Bring Your Own Device, або Мабільныя тэхналогіі на ўроках англійскай мовы

- 15:01Адукацыйная прастора

Навучыць школьнікаў свабодна і нязмушана размаўляць на замежнай мове — задача не з лёгкіх. Каб зматываваць навучэнцаў, разнастаіць і інтэнсіфікаваць вучэбны працэс, рэалізаваць індывідуальны падыход, сталічныя педагогі выкарыстоўваюць магчымасці інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Вопытам сваёй работы яны падзяліліся на адкрытай Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Дарожная карта інфарматызацыі: ад мэты да выніку”.

BYOD-тэхналогіі на ўроку

У час развіцця тэхналогій і інтэрнэту класічная сістэма адукацыі ўступае месца інтэрактыўным метадам навучання, якія можна рэалізаваць пры дапамозе новых тэхналогій. Вопыт выкарыстання BYOD-тэхналогіі для фарміравання іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў прадставіла настаўніца англійскай мовы гімназіі № 10 Мінска Юлія Уладзіміраўна Афанасенкава.

— BYOD-тэхналогіі (Bring Your Own Device — прынясі сваю ўласную прыладу) — гэта новы напрамак інфарматызацыі адукацыі, які ўжо складана не браць у разлік, калі гаворка ідзе пра школьны інтэрактыў, — адзна­чае настаўніца. — Сэнс BYOD у адукацыі заключаецца ў тым, што настаўнікі не забараняюць, а ўсяляк матывуюць навучэнцаў на тое, каб яны прыносілі ў школу свае планшэты і смартфоны для ўключэння іх у вучэбную дзейнасць. Гэта зручна (адкрываецца магчымасць атрымлі­ваць доступ да вучэбных матэрыялаў у любы час і ў любым месцы), мае патэнцыял для стварэння новых мадэ­лей выкладання.

У сувязі з узрастаннем ролі візуалізацыі Ю.У.Афанасенкава на ўроках прымяняе код хуткага адказу (Quick Response Code), або QR-код — гэта штрых-код, у якім закадзіраваны тэкст, гіперспасылка, тэлефон ці нават цэлая візітоўка. QR-коды вельмі папулярныя, бо іх лёгка ствараць (www.qrcode-monkey.com) і выкарыстоўваць на ўсіх этапах урока. QR-код надае заняткам інтэрактыўнасць і пашырае іх змест дадатковым матэрыялам. У цяперашні час набіраюць папулярнасць QR-квесты, якія таксама лёгка ствараць, калі выкарыстоўваць сэрвіс www.classtools.net/QR/.

У практыцы работы Юлія Уладзіміраўна звяртаецца да інструмента для стварэння аблокаў слоў WordArt (https://wordart.com), які адрозніваецца простым, зручным і інтуітыўна зразумелым інтэрфейсам і дазваляе візуалізаваць інфармацыю; інструмента AnswerGarden (https://answergarden.ch/), які дае магчы­масць стварыць воблака слоў з адказаў навучэнцаў на пытанне. Гэта актуальна пры выказванні думак, увядзенні ў тэму, рэфлексіі і г.д. Цікава, што з атрыманага воблака слоў можна згенерыраваць QR-код, адрэдагаваць варыянты адказаў навучэнцаў.

Ментальныя карты дапамагаюць структураваць інфармацыю і ператвараць думкі ў наглядныя схемы. Для работы на платформе Android і IOS Ю.У.Афанасенкава разам з навучэнцамі звяртаецца да дадатку XMind, які адрозніваецца шырокімі магчымасцямі рэдагавання, а таксама магчымасцю захавання свайго прадукту ў фармаце pdf або png у воблачных сховішчах (Google Дыск).

Сацыяльная і адукацыйная відэапрэзентацыя Flipgrid (https://flipgrid.com)  — прос­тая ў выкарыстанні тэхналогія відэазносін з класам. Навучэнцы абменьваюцца відэасюжэтамі, якія можна запісваць самастойна пры дапамозе свайго дэвайса або загружаць з іншых рэсурсаў. Па меркаванні Ю.У.Афанасенкавай, Flipgrid  — гэта аптымальны інструмент для настаўніка і вучняў, які дазваляе, акрамя традыцыйных акадэмічных ведаў, набываць навыкі сацыяльнага ўзаемадзеяння. Ён прымяняецца для стварэння жывога часопіса, у якім вучні выказваюць сваё меркаванне аб пэўнай праблеме, або для бліцрэпартажаў, бо запіс кароткіх відэапаведамленняў дапамагае дзецям лаканічна фармуляваць свае думкі.

Для арганізацыі інтэрактыўнага ўзаемадзеяння, правядзення мазгавых штурмаў, прадстаўлення праектаў Юлія Уладзіміраўна прымяняе інструмент Line (https://en.linoit.com) — гэта бясплатная віртуальная пляцоўка з шматкарыстальніцкім доступам па генерыраванні ідэй і абмене інфармацыяй (малюнкі, дакументы, відэа, спасылкі). Акрамя таго, настаўніца актыўна выкарыстоўвае патэнцыял рэсурсаў глабальнай сеткі інтэрнэт і стварае інтэрактыўныя заданні-трэнажоры (http://learningapps.org, www.quizalize.com, www.triventy.com), вучэбныя гульні (https: / / quizlet.com), відэафрагменты з тэкставымі нататкамі, пытаннямі і заданнямі да іх (https://edpuzzle.com) або разам з вучнямі агучвае аніміраваных персанажаў (www.voki.com).

У інтэрактыўным асяроддзі

Настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 152 Мінска Юлія Валер’еўна Аляшкевіч падзялілася вопытам выкарыстання на занятках шэрага іншых мабільных дадаткаў.

Абсалютны і правераны спосаб запамінання лексічных адзінак — шматразовае іх паўтарэнне і выкарыстанне ў кантэксце. Мабільны дадатак з наборамі картак для вывучэння мовы Quizlet дастаткова просты ў выкарыстанні інструмент. Сярод пераваг дадатку — рэалізацыя тэхналогіі “Перавернуты клас” або дыстанцыйнага навучання (навучэнец атрымлівае матэрыял да пачатку ўрока, прайграе разнастайныя заданні дома, у выніку этап увядзення новай лексікі настаўніца апускае, эканомячы час на актыўныя віды дзейнасці, гаварэнне), павышэнне цікавасці і матывацыі да вывучэння мовы (пры атрыманні новага набору картак кожнае дзіця з’яўляецца яго карыстальнікам і можа сачыць за хуткасцю выканання заданняў іншымі членамі групы, у яго ёсць магчымасць пастаянна паляпшаць свой вынік і рэйтынг). Таксама гэта практычная замена папяроваму “слоўніку для запісу замежных слоў”, дзе слупок з транскрыпцыяй — гэта значок “агучыць” у дадатку. Вучань можа самастойна знаходзіць наборы картак, рэдагаваць іх і дзяліцца з групай.

Мабільны дадатак Irvy The Cat (прапануецца для iOS) распрацаваны для вывучэння і запамінання няправільных дзеясловаў. Па­дзелены на некалькі ўзроўняў, кожны дзеяслоў суправаджаецца ілюстрацыяй, што палягчае запамінанне, выклікае асацыяцыі і павышае цікавасць. Вывучэнне 3 форм дзеясловаў магчыма ўжо ў 5 класе (вучэбная праграма прапануе дзве формы). Як лічыць настаўніца, дзіця можа самастойна і без асаблівых намаганняў выву­чыць усе формы адразу, каб пазбегнуць праблем з часамі групы Perfect на наступнай прыступцы навучання.

Тэхналогія сучаснага апытання навучэнцаў Plickers — інтэрактыўны мабільны дадатак для ахопу вялікай аўдыторыі за мінімум часу. Кожнае дзіця атрымлівае картку, з якой счытваецца код, дазваляючы адлюстроў­ваць інфармацыю ў выглядзе дыяграмы або графіка з вынікамі кожнага ўдзельніка апытання і з агульным звядзеннем вынікаў.

Дадатак Canva — рэдактар фота для графічнага дызайну на аснове шаблонаў і макетаў — дапамагае старшакласнікам у праект­най дзейнасці, у прыватнасці ў тэмах, звязаных з мастацтвам, музыкай, літаратурай: стварае вокладкі, флаеры, постары, візітныя карткі, рэзюмэ, захоўваючы іх у фармаце, зручным для друку.

Перакладны слоўнік Reverso Context Ю.В.Аляшкевіч выкарыстоўвае пры рабоце з перакладам (педагогу не трэба прыдумляць прыклады, можна ўзяць аўтэнтычныя), з мнагазначнымі словамі (напрыклад, навучэнцам прапануецца знайсці значэнне таго ці іншага слова і прывесці прыклады), з моўнымі рэаліямі (даецца заданне знайсці дзея­словы, якія могуць выкарыстоўвацца з прапанаваным назоўнікам і г.д.).

Мабільныя дадаткі дазваляюць ства­раць інтэрактыўнае асяроддзе ва ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці, павышаюць ціка­васць і матывацыю да вывучэння, ператвараюць колькасць матэрыялу, які вывучаецца, у якасць ведаў. І гэта пры тым, што асобныя дадаткі не адносяцца да распрацаваных для засваення мовы, але з’яўляюцца карысным інструментарыем у адукацыйным асяроддзі, — лічыць Ю.В.Аляшкевіч.

Пры дапамозе імітацыйнага гаварэння

Настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 84 Мінска Вольга Іванаўна Вазнюк расказала пра выкарыстанне мабільнага дадатку TalkEnglish.

На думку педагога, мабільныя дадаткі даюць магчымасць кожнаму карыстальніку падабраць тое, што будзе адказваць заяўленым патрабаванням.

Сярод мноства дадаткаў, прадстаўленых распрацоўшчыкамі для Android і iPhone, найбольш актуальныя і прымальныя для навучання замежнай мове TalkEnglish, English Speaking Practice, Basic English for Beginners, English Grammar Book, Learn English for Kids and Children. Кожны з прадстаўленых варыянтаў мае мэту навучыць іншамоўным зносінам пры дапамозе распрацаваных паўрочных комплексаў практыкаванняў, накіраваных на развіццё маўленчых уменняў школьнікаў.

Галоўнай задачай дадатку TalkEnglish з’яўляецца непасрэдна навучанне маўленню праз успрыманне і разуменне іншамоўнага маўлення на слых у цеснай узаемасувязі з чытаннем. У замежнай метадычнай літаратуры такі прыём атрымаў назву “імітацыйнае гаварэнне”. Прынцып работы ў дадатку грунтуецца на выкананні комплексу практыкаванняў па трох відах маўленчай дзейнасці. Дадатак уключае некалькі раздзелаў: урокі гутарковай мовы, аўдзіраванне на англійскай мове, дадатковыя ўрокі. Перш чым выбраць тэматыку раздзела, навучэнец выбірае свой узровень валодання замежнай мовай. У кожным раз­дзеле матэрыял прадстаўлены варыятыўнымі сітуацыямі зносін. Незалежна ад маўленчай сітуацыі работа навучэнцаў у дадатку ажыццяўляецца ў наступнай паслядоўнасці: успрыманне і разуменне іншамоўнага маўлення на слых; выкананне практыкаванняў па праслуханым тэксце; адпрацоўка маўленчых узораў на аснове імітацыі; запіс сваёй прамовы на мабільную прыладу; праслухоўванне ўласнага маўленчага прадукту з мэтай яго далейшага выкарыстання на вучэбных занятках.

— Работа педагога зводзіцца да кантролю за выкананнем задання на вучэбных занятках пры дапамозе мадэлявання падобнай сітуацыі зносін для адпрацоўкі атрыманых навыкаў у нестандартнай сітуацыі або ў рамках зададзенай тэматыкі, — тлумачыць Вольга Іванаўна. — Асноўнымі перавагамі TalkEnglish з’яўляюцца прастата выкарыстання, наяўнасць афлайн-версіі, мінімальныя сістэмныя патрабаванні, магчымасць выкарыстання матэрыялу на факультатыўных і дадатковых занятках, захоўванне гатовых файлаў на сваім мабільным тэлефоне для далейшай карэкцыі ў выпадку неабходнасці. Сярод недахопаў дадатку — наяўнасць доступу да інтэрнэту пры рабоце з матэрыяламі ўрока і выкарыстанне платнага кантэнту.

Падчысці сваю англійскую

Змястоўны дыстанцыйны курс BRUSH UP YOUR ENGLISH прадставіла настаўніца англійскай мовы гімназіі № 40 Мінска Таццяна Аляксандраўна Вінярская.

— Англійскае слова CHALLENGE, можна сказаць, ужо дастаткова трывала ўвайшло ў лексікон, сучасных падлеткаў — тлума­чыць настаўніца. — Challenge — выпрабаванне, выклік, спроба сваіх сіл. Гэта тое, што патрабуе разумовых і фізічных намаганняў для паспяховага выканання і такім чынам правярае здольнасці. Падчас навучання гэтыя выпрабаванні і ёсць лесвіца да поспеху, магчымасць выпрабаваць сябе, праверыць, ці зможаш ты справіцца. Вось толькі ставяцца да іх школьнікі па-рознаму. Кагосьці гэтыя выклікі матывуюць на далейшую работу, прымушаюць сабрацца, уяўляюць для іх значную пазнавальную цікавасць. У кагосьці, наадварот, апускаюцца рукі і яны блізкія да роспачы. А прычына гэтага часцей за ўсё боязь няўдач. Вось чаму заданні тыпу “Выпрабуй сябе” эфектыўныя пры дыстанцыйным навучанні, бо знікае страх “а раптам не атрымаецца”, і матывацыя пазбягання няўдач змяняецца матывацыяй дасягнення поспеху. Ніхто не пакарае цябе, калі ты не ведаеш, ты не будзеш выглядаць недарэчна прылюдна, а значыць, можна паспрабаваць выпрабаваць сябе і, у выпадку няведання матэрыялу, нагнаць упушчанае.

Распрацаваны настаўніцай дыстанцыйны курс BRUSH UP YOUR ENGLISH — “Падчысці сваю англійскую”, размешчаны на платформе Moodle, — гэта метадычная скарбонка такіх спроб. Галоўная мэта курса — далейшае фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў. Ён змяшчае разнастайны (аўдыявізуальны, граматычны, лексічны) матэрыял для ўдасканалення ўзроўню валодання англійскай мовай і разлічаны як на тых, хто вывучае мову (навучэнцаў сярэдняй і старшай школы), так і на тых, хто хоча зрабіць яго выкладанне займальным і насычаным.

Курс уключае ў сябе 7 тэматычных блокаў, якія ахопліваюць асноўныя тэмы, што вывучаюцца ў 8 і 9 класах. Паколькі ён накіраваны на самастойную работу, яго асноўнымі інтэрактыўнымі элементамі з’яўляюцца: “Заданне” (можна назіраць у інструкцыях да short films і challenges); “Тэст” (прапануюцца розныя віды тэставых ацэначных заданняў);  “Гласарый” (пры ўвядзенні заданняў тыпу six-word stories, homophone hunt і інш.).

— Адметнай рысай курса з’яўляецца прыярытэт заданняў тыпу “Выпрабуй сябе”, а таксама навучанне на аснове міні-фільмаў. У мяне асаблівая любоў да кароткаметражных фільмаў, бо магчымасці, якія яны адкрываюць, і карысць ад іх выкарыстання ў вучэбным працэсе несумненная. Але, на жаль, у межах урока не заўсёды можна іх поўнасцю прадэманстраваць. Так, розным навучэнцам патрабуецца розны час для прагляду і выканання заданняў. Камусьці сапраўды неабходны субцітры для разумення сюжэта ці нейкай асобнай фразы. У класе не заўсёды ёсць магчымасць паўнацэнна выказацца кожнаму альбо недастаткова часу, каб падрыхтавацца да выказвання. Усё гэта магчыма, калі прапанаваныя заданні вучні выконваюць дома. Дарэчы, усе арыгінальныя кароткаметражныя фільмы суправаджаюцца аўтарскімі распрацоўкамі, — адзначае Т.А.Вінярская.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.