Брэсцкія школьнікі падарожнічаюць па родным горадзе з дапамогай VR-тэхналогій

- 10:04Новости

Дзякуючы віртуальнай реальнасці, дзеці лепш засвойваюць новыя веды, развіваюць розныя кампетэнцыі і паляпшаюць функцыянальную дасведчанасць у цэлым, расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” настаўніца англійскай мовы Юлія Козіна з брэсцкай сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава. 

— VR-падарожжы і VR-квест-экскурсіі ў праектна-даследчай дзейнасці эфектыўна фарміруюць у вучняў навыкі, неабходныя ў рэальных жыццёвых сітуацыях: разумець і аналізаваць прачытаныя тэксты, ра­шаць матэматычныя задачы прыкладнога характару, прымяняць навуковыя канцэпцыі і метады, працаваць з інфармацыйнымі тэхналогіямі, — гаворыць Юлія Козіна.

VR-тэхналогіі дазваляюць візуаліза­ваць канцэпты, якія цяжка ўявіць у рэальным жыцці, ці аддаленыя месцы, дзе немагчыма знаходзіцца ў пэўны момант. Усё гэта робіць навучанне інтэрактыўным і захапляльным.

VR-падарожжы і VR-квест-экскурсіі — гэта форма вучэбнага кантэнту на аснове віртуальнай рэальнасці для стварэння інтэрактыўных візуальных асяроддзяў. Так, вучні віртуальна падарожнічаюць па Брэстчыне, дыстанцыйна ўзаемадзейнічаюць з рознымі аб’ектамі, даследуюць аддаленыя лакацыі, вырашаюць рэальныя жыццёвыя сітуацыі, напрыклад, знайсці гасцініцу, абмяняць грошы, сесці ў грамадскі транспарт… Стварэнне віртуальных экскурсійных маршрутаў патрабуе ад школьнікаў асваення спецыялізаванага праграмнага забеспячэння, каманднай работы, вывучэння гістарычных, геаграфічных і культурных крыніц.

Па словах педагога, перавагі VR-тэхналогій відавочныя, бо яны дазваляюць “наведаць” вядомыя гістарычныя мясціны, навуковыя лабараторыі ці нават далёкія планеты, даследаваць складаныя канцэпцыі без рызыкі для здароўя і з улікам ведаў вучняў.

Квест-экскурсія — гэта адукацыйная гульнявая задача, якая спалучае элементы прыгод і навучання. Дзеці рашаюць задачы, адказваюць на пытанні, выконваюць заданні. Віртуальныя экспедыцыі могуць стварацца на аснове даследчых праектаў па розных прадметах ці на іх узаемасувязі.

Ва ўстанове адукацыі паспяхова рэалізавалі праект “Brest VR — віртуальныя квест-падарожжы”, дзе школьнікі не толькі распрацавалі экскурсійныя VR-маршруты па гістарычных мясцінах горада, але і вывучылі яго культурную спадчыну праз інтэрактыўнае ўзаемадзеянне ў віртуальным асяроддзі.

— Праект дазволіў стварыць інтэрактыўную адукацыйную платформу з цыклам аўтарскіх адукацыйных квест-тураў, якія дазваляюць вывучаць гісторыю і культуру Брэста падчас віртуальных прагулак па гарадскіх вуліцах, — расказвае Юлія Козіна. — Акрамя таго, такая работа дапамагла ўдзельнікам даведацца шмат новага пра родны горад, арганізаваць цікавыя мерапрыемствы. Туры можна выкарыстоўваць на ўроках гісторыі, геаграфіі, матэматыкі і замежнай мовы, на класных і інфармацыйных гадзінах, у рабоце краязнаўчага музея, а таксама ў пазаўрочнай дзейнасці. Так, гэтыя туры неаднаразова ўдзельнічалі ў міжнародных праектах, якія дазволілі вучням ЗША, В’етнама, Японіі, Паўднёвай Афрыкі і Мексікі бліжэй азнаёміцца з прыгажосцю Брэстчыны.

На ХVI Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” праект “Віртуальныя квест-падарожжы на адукацыйна-турыстычнай платформе “Brest VR” у намінацыі “Віртуальная экскурсія” атрымаў дыплом ІІ супені.

Ролю віртуальных тураў і квестаў у захаванні і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны горада над Бугам цяжка пераацаніць. Дзякуючы ім, у Брэсце могуць пабываць жыхары розных краін свету без яго наведвання. Разам з тым VR-туры, у тым ліку англамоўныя, добра прыцягваюць увагу да горада з боку турыстаў і даследчыкаў, якія даведваюцца цікавыя факты пра абласны цэнтр і людзей, у гонар якіх названы вуліцы.  

— У віртуальны тур можна адправіцца на любых прыладах: мабільных тэлефонах, планшэтах, камп’ютарах, мультыбордах, — працягвае Юлія Козіна. — Для поўнага пагружэння лепш скарыстацца акулярамі віртуальнай рэальнасці, якія можна вырабіць самастойна. Нашы вучні так і зрабілі падчас работы VR-летніка.

Азнаёміцца з прыкладамі VR-падарожжа па вуліцы Савецкай Брэста і VR-квеста “Іх імёнамі названы вуліцы Брэста” можна з дапамогай QR-кодаў:

 Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фотаскан прадастаўлены ўстановай адукацыі