Бронзавы пачатак

- 16:15Спартыўныя падзеі

Рыгор Пякарскі стаў уладальнікам бронзавага медаля ў плаванні на дыстанцыі 50 м батэрфляем на Сусветнай летняй універсіядзе ў Неапалі. Яго вынік — 23,47 секунды. У фінале Р.Пякарскі абнавіў асабісты рэкорд, уступіўшы толькі залатому медалісту Янгу Вільму — 23,32 секунды (Аўстралія).

“Я пакуль яшчэ не веру, што ў мяне медаль, — адзначыў Рыгор адразу пасля выступлення. — Задаволены! Вельмі доўга ішоў да гэтага, і рады, што фінал склаўся. Гэты сезон быў вельмі няпростым, мы разам з маім трэнерам Ігарам Аляксеевічам Макеевым выканалі велізарны аб’ём работы. Вырашылі мае праблемы з тэхнікай. Сапернікаў, якія стаялі са мной на п’едэстале, я бачыў упершыню, хаця часта выязджаю на сусветныя старты. Трэба заўсёды быць гатовым да таго, што каманды могуць выставіць “цёмных конікаў”.

“Рыгор устанавіў асабісты рэкорд ужо ў паўфінале — 23,73 секунды, а ў фінале абнавіў яго, — пракаменціраваў выступленне беларускага спартсмена трэнер каманды плыўцоў на ўніверсіядзе Марк Юр’евіч Закутнеў. — Я лічу, гэтая “бронза” — яго асабісты подзвіг. Ён паказаў вынік сусветнага класа, гэта практычна кваліфікацыйны нарматыў на чэмпіянат свету, які хутка стартуе ў карэйскім Кванджу. Тут шмат у чым заслуга яго асабістага трэнера. Паўплывала і тое, што да ўніверсіяды Рыгор рыхтаваўся на Кіпры ў адкрытым басейне.

Мы ўдзячны Міністэрству адукацыі і Рэспубліканскаму цэнтру фізічнага выхавання навучэнцаў і студэнтаў за дадзеную магчымасць выступіць. Плаванне ніколі не падводзіла на Сусветных універсіядах: успомнім поспехі Аляксандры Герасімені, Яўгена Цуркіна, Святланы Хахловай, Ільі Шымановіча. Спорт вышэйшых дасягненняў павінен базіравацца на ўніверсітэцкім спорце”.

У спаборніцтвах па плаванні ўдзельнічаюць 660 атлетаў з 72 краін. Сярод іх зоркі спорту з ЗША, Расіі, Аўстраліі, Японіі, Карэі, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі.

Рыгор Пякарскі асвойвае спецыяльнасць “Менеджмент у спорце і турызме” ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова. Спартсмену 21 год. 8 ліпеня ён выступіў на ўніверсіядзе на алімпійскай дыстанцыі 100 м батэрфляем.

Наталля АЛЁХІНА.