [email protected] у маі. Там ён выступіць як адзін з 10 пераможцаў конкурсу “Першыя”, арганізаванага кампаніяй А1 пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Беларусі.

Да нядаўняга часу падлетак захапляўся толькі геаграфіяй і ін­тэлектуальнай гульнёй “Што? Дзе? Калі?”. Удзельнічаў у міжнародных алімпіядах і розных турнірах. Вядзе нават анлайн-турнір “Свая гульня” ў Telegram. Цяпер да любімых спраў дабавілася ініцыятыва #vershybrest.

Усё пачалося пасля леташняй паездкі ў Львоў, дзе хлопцу ўвесь час трапляліся на вочы вершы ўкраінскіх паэтаў, напісаныя на сценах. Дзяніса апанавала ідэя пазнаёміць брэстаўчан з беларускай паэзіяй праз стрыт-арт. Неўзабаве жаданне супала з магчымасцямі: школьнік выйграў конкурс міні-грантаў і атрымаў сродкі для пачатку праекта. У выніку на цэнтральных вуліцах горада над Бугам з’явіліся 3 муралы: “Санет” Максіма Багдановіча, “Без цябе” Ніны Мацяш і “Атруці мяне вясновым хмелем” Генадзя Бураўкіна.

— Хочацца, каб роднай мовы было больш у адкрытай прасторы і людзі бачылі, што айчынная паэзія — гэта не тэксты з падручнікаў, а жывы і прыгожы арганізм, — гаворыць Дзяніс. — Імкнуся з сябрамі, якія мне дапамагаюць, расказаць людзям пра стрыт-арт, каб яны не ўспрымалі вулічныя роспісы як праявы вандалізму.

Гарадскія ўлады падтрымалі ідэю падлетка і ўзгаднілі яшчэ некалькі месцаў, дзе неўзабаве з’явяцца 3 новыя муралы: “О Беларусь, мая шыпшына” Уладзіміра Дубоўкі, “Ты пакліч мяне, пазаві” Яўгеніі Янішчыц і “Іх далячыні развялі” Алеся Разанава.

Сродкі для працягу праекта старшакласнік збірае праз краўдфандынг. Сабраныя грошы пойдуць на фарбы, трафарэты і аплату працы мастакоў і дызайнераў. Хлопец марыць, каб на вуліцах Брэста з’явіліся яшчэ 20 муралаў.

— Вельмі хочацца, каб мы больш шанавалі родную культуру і мову, пашыралі свой кругагляд, — расказвае Дзяніс. — Было б класна, каб іншыя, натхніўшыся праектам #vershybrest, рабілі нешта падобнае ў сваіх гарадах!

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.