Брэсцкая лыжня сабрала педагогаў

Каля 160 удзельнікаў і больш за тысячу балельшчыкаў сабралі спаборніцтвы па лыжных гонках сярод работнікаў сістэмы адукацыі Брэста, якія прайшлі на лыжа-ролернай трасе вяслярнага канала. Лыжня праводзілася ў рамках круглагадовай гарадской спартакіяды “Здароўе – 2019”.

У спаборніцтвах, арганізаваных гарадскім аддзелам па адукацыі, удзельнічалі 40 каманд па 4 настаўнікі ў кожнай. Вучні падбадзёрвалі педагогаў з трыбун і ўздоўж трасы, дзе стаялі з яркімі маляўнічымі плакатамі.

Адкрываючы лыжню, старшыня Брэсцкага гарвыканкама А.С.Рагачук сказаў, што галоўнымі мэтамі мерапрыемства з’яўляюцца ўмацаванне здароўя і фізічнай падрыхтоўкі, прапаганда здаровага ладу жыцця і развіццё лыжнага спорту сярод школьнікаў.

— Педагогі павінны ўласным прыкладам паказаць, наколькі захапляльныя і карысныя зімнія віды спорту, — адзначыў кіраўнік горада.

Па выніках напружанай барацьбы лепшай аказалася каманда лыжнікаў з сярэдняй школы № 10. На 2-м месцы — прадстаўнікі сярэдняй школы № 33, на 3-м — сярэдняй школы № 5. Каманды-пераможцы і прызёры спаборніцтваў атрымалі кубкі і дыпломы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.